26 красавiка 2024, Пятніца, 7:14
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дзевяць гадоў таму загінуў Алег Бябенін

22
Дзевяць гадоў таму загінуў Алег Бябенін

Журналіст быў знойдзены павешаным 3 верасня 2010 года на лецішчы пад Менскам.

Алег Бябенін нарадзіўся ў 1974 годзе ў горадзе Кастрама (Расейская Федэрацыя). Скончыў факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1990-х гадах працаваў намеснікам галоўнага рэдактара незалежнай беларускай газеты «Імя».

З 1998 года быў заснавальнікам і кіраўніком сайта Charter97.org. У Алега Бябеніна засталіся жонка і двое сыноў.

Праваахоўныя органы паспяшаліся паведаміць, што гэта самагубства. Аднак смерць Алега Бябеніна выклікае шмат пытанняў. Судмедэкспэрты блытаюцца нават у даце яе наступлення. Алег Бябенін не пакінуў пасля сябе ніякай цыдулкі. Сябры і калегі журналіста, якія былі на месцы здарэння, заяўляюць пра наяўнасць на ягоным целе слядоў гвалту.

Пракуратура спыніла «праверку» паводле факту смерці Алега Бябеніна праз некалькі месяцаў пасля яе пачатку, нягледзячы на патрабаванні міжнародных арганізацый і праваабаронцаў аб правядзенні належнага расследавання.

Прадстаўнікі дэмакратычнай грамадскасці заявілі пра «палітычнае забойства». Смерць Алега Бябеніна адбылася напярэдадні старту прэзідэнцкай кампаніі 2010 года, якая скончылася брутальным разгонам Плошчы ў Менску. Журналіст уваходзіў у каманду аднаго з галоўных канкурэнтаў Лукашэнкі - лідара грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэя Саннікава.

Усе памятаюць, чым скончылася супрацьстаянне з уладай для некаторых апанентаў рэжыму напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў 2001 года. Юры Захаранка, Віктар Ганчар, Анатоль Красоўскі, Дзмітрый Завадскі былі выкрадзеныя і забітыя, а расследаванне іх смерцяў не праведзена дагэтуль.

Расейскі журналіст Павел Селін: Я дагэтуль упэўнены, што гэта было забойства

«Ён быў настолькі перакананы ў сваёй праўдзе, што гэта, як мы ведаем, і прывяло яго, на жаль, да такога трагічнага канца. Я дагэтуль упэўнены, што гэта было забойства - ніхто ніколі ў жыцці мяне не пераканае, што ён мог учыніць суіцыд. Усё гэта так па-дурному і прыцягнута за вушы - усе гэтыя так званыя «довады». Я ўпэўнены, што яго забілі - і забілі за ягоныя перакананні. За тое, што ён не пайшоў на кампраміс і ішоў да канца.

Я вельмі спадзяюся, што рана ці позна - вельмі хочацца, каб рана - забойцы і заказчыкі былі знойдзеныя і пакараныя адпаведным чынам. Дыктатура не вечная. Калі-небудзь і яна скончыцца - і тады тыя, хто забіў Алега, панясуць пакаранне. Я вельмі спадзяюся, што гэта будуць менавіта тыя людзі, якія аддалі загад. А я думаю, што гэта - хто-небудзь з вышэйшага кіраўніцтва Беларусі».

Рэжысёр Юры Хашчавацкі: Улада імгненна зразумела ўнутраную сілу Алега Бябеніна

«Сыход Алега з жыцця - гэта вялікае гора, вялікая страта. Я ўпэўнены, што яму «дапамаглі» гэта зрабіць, што Алег пакінуў нас не проста так: яго ўнутраную сілу ўлада даволі хутка зразумела і, не ведаючы як з гэтым змагацца, развязала ўсё сваім жорсткім і цынічным метадам.

Для кожнага чалавека - рэдкасць, калі ён сыходзіць, а тое, што ён рабіў, працягваецца і працягваецца, на мой погляд, вельмі сур'ёзным чынам. Так што - вечная яму памяць, і яна ў працы ўсіх нас. І дзякуй Богу, што справа Алега прадаўжаецца».

Лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў: Алега Бябеніна сёння не стае нашай камандзе

«Гэта - шакавальны факт: наколькі малады чалавек, поўны сіл і магчымасцяў, пайшоў з жыцця, як я мяркую, не са сваёй волі.

Яго сёння не стае нашай камандзе, і гэта пачуццё патрэбы не прыціхае. Тым больш, што цяпер успамінаеш, кім ён быў і як ён працаваў, і разумееш, што гэта быў унікальны крызісны мэнэджар.

Ён мог канцэнтравацца неймаверна хутка ў кожнай сітуацыі і паказваць найвышэйшую эфектыўнасць. Прычым гэта тычылася як тэхнічных пытанняў, так і пытанняў стратэгічных і тактычных».

Каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка: Гэтую справу мы расследуем

«У турме КДБ дапытваючы мяне гэбісты казалі: вы ж разумееце, што Алег Бябенін памёр не проста так. Калі я спытаў: «Вы прызнаецеся ў яго забойстве?», - яны адказалі: «Гэта не мы».

Хачу сказаць: гэтую справу мы расследуем. Гэта абавязкова адбудзецца.

Напэўна, сваёй задачай у памяць пра яго я бачу дасягненне нашых мэтаў, дзеля якіх Алег змагаўся і жыў - зрабіць Беларусь свабоднай і незалежнай і вярнуць свабодную, паўнавартасную журналістыку ў нашу краіну».

Пасля змены ўлады мы абавязкова даведаемся праўду пра тое, як памёр наш калега. Крымінальная справа аб трагічнай гібелі Алега Бябеніна будзе абавязкова распачатая, і яе будуць расследаваць найлепшыя беларускія крыміналісты.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках