10 траўня 2024, Пятніца, 13:21
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Bloomberg: Дачка Пуціна ўдзельнічае ў абмеркаваннях рэдагавання ДНК

10
Bloomberg: Дачка Пуціна ўдзельнічае ў абмеркаваннях рэдагавання ДНК
ФОТА: AFP

Навукоўцы хочуць атрымаць станоўчую пастанову ў гэтым пытанні ад кіраўніка Крамля.

Галоўныя расейскія генетыкі летам гэтага года правялі сустрэчу з прадстаўнікамі Міністэрства аховы здароўя і іншымі афіцыйнымі асобамі, прысвечаную праблеме рэдагавання ДНК чалавека. Адной з удзельніцаў сустрэчы была Марыя Варанцова, меркаваная дачка прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Пра гэта паведамляе агенцтва Bloomberg са спасылкай на трох удзельнікаў сустрэчы, якія захацелі захаваць ананімнасць праз канфідэнцыйны характар сустрэчы, паведамляе "Радыё Свабода".

Як піша Bloomberg, падставай для яе правядзення сталі даследаванні расейскага біёлага Дзяніса Рэбрыкава, які меў намер шляхам рэдагавання ДНК змяняць чалавечыя гены. Ідэі Рэбрыкава крытыкаваў часопіс Nature. Як піша агенцтва, цягам трох гадзінаў дачка Пуціна слухала генетыкаў, якія выказвалі розныя меркаванні. Урэшце яна выступіла з абцякальнай фармулёўкай пра тое, што "рэдагаванне чалавечай ДНК павінна быць забароненае ў прыватным сектары і абмежаванае толькі дзяржаўнымі ўстановамі для максімальнага кантролю", але пры гэтым "прагрэс нельга спыніць". Са спасылкай на пэўнага высокапастаўленага расейскага чыноўніка Bloomberg піша, што канчатковую пастанову, беручы пад увагу адчувальнасць пытання і патэнцыйныя небяспечныя наступствы, можа прыняць асабіста Пуцін.

Марыя Варанцова – кандыдатка медыцынскіх навук у галіне эндакрыналогіі. Яна працуе ў Навуковым медыцынскім цэнтры эндакрыналогіі Міністэрства аховы здароўя. Паводле звестак выдання The New Times, якое ў студзені 2016 года апублікавала вялікае расследаванне пра яе (дзе яна была названая дачкой Пуціна), свае навуковыя артыкулы яна падпісвае прозвішчам Фаасен – гэта прозвішча яе мужа, бізнэсоўца з Нідэрландаў Ёрыта Фаасена.

У красавіку сёлета паведамлялася, што Марыя Варанцова ўказам прэзідэнта ўключаная ў склад рады рэалізацыі федэральнай праграмы развіцця генетычных тэхналогій.

Раней расследаванне пра дачок Пуціна, Марыю і малодшую Кацярыну, афіцыйная інфармацыя пра якія адсутнічае, апублікавала агенцтва Reuters. Сам Пуцін не пацвярджаў і не адмаўляў, што Марыя Варанцова і Кацярына Ціханава – ягоныя дочкі. Кажучы пра дачок, ён адзначаў, што яны жывуць у Расеі і займаюцца навукай, але не кранаў падрабязнасцяў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках