26 красавiка 2024, Пятніца, 15:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Эканаміст: У беларускай эканоміцы ідзе трывожны працэс

4
Эканаміст: У беларускай эканоміцы ідзе трывожны працэс
СЯРГЕЙ ЧАЛЫ

Сяргей Чалы прагназуе даволі негатыўны сцэнар для луканомікі.

Сяргей Чалы ў сваёй перадачы «Эканоміка на пальцах» прааналізаваў прагнозы эканамістаў і зрабіў сваю выснову пра перспектывы Беларусі, паведамляе «Салiдарнасць».

- Даследчы цэнтр ІПМ намаляваў свой вельмі сур'ёзны прагноз. Там шмат розных лічбаў, але важней за ўсё агульная тэндэнцыя. І вось у цэлым атрымліваецца, што 5% - гэта пазітыўны, спрыяльны сцэнар. Усё астатняе - гэта альбо стан сярэдняй паршывасці, альбо зусім дрэннае. Але шчыра скажу, што здагадкі, з якіх ІПМ робіць свае сцэнары, дастаткова мяккія і больш аптымістычныя ў параўнанні з тым, што адбываецца.

Згодна з прагнозам наш ВУП (налета) нават да 2% не мае шанцаў падабрацца, і ў доўгатэрміновай перспектыве ён будзе зніжацца. А пры негатыўным сцэнары ён загінаецца яшчэ раней... Правільна напісала Вольга Лойка: эканоміцы да фінансавага крызісу тры крокі. Прычым з вуснаў кіраўніка прадстаўніцтва Сусветнага банка ў Беларусі Аляксандра Крэмера, першы этап мы ўжо прайшлі. Таму што першы этап - гэта нізкі рост і жыццё не па сродках.

Другі этап, са слоў эканаміста, гэта рост даўгавых абавязанняў.

- І на канец - фінансавы крызіс, - адзначыў Сяргей Чалы. - І заўсёды ж Сусветны банк у нас быў самым аптымістычным у стасунках да беларускай эканомікі. А цяпер такая фармулёўка: «Мінімізаваць рызыкі пераходу ад другога этапу да трэцяга». Не прадухіліць, а мінімізаваць. Гэта значыць па сутнасці нам кажуць: мы ўсе разумеем, але вы ж самі нічога не робіце, таму мы можам прапанаваць вам толькі сцэнар абязбольвання. Гэта дыялектыка пераходу з ніадкуль у нікуды. Ідзе досыць трывожны працэс.

Эканаміст нагадаў: раней была надзея, што рост эканомікі будзе не кампенсатарным, а сапраўдным.

- А потым высветлілася, што не, так яно не працуе, а за вонкавым дабрабытам асобныя органы ў гэтым арганізме працягваюць хварэць, - сказаў экспэрт. - І паступова гэты песімізм пачынае праяўляцца амаль ва ўсіх. І нават у афіцыйным часопісе Мінфіна ўжо канстатуюць: неяк не змаглі. Не атрымліваюцца тэмпы гэтага росту.

Сяргей Чалы адзначыў: што цікава, усё гэта адбываецца на піку дабрабыту.

- Я думаю, што нас усё ж чакае не фінансавы крызіс, не нейкая вострая фаза, як гэта было раней, а мы проста спакойна пяройдзем у новую рэальнасць, такое вось паступовае, дастаткова безнадзейнае эвалюцыянаванне вакол сваіх раўнаважкіх значэнняў. Толькі гэтыя значэнні будуць усё бліжэй да нуля. Такая вось стабільнасць, як на могілках, - сказаў эканаміст.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках