26 красавiка 2024, Пятніца, 10:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Хто на самай справе падараваў Лукашэнку электракар за $ 165 тысяч

44
Хто на самай справе падараваў Лукашэнку электракар за $ 165 тысяч

Дзве версіі.

Ілан Маск раней дарыў электракары. Але каму? Сваёй маці і былой дзяўчыне. Лукашэнка ў гэты шэраг ніяк не ўпісваецца.

Udf.by разбірае нашумелую гісторыю, у якой шмат дзіўных загадак.

Як «спалілі» Лукашэнку

ФОТА: BELTA.BY

Пра гісторыю з шыкоўным падарункам кіраўніку Беларусі даведаліся даволі выпадкова. Ні прэс-служба Аляксандра Лукашэнкі, ні дзяржаўнае агенцтва БелТА пра яе не паведамлялі. Але незалежныя СМІ звярнулі ўвагу на сюжэт тэлеканала СТВ, прысвечаны выступу кіраўніка краіны 2 верасня ў менскай школе №93.

«У мяне ёсць электрычная машына “Тэсла”, я часам яе тэстую. Маск падарыў», – заявіў у нейкі момант Лукашэнка школьнікам.

Мяркуючы з таго, што гэтую фразу прадэманстравалі толькі на тэлеканале СТВ і нідзе больш, у эфір яна трапіць не павінна была. З усяго відаць, адбіўся чалавечы чыннік.

ФОТА: BELTA.BY

Чаму ў праўдзівасць словаў Лукашэнкі верыцца з цяжкасцю

Па-першае, узнікае пытанне: а што ж пра падарунак Ілана Маска маўчалі так доўга? Пра тое, што Лукашэнка ездзіць на Tesla стала вядома яшчэ два гады таму. Тады гэта падавалася так, нібы кіраўніку далі пратэставаць электракар на абмежаваны час. Хто прапанаваў аўтамабіль – не паведамлялася.

Па-другое, цяжка ўявіць, што каб гэта быў падарунак самага Ілана Маска, улады страцілі б магчымасць зрабіць з гэтага піяр-акцыю. Адзін з самых вядомых і любімых людзей планеты добра ставіцца да Лукашэнкі, а ягоная прэс-служба пра гэта маўчыць? Уявіць гэта амаль немагчыма.

Па-трэцяе, такія падарункі не ў стылі Ілана Маска. Так, мільярдэр раней дарыў электракары. Але каму? Сваёй маці і былой дзяўчыне. Лукашэнка ў гэты шэраг ніяк не ўпісваецца.

І калі пару гадоў таму Маск сустрэўся з прэзідэнтам Турцыі Рэджэпам Эрдаганам, іх стасункі абышліся без дарагіх падарункаў.

ФОТА: TCCB.GOV.TR

Можна нават сцвярджаць, што падобны прэзент аўтарытарнаму лідару невялікай краіны ва Усходняй Еўропе ўдарыў бы ў рэпутацыю вынаходніка.

Дарэчы, не выключана, што калі інфармацыя дойдзе да самага Маска, ягоная кампанія вымушаная будзе выступіць з аспрэчаннем.

Дык хто падараваў Лукашэнку дарагі электракар?

У СМІ звярталі ўвагу, што Tesla ў той камплектацыі, якая была прапанаваная кіраўніку краіны два гады таму (Tesla Model S P100D), магла каштаваць ад $ 165 тысячаў. Лукашэнка быў у захапленні ад тэхнікі, ён нават выхваляўся: «Шчыра прызнаюся: праехаў 280 км/г і спалохаўся, што ён можа ўзляцець. Самалёт узлятае і садзіцца з такой хуткасцю. Вельмі добры аўтамабіль».

Дык хто падараваў Лукашэнку дарагі электракар, калі не Ілан Маск?

У якасці першай версіі можна выказаць здагадку, што абышлося без добразычліўцы і дыктатар Беларусі падараваў яго сам сабе. У СМІ падлічвалі, што за час прэзідэнцтва палітык быў заўважаны за яздой мінімум на тузіне аўтамабіляў. Аўтапарк Лукашэнкі рэгулярна абнаўляюць. Напрыклад, паўтара гады таму кітайскія бізнэсмэны падарылі яму электрамабіль Geely Emgrand EV.

І можна зразумець, чаму ўлады не хочуць апавядаць пра дарагія набыткі небагатаму насельніцтву.

Другая версія грунтуецца на досведзе папярэдніх гадоў. Не аднойчы паведамлялася пра дарагія падарункі кіраўніку Беларусі з боку расейскіх бізнэсмэнаў.

Успомнім хоць бы заяву Лукашэнкі пра тое, што «Майбах» яму падарыў на дзень нараджэння «адзін расейскі чалавек». Адзін час меркавалася, што гэтай персонай быў алігарх Міхаіл Гуцарыеў.

Дарэчы, цікавае супадзенне. Два гады таму электракар Tesla з'явіўся ў Палацы Незалежнасці ў дзень нараджэння Лукашэнкі 31 жніўня. У гэты самы дзень ён правёў сустрэчу з Гуцарыевым.

Напісаць каментар 44

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках