26 красавiка 2024, Пятніца, 12:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Нафта падкасіла луканоміку

7
Нафта падкасіла луканоміку

«Цуду» не здарылася.

Валавы ўнутраны прадукт Беларусі ў 2019 годзе вырас на 1,2% пры прагнозе ўладаў 4%, піша ў артыкуле на сайце naviny.by Аляксандр Ярашэвіч.

Для дырэктара Даследчага цэнтра ІПМ Аляксандра Чубрыка такі слабы рост не стаў нечаканым. Ён прапанаваў ставіцца да прагнозаў урада не як да жорсткага плана. Паводле ягоных словаў, калі мы не хочам жыць пры планавай эканоміцы, то на прагноз уладаў варта глядзець як на намеры, якім першапачаткова не наканавана было спраўдзіцца.

«Не было ніякіх планаў. Было чаканне, што адбудзецца цуд, і мы вырасцем на 4%. Але было зразумела, што цуду не адбудзецца. Кан’юнктура пагоршылася ў параўнанні з тым, што было на той момант, калі ўсё прагназавалася», – сказаў эканаміст у каментары для Naviny.by.

Брудная нафта

Значны адмоўны ўплыў на эканамічны рост зрабіла гісторыя з бруднай нафтай. У красавіку ў нафтаправод «Дружба» патрапіла сыравіна з хларыдам. Беларусь была вымушаная спыніць транзіт нафты і экспарт нафтапрадуктаў. Нафтаперапрацоўчыя заводы працавалі напалову сваіх магутнасцяў.

Беларусь пабудуе на нафтаправодзе «Дружба» пункт кантролю якасці нафты з Расеі

Яшчэ ў траўні старшыня канцэрна «Белнафтахім» Андрэй Рыбакоў заяўляў, што наступствы паступлення няякаснай нафты з Расеі негатыўна адаб'юцца на ўсёй галіне нафтахіміі. А Лукашэнка падчас візіту на завод «Нафтан» у чэрвені казаў, што Беларусь больш за ўсіх пацярпела ад бруднай нафты.

Як падлічылі эксперты Даследчага цэнтра ІПМ, скарачэнне аб'ёмаў перапрацоўкі праз пастаўкі бруднай нафты (другі квартал 2019 гады) і складаныя перамовы пра ўмовы паставак расейскай нафты на 2020 год (чацвёрты квартал 2019 гады) каштавалі Беларусі прыкладна 0,2 адсоткавага пункта гадавога прыросту ВУП .

Прыкладна такія ж страты, на іх думку, краіна панесла ад запаволення росту аптовага гандлю і транспартных перавозак. Гэта значыць, пры адсутнасці гэтых збояў рэальны ВУП вырас бы на патэнцыйныя 1,6%.

Залежнасць ад Расеі

У цэлым Аляксандр Чубрык адзначыў вялікую залежнасць беларускай эканомікі ад Расеі. Апошнія гады там скарачаюцца рэальныя прыбыткі насельніцтва, а рынак сціскаецца і не расце. У гэтых умовах расейскія ўлады спрабуюць падтрымаць сваіх вытворцаў. Беларускім кампаніям становіцца складаней канкураваць.

«Калі ў цябе асноўны рынак мала таго, што стагнуе, дык яшчэ і час ад часу спрабуе цябе адтуль выцесніць, то пра які рост без выхаду на новыя рынкі можна казаць? А выхад на новыя рынкі – гэта не проста паехаць на іншы базарчык і нешта прадаць, гэта сур'ёзная і вялікая праца, якая ў тым ліку патрабуе дзяржпадтрымкі», – сказаў дырэктар Даследчага цэнтра ІПМ.

Структурныя праблемы

Акрамя таго, эканамічнаму росту не спрыяюць структурныя праблемы, у тым ліку звязаныя з дзяржаўнымі прадпрыемствамі ды іх падтрымкай.

Паводле словаў Аляксандра Чубрыка, у Беларусі прывыклі хутка расці за кошт інвестыцый (бюджэтных рэсурсаў, знешніх пазык або крэдытаў банкаў) у буйныя праекты, эфектыўнасць якіх асабліва не прапрацоўвалася. Цяпер гэтыя традыцыйныя крыніцы росту, так ці інакш, абмежаваныя.

«І чакаць, што гэтыя традыцыйныя крыніцы росту вернуцца ў старыя залатыя часы, таксама не выпадае. Нявызначанасць структурных праблемаў накладвае вялікія абмежаванні на магчымасці эканамічнага росту, таму ў нас і ёсць патэнцыйны рост 1,5%. І ўся брудная нафта і збоі ў пастаўках чыста арыфметычна на ім адмоўна адбіваюцца», – адзначыў эканаміст.

Слабы рост

Сёлета ўрад плануе, што ВУП вырасце на 2,8%. Праўда, у праекце бюджэту закладзены кансерватыўны сцэнар у 1,9%. Даследчы цэнтр ІПМ чакае слабы рост на ўзроўні 1%.

Паводле ацэнак экспертаў, у 2020 годзе кожныя 10 адсоткавых пунктаў падзення вытворчасці нафтапрадуктаў будуць даваць зніжэнне тэмпаў прыросту рэальнага ВУП прыкладна на 0,36 адсоткавага пункта.

Калі імпарт нафты знізіцца да ўзроўню 2010 года (14,7 млн тонаў), то адмоўны ўнёсак нафтаперапрацоўкі ў прырост рэальнага ВУП складзе прыкладна 0,55 адсоткавага пункта. З улікам уплыву на транспарт і аптовы гандаль, пры такім сцэнары тэмпы росту рэальнага ВУП у 2020 годзе могуць апынуцца прыкладна на 1 адсоткавы пункт ніжэй за сцэнар, у якім пастаўкі нафты заставаліся б на ўзроўні 2019 года.

Паводле звестак «Транснафты», летась яны склалі 17,6 млн тонаў. Беларусь пакуль не заключыла з Расеяй доўгатэрміновыя кантракты на пастаўкі нафты ў гэтым годзе.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках