19 сакавiка 2024, aўторак, 14:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Беларусі і Расеі адсутнічаюць легітымныя прэзідэнты і парламенты

12
У Беларусі і Расеі адсутнічаюць легітымныя прэзідэнты і парламенты
АНДРЭЙ САННІКАЎ

Пра якую «саюзную дзяржаву» можна казаць?

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», былы кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў выступіў у Таронта (Канада) на канферэнцыі, прысвечанай 80-годдзю нацысцка-савецкага пакта 1939 года. Прыводзім тэзісы ягонага выступу:

– Нельга не звярнуць увагу на тое, што многія свабодныя краіны Цэнтральнай і Усходняй Еўропы і былога СССР падтрымалі сённяшняе мерапрыемства. Аднак сярод іх няма прадстаўнікоў цяперашняй улады з Беларусі. Гэта справядліва, хоць і горка ўсведамляць, што ў адрозненне ад суседзяў твая краіна больш-менш незалежная, але не вольная.

Так, Беларусь сёння не вольная, больш за тое, у ёй кіруе дыктатар, які захапляецца і нацысцкай Нямеччынай, і таталітарным Савецкім Саюзам. У 1995 годзе Лукашэнка расхвальваў Адольфа Гітлера, называючы ягоны рэжым прыкладам для пераймання, а пазней пабудаваў пад Менскам парк ваенных забаваў пад назвай «Лінія Сталіна» і ўсталяваў там бюст яшчэ аднаго свайго героя, Іосіфа Сталіна.

У Беларусі пануе антыбеларускі рэжым, і арганізатары цалкам маюць рацыю ў тым, што не запрасілі на гэтае мерапрыемства афіцыйных асобаў.

У той самы час я хачу сказаць, што мне аказаны гонар, чым я ганаруся, прадстаўляць тут свабодную, дэмакратычную, еўрапейскую Беларусь, якая неўнікнёна зойме сваё месца побач з вамі.

Пакт Молатава-Рыбентропа, дарэчы названы тут нацысцкага-савецкім пактам, якому споўнілася 80 гадоў, сапраўды мае патрэбу ў дакладнай гістарычнай ацэнцы. Але не толькі. Важней – папярэдзіць паўтарэнне падобнага. Для гэтага неабходна ўбачыць поўную карціну таго, як лёсы народаў развязваліся і развязваюцца без іх удзелу і насуперак іх волі.

Выступаючы ў Варшаве на мемарыяльным мерапрыемстве, прысвечаным 80-й гадавіне пачатку Другой сусветнай вайны, прэзідэнтка Эстоніі Керсці Кальюлайд заявіла, што вайна для яе краіны «скончылася ўсяго 25 гадоў таму, калі нашу тэрыторыю пакінулі апошнія вагоны з тэхнікай акупацыйных войскаў. Пачатак вайны азначаў для нашых людзей, народа і дзяржавы больш за паўстагоддзя пакутаў, эканамічнага рэгрэсу і пазбаўлення волі».

Гэта ж можна сказаць пра Літву, у якой вывад савецкіх войскаў закончыўся ў 1993 годзе, і пра Латвію, дзе гэта адбылося ў 1995 годзе.

Тое самае можна сказаць і пра іншыя краіны Усходняй Еўропы.

Аднак я не магу сказаць так пра сваю краіну, пра Беларусь. Калі казаць пра падзел беларускіх земляў за апошнія 100 гадоў, што паўплывала на гісторыю сучаснай Беларусі, фактычна не дазволіла ёй стаць сапраўды незалежнай дзяржавай, то хутчэй можна казаць, што для нас яшчэ не скончылася не Другая, а Першая сусветная вайна.

Менавіта ў перыяд Першай сусветнай вайны паміж бальшавіцкай Расеяй і Цэнтральнымі дзяржавамі ў Брэст-Літоўску 3 сакавіка 1918 года была падпісаная сепаратная дамова пра раздзел Усходняй Еўропы, уключаючы Беларусь.

Аднак самай трагічнай для Беларусі была Рыжская мірная дамова 1921 года, якая паклала канец савецка-польскай вайне. Паводле гэтай дамовы Беларусь страціла 29 паветаў (тэрыторыю 113 000 квадратных кіламетраў, на якой пражывала 3,6 мільёна насельніцтва). Землі былі падзеленыя паміж Савецкай Расеяй і Польшчай. Беларускую дэлегацыю на перамовы не дапусцілі. Беларусь як бы прадстаўляла бальшавіцкая Расея, якая проста гандлявала нашай тэрыторыяй у сваіх мэтах.

УДЗЕЛЬНІКІ КАНФЕРЭНЦЫІ, ПРЫСВЕЧАНАЙ 80-ГОДДЗЮ НАЦЫСЦКАГА-САВЕЦКАГА ПАКТА 1939 ГОДА, З міністаркай замежных справаў Канады Хрыстай Фрыланд

Для Беларусі гэтыя раздзелы былі катастрафічнымі: яны не давалі нам стаць паўнавартаснай незалежнай дзяржавай. І да сёння мы змагаемся за нашу незалежнасць. Усе гэтыя «мірныя» дамовы суправаджаліся разрабаваннем нашай гісторыі, культуры, нашай спадчыны. Да сёння за межамі Беларусі знаходзіцца больш нашых нацыянальных скарбаў, чым у самой Беларусі.

У выніку пакта Молатава-Рыбентропа 1939 года адбылося ўз'яднанне часткі беларускіх земляў, але кошт за гэта быў заплачаны велізарны: на «вызваленых» землях адбывалася масавая дэпартацыя і фізічнае знішчэнне мясцовых жыхароў, якіх камуністычная ўлада меркавала нядобранадзейнымі, абмежаванне рэлігійных правоў і іншыя жахі. Заходняя Беларусь да 1941 года нагадвала канцлагер.

На жаль, урокі пакта Молатава-Рыбентропа не засвоеныя і сёння.

Дэмакратычнаму свету варта зразумець, што абарона каштоўнасцяў азначае абарону незалежнасці і тэрытарыяльнай цэласнасці дзяржаваў, а таксама свабоды народаў, а не гульні ў «сферы ўплыву», якія навязваюць аўтарытарныя і дыктатарскія рэжымы.

АНДРЭЙ САННІКАЎ, ЛІДАР РАСЕЙСКАЙ АПАЗІЦЫІ ГАРЫ КАСПАРАЎ І АМБАСАДАР УКРАІНЫ Ў КАНАДЗЕ АНДРЭЙ ШАЎЧЭНКА

Ключавы панятак тут – прэвентыўныя захады. Расейская агрэсія і экспансіянізм у рэгіёне аднавіліся не з пачаткам уварвання ва Украіну і нават не з пачаткам вайны з Грузіяй. Асновы для гэтага былі закладзеныя нават не пры Пуціну. Канцэптуальныя асновы з'явіліся адразу ж пасля дэмакратычнай рэвалюцыі ў былым Савецкім Саюзе і яго распаду. Менавіта падчас дэмакратычных пераўтварэнняў і з'яўлення незалежных дзяржаваў у Крамлі прыдумалі тэрмін «блізкае замежжа», які на першым этапе быў падтрыманы Захадам.

Гэта і было прадаўжэннем логікі нацысцкага-савецкай пакта. Дактрына «блізкага замежжа» азначала планы Крамля на кантроль над незалежнымі дзяржавамі.

Нават пры дэмакратычным прэзідэнту Ельцыну Расея не адмаўлялася ад сваіх імперскіх амбіцый. Менавіта Ельцын у 1996 годзе падпісаў з Лукашэнкам першую так званую саюзную дамову.

Пры Пуціну гэтая «пактавая логіка» развівалася з застрашлівай шпаркасцю і суправаджалася ўсебаковай мадэрнізацыяй расейскага войска.

У канчатковым рахунку гэта прывяло да вайны Расеі ў Грузіі і да расейскага ўварвання ва Украіну.

Гэтая логіка закладзеная ў новай ваеннай дактрыне Расеі, ухваленай Пуціным у снежні 2014 года. Яна мае на ўвазе ваенныя дзеянні Расеі за яе межамі для абароны суайчыннікаў. Гэтая дактрына служыць ідэалагічнай асновай падтрымкі, якую робіць Крэмль дыктатурам і апраўданнем ужывання сілы супраць мірных палітычных трансфармацый не толькі ў Расеі, але і за яе межамі.

У Беларусі гэтая логіка прыняла надзвычай небяспечную форму, на думку некаторых экспертаў яна нагадвае пакт Молатава-Рыбентропа. Гаворка ідзе пра ўказ 446, які Лукашэнка падпісаў у снежні 2016 года і які прадугледжвае ўдзел спецназаў абедзвюх краінаў у контртэрарыстычных аперацыях на тэрыторыі Расеі і Беларусі. Фактычна гэта з'яўляецца запрашэннем Расеі ўжываць сілу на тэрыторыі Беларусі.

Нацысцка-савецкі пакт павінен служыць напамінам пра небяспекі аўтарытарызму і дыктатуры.

Беларусь сёння знаходзіцца ў цяжкай сітуацыі. Можна сказаць, што для яе існуе падвойная пагроза: антыбеларускі рэжым Лукашэнкі і імпэрскі Крэмль.

Беларусь мае патрэбу ў падтрымцы сваёй барацьбы за свабоду. Такую падтрымку нескладана падаць: трэба проста перастаць гуляцца з дыктатарамі. Перастаць заахвочваць іх міжнародным прызнаннем. Перастаць узнагароджваць іх Алімпійскімі гульнямі, чэмпіянатамі свету ці лёгкаатлетычнымі матчамі Еўропа-ЗША.

Я цалкам згодны з Гары Каспаравым, які сказаў, што дыктатура – гэта дыктатура, хлусня – гэта хлусня, а забойства – гэта забойства. Рэжымы Пуціна і Лукашэнкі добра вядомыя ў свеце тым, што забіваюць сваіх палітычных апанентаў і хлусяць ва ўсім.

Неабходна прызнаць, наколькі небяспечнае паглынанне Беларусі Расеяй, і супрацьстаяць гэтаму. Сусветныя дэмакратыі павінны дакладна заявіць сёння, што не будзе ніякага прызнання спробаў Расеі і Беларусі стварыць нейкую адзіную дзяржаву, паколькі ў абедзвюх краінах адсутнічаюць легітымныя прэзідэнты і парламенты, і яны не выступаюць ад імя народаў.

Варта памятае, што, калі Захад звяртаецца да палітыкі «супакаення» ці гуляе ў «рэалпалітык», зло атакуе.

Беларусь важная для Еўропы. Беларусь важная для трансатлантычнай супольнасці. Яны без Беларусі няпоўныя.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках