26 красавiка 2024, Пятніца, 14:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Навукоўцы высветлілі, як падтрымліваць тонус цягліц без практыкаванняў

9
Навукоўцы высветлілі, як падтрымліваць тонус цягліц без практыкаванняў

Навукоўцы выявілі бялок, ад якога залежыць цягавітасць арганізма.

Вынікі даследавання апублікаваныя ў часопісе Nature Communications, паведамляе ria.ru.

Амерыканскія навукоўцы ў эксперыменце на мухах-дразафілах і мышах выявілі, што экспрэсія бялкоў сямейства сястрынаў выклікае той жа эфект, што і фізічныя практыкаванні.

Вядома, што сястрын назапашваецца ў цягліцах пасля трэніровак. У той жа час усе працяглыя фізічныя нагрузкі павышаюць трываласць мышцаў і арганізма агулам, паляпшаюць адчувальнасць да інсуліну, дабратворна ўплываюць на ўсе метабалічныя працэсы.

Даследчыкі высветлілі, што актывацыя сястрына імітуе як малекулярныя, так і фізіялагічныя наступствы практыкаванняў. Гэта значыць, гэты бялок з'яўляецца тым самым медыятарам, ад якога залежыць эфект трэніровак.

Цягам трох тыдняў аўтары назіралі за мухамі, якія па своеасаблівай бегавой дарожцы спрабавалі выбрацца з прабіркі, і параўноўвалі вынікі звычайных мух і кузурак з выключаным генам сястрыну.

«Мухі звычайна бегаюць ад чатырох да шасці гадзін, і фізічныя здольнасці нармальных мух за гэты перыяд паляпшаліся, - прыводзяцца ў прэс-рэлізе Мічыганскага ўніверсітэта словы кіраўніка даследавання Джуна Хі Лі (Jun Hee Lee). - мухам без сястрыну практыкаванні не дапамагалі».

Кузуркі з выключаным сястрынам не толькі валодалі горшай цягавітасцю, у іх зніжалася аэробная функцыя дыхання і адсутнічаў эфект спальвання тлушчаў, звязаны з фізічнымі заняткамі.

«Мы мяркуем, што сястрын каардынуе гэтыя біялагічныя дзеянні, уключаючы або адключаючы розныя метабалічныя шляхі, неабходныя для дасягнення эфекту практыкаванняў», - кажа навуковец.

Калі навукоўцы стварылі звышэкспрэсію сястрыну, павялічыўшы яго ўзровень у цягліцах, нават без трэніровак мышцы нармальных мух выглядалі лепш, чым у тых жа мух пасля фізічных практыкаванняў.

Атрыманыя вынікі адкрываюць шлях для далейшых даследаванняў, якія могуць мець рэальны практычны эфект. На думку аўтараў, сястрын здольны прадухіляць атрафію цягліц пры працяглай імабілізацыі, а таксама змагацца са старэчым высільваннем.

«Гэта вельмі важна для будучых даследаванняў і спрыяцьме лячэнню людзей, якія не могуць займацца спортам», - кажа першы аўтар даследавання Мёнджын Кім (Myungjin Kim), дацэнт кафедры малекулярнай і інтэгратыўнай фізіялогіі Мічыганскага ўніверсітэта.

Пры гэтым навукоўцы заўважаюць, што да стварэння прэпарата або харчовай дабаўкі, якая змяшчае сястрын, яшчэ вельмі далёка.

«Сястрын - гэта складаныя рэчывы. Цяпер мы спрабуем знайсці невялікія малекулы, якія будуць працаваць як мадулятары гэтага бялку», - адзначае Лі.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках