26 красавiка 2024, Пятніца, 15:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Севярынец: Трэба праводзіць масавую акцыю пратэсту. Іншага шляху няма

21
Павел Севярынец: Трэба праводзіць масавую акцыю пратэсту. Іншага шляху няма
ПАВЕЛ СЕВЯРЫНЕЦ
ФОТА: SVABODA.ORG

Палітык прапануе беларусам аб'яднацца для масавай акцыі ў абарону незалежнасці.

Сустаршыня партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Павел Севярынец заяўляе ў інтэрв'ю «Радыё Свабода», што Лукашэнка - гэта не гарант незалежнасці, а вялікая праблема, і распавядае, што сёння трэба рабіць дэмакратычным сілам.

Задача - пазбавіцца ад рэжыму Лукашэнкі, які знішчае незалежнасць

- Журналісты, аналітыкі, палітычныя актывісты, проста неабыякавыя грамадзяне абмяркоўваюць інфармацыю, агучаную расейскім выданнем «Коммерсантъ» - аб інтэграцыйных дакументах, якія падпісалі прэм'ер-міністры Беларусі ды Расеі 6 верасня. Ці ўважаеце вы гэта за чарговую, не вартую ўвагі падпісаную паперу, якіх выстарчала за гады «інтэграцыі», ці на гэты раз трэба казаць аб рэальнай пагрозе беларускаму суверэнітэту?

- Насцярожвае, што пасля публікацыі не было ніякіх сур'ёзных зняпраўджванняў. І калі хаця б частка так званай «праграмы глыбокай інтэграцыі» праўда, то трэба выходзіць на вуліцы і ладзіць масавыя акцыі. Так, як гэта было ў 1996 годзе.

- Наколькі ваша меркаванне, якое вы выказалі ў «Фэйсбуку», знайшло падтрымку сярод іншых палітычных лідараў і актыўнага грамадства?

- Палітычнае таварыства адгукнулася. Мы бачым у каментарах пад паведамленнямі - жаданне дзейнічаць ёсць. Акрамя масавай вулічнай акцыі ў беларускага народа нічога не засталося. Петыцыі - гэта добра, трэба, каб іх падпісвалі тысячы людзей. Але на петыцыі ні Крэмль, ні Лукашэнка не звяртаюць увагі.

Трэба будзе выходзіць у рэал, шматтысячнымі масавымі акцыямі. Беларусам ёсць што губляць. Бо калі сюды прыйдзе Крэмль, Масква, алігархія, расейскае войска, ФСБ - мала што застанецца ад нашай краіны. Можна будзе забыцца нават пра тую мадэль выжывання, якую мае беларускае грамадства апошнія гады.

Наконт стаўлення палітычных лідараў. Найбліжэйшымі днямі мы будзем раіцца, у нас будуць магчымасці сустрэцца з палітычнымі лідарамі. І я мяркую, што тут і адзін з лідараў Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу Мікалай Статкевіч, і КХП БНФ, і блогеры, тыя, хто ўдзельнічае ў «выбарах», і тыя, хто іх ігнаруе - усе павінны аб'яднацца. Бо гаворка ідзе аб тым, быць ці не быць Беларусі незалежнай дзяржавай.

Вымалёўваецца адразу некалькі дат. 6 кастрычніка Статкевіч ужо запрасіў на плошчу Свабоды ў Менску. Там гэта будзе праходзіць у рамках «выбарчага пікету». Можна сабраць шмат людзей. Дзяды 31 кастрычніка - думаю, што трэба будзе ператвараць іх у акцыю за незалежнасць. 16 лістапада - субота перад так званым «галасаваннем», калі прыедзе шмат замежных назіральнікаў глядзець на так званыя «выбары». Я думаю, ёсць заканадаўчая магчымасць праводзіць у гэты дзень масавы пікет. І нарэшце, бліжэй да самага дня падпісання, 8 снежня - на мой погляд, гэта магла б быць самая моцная акцыя.

- Апошні год, асабліва пасля так званага «ультыматуму» расейскага прэм'ер-міністра Мядзведзева, Лукашэнка нярэдка выказваўся, што суверэнітэт непарушны, што ён ніколі больш не здасць незалежнасць і гэтак далей. І, як бачым, гэтыя выказванні маюць свой уплыў, бо многія і палітычныя аналітыкі і каментатары заяўляюць, што Лукашэнка ніколі не здасць суверэнітэт, бо гэта ягоная ўлада. Як вы ставіцеся да такой логікі?

- За апошнія месяцы мне таксама давялося чуць, нават ад паплечнікаў, што, акрамя Лукашэнкі, у Беларусі не засталося перашкод для крамлёўскага аншлюсу. Але гэты рэжым сам з дапамогай Крамля 25 гадоў расстаўляў пасткі для незалежнасці - кідаў у турмы найлепшых беларусаў, нішчыў мову, культуру, парасткі грамадзянскай супольнасці, руйнаваў эканоміку, рабаваў народ.

Цяпер некаторымі гэта не бярэцца ў разлік. Думаюць, што страх перад Крамлём раптам перарабіў гэты рэжым. Не перарабіў. Можна было б прыняць такі паварот, калі б Лукашэнка выступіў са зваротам, публічна пакаяўся, скасаваў усе кабальныя пагадненні з Расеяй, скасаваў падатак на «дармаедства», кантрактную сістэму, скарачэнне пенсійнага ўзросту і ўсе астатнія жахлівыя рэчы, якія як петлі на шыі беларусаў. Людзі не будуць абараняць пятлю на сваёй шыі.

Калі Лукашэнка хоча абараніць незалежнасць, то яму трэба даць свабоду народу, правесці свабодныя выбары і сысці самому. Выкручвацца далей не атрымліваецца, бо Расея ўзмацняе ціск, і рана ці позна затрашчаць косткі.

Нам усім трэба разумець - не Лукашэнка гарант незалежнасці. Гаранты незалежнасці - Гасподзь Бог і беларускі народ. Нават на захад асаблівай надзеі няма. Магчыма, яны будуць не супраць маральна нас падтрымаць, але, як паказвае прыклад Украіны, вельмі сур'ёзна змагацца за нашу незалежнасць не будуць гатовыя.

Нам трэба разлічваць на тую масу беларускага народа, якая пакуль спіць, якая думае, што ўсё абыдзецца, што нічога не страціцца

- Ці не адбываецца цяпер у пэўных дыскусіях падмена паняццяў, падмена мэтаў? Калі некаторыя забываюць аб ролі Лукашэнкі, праз якую і з'явілася пагроза незалежнасці, і - альбо намёкамі, альбо нават адкрыта кажуць, што, маўляў, не той час, каб выступаць супраць Лукашэнкі.

- Наша гістарычная адказнасць у тым, каб захаваць незалежнасць. Адначасова нашай адказнасцю ёсць збавенне ад рэжыму Лукашэнкі, які гэтую незалежнасць знішчае. Лукашэнка - гэта не частка развязання. Лукашэнка - гэта частка праблемы. Рана ці позна яму давядзецца сыходзіць.

Нам трэба прытрымлівацца інтарэсаў беларускага народа, а Лукашэнка выступае супраць гэтых інтарэсаў, супраць мовы, культуры, рэальнай незалежнасці. Нарэшце, ён можа проста адбіць у людзей жаданне жыць у сваёй незалежнай дзяржаве, бо гайкі закручваюцца ўсё больш.

Ёсць вельмі шмат людзей, якія шчыра вераць, што трэба выбіраць «меншае зло». Ёсць людзі, якія свядома вядуць такую палітыку, таму што ў іх разуменні гэта «рэал палітык». Ёсць людзі, якія павінны аб гэтым гаварыць, бо іх прымушаюць або ім за гэта плацяць.

Я думаю, усім цяпер трэба ўз'яднацца, каб сказаць «не» Расеі і «не» Лукашэнку. У крытычныя моманты павінна быць катэгарычнасць. Калі мы пачынаем выбіраць «меншае зло», то мы выракаем сябе на паразу. Катэгарычнасць - гэта неабходная ўмова, каб меншымі сіламі, маральнай пазіцыяй абудзіць беларускі народ.

- Мінулыя «прэзідэнцкія выбары» ў 2015 годзе ўпершыню прайшлі без плошчы, нават без падрыхтоўкі да плошчы. У тым ліку быў і такі аргумент - маўляў, калі будзе плошча, то сюды прыйдзе Пуцін. Які стратэгічны кірунак павінны выбраць апазіцыйныя сілы на выбарах 2020-га года?

- Трэба будзе ў першую чаргу рабіць папраўку на пагрозу незалежнасці. Трэба будзе ў кожным выпадку закладваць масавы выхад на вуліцу. Гэта будзе альбо пратэст супраць паглынання, якое рыхтуе Расея, альбо пратэст супраць рэжыму, альбо пратэст супраць таго і іншага. 2015 год - гэта была горкая параза, гэта быў урок для апазіцыі, наступны пасля 2010 года.

І тут мы павінны выбіраць паміж крайнасцю неабдуманага і непадрыхтаванага пратэсту, і, з другога боку, адсутнасцю пратэсту і поўным прыгнётам грамадскай актыўнасці. Залатая сярэдзіна ляжыць у плашчыні ўсеагульнага адзінства і стратэгічнай прадуманасці сваіх крокаў.

- Раней, яшчэ гадоў 10 таму і нават 5 гадоў таму, у дачыненні да Лукашэнкі ўсё было даволі празрыста. Супраць Лукашэнкі былі людзі, накіраваныя на еўрапейскі выбар, дэмакратыю, рынак. Але пасля 2014-га года з'явілася новая тэндэнцыя, калі супраць Лукашэнкі пачалі выступаць прарасейскія людзі, «крымнашысты». Як можна ўлічваць гэты аспект у палітычнай дзейнасці? Калі такі чалавек падыходзіць да апазіцыйнага пікету і кажа, што любіць Пуціна, але не любіць Лукашэнку, як на яго рэагаваць?

- Такому чалавеку трэба пастарацца дапамагчы пазбавіцца ад кашы і туману ў галаве. Трэба пастарацца жывымі прыкладамі вывесці яго на праўду пра Беларусь. Распытваць, ці добра там у Расеі, абуджаць у ім беларуса, распытваць пра ягонае жыццё, адкуль ён, бацькі адкуль. Гэта вельмі карпатлівая праца, і нярэдка няўдзячная, бо чалавека, як правіла, не пераканаеш кароткімі размовамі.

Нельга аб'ядноўвацца з прарасейскімі актывістамі супраць Лукашэнкі - Масква абавязкова гэта выкарыстоўвае.

Нам трэба разлічваць на тую масу беларускага народа, якая пакуль спіць. Яна думае, што ўсё абыдзецца, што нічога не страціцца. Паўтаруся - калі сюды прыйдзе Расея, беларусам ёсць што губляць.

Напісаць каментар 21

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках