27 красавiка 2024, Субота, 6:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лукашэнка змяніў кіраўніцтва Генштаба, Мінабароны і Савета бяспекі

98
Лукашэнка змяніў кіраўніцтва Генштаба, Мінабароны і Савета бяспекі
АЛЯКСАНДР ВАЛЬФОВІЧ, ВІКТАР ХРЭНІН І АНДРЭЙ РАЎКОЎ
ФОТА: БЕЛТА

Дыктатар патлумачыў прызначэнні «няпростым часам».

Лукашэнка прызначыў новых кіраўнікоў міністэрства абароны, Генеральнага штаба Узброеных сіл і Савета бяспекі.

Як паведамляе дзяржагенства БелТА, міністрам абароны прызначаны Віктар Хрэнін, які раней з'яўляўся камандуючым войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. Начальнікам Генеральнага штаба ВС прызначаны Аляксандр Вальфовіч, які раней працаваў першым намеснікам начальніка Генштаба.

Былы міністр абароны Андрэй Раўкоў стаў дзяржсакратаром Савета Бяспекі.

Віктар Хрэнін

Да нядаўняга часу генерал-маёр Віктар Хрэнін камандаваў войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. На гэтай пасадзе ён працаваў чатыры з паловай гады.

Новаму міністру абароны 48 гадоў, нарадзіўся ён у горадзе Навагрудку Гарадзенскай вобласці.

У 1988-м скончыў Усурыйскае сувораўскае вайсковае вучылішча ў Расеі. А ў 1992- - Омскае вышэйшае агульнавайсковае каманднае вучылішча імя Фрунзе.

Служыў на пасадах камандзіраў мотастралковага ўзвода, выведвальнага ўзвода, выведвальнай роты, начальнікам пункта апрацоўкі інфармацыі ў камандным пункце асобнага выведвальнага батальёна. Затым працаваў намеснікам камандзіраў у асобным мотастралковым батальёне, асобным выведвальным батальёне. Пазней кіраваў асобным танкавым батальёнам, асобным гвардзейскім мотастралковым батальёнам 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады Заходняга аператыўнага камандавання (ЗАК).

У 2005 годзе Хрэнін скончыў Вайсковую акадэмію Беларусі. Пасля чаго служыў на пасадах старшага афіцэра аператыўнага аддзялення аператыўнага аддзела штаба ЗАК, намесніка камандзіра, начальніка штаба - першага намесніка камандзіра 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады ЗАК, начальніка штаба - першага намесніка камандзіра 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады ЗАК, старшага афіцэра аддзела галоўнай аператыўнай управы Генеральнага штаба Узброеных Сіл, камандзіра 6-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады ЗАК, камандзіра 11-й асобнай гвардзейскай механізаванай брыгады ЗАК, намесніка камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання.

З ліпеня 2014 года да чэрвеня 2015 года Віктар Хрэнін з'яўляўся начальнікам штаба і першым намеснікам камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання. З чэрвеня 2015 года дагэтуль камандаваў усімі войскамі ЗАК.

Андрэй Раўкоў

Андрэй Раўкоў быў прызначаны міністрам абароны ў 2014 годзе. Да гэтага займаў пасады начальніка аператыўнага аддзела - намесніка начальніка штаба Заходняга аператыўнага камандавання, а таксама начальніка штаба - першага намесніка камандуючага войскамі Паўночна-Заходняга аператыўнага камандавання.

Раўкоў нарадзіўся ў 1967 годзе ў вёсцы Равяках Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці. У 1984 годзе скончыў Менскую сувораўскую вайсковую вучэльню, у 1988-м - Маскоўскую вышэйшую агульнавайсковую камандную вучэльню, у 1999-м - Вайсковую акадэмію Рэспублікі Беларусь, у 2005 годзе - Вайсковую акадэмію Генеральнага штаба Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі. Раўкоў нават быў «абраны» «дэпутатам» Менскага абласнога савета дэпутатаў ад Барысава ў 2012 годзе.

Аляксандр Вальфовіч

Аляксандр Вальфовіч нарадзіўся ў 1967 годзе ў Казані. Ён скончыў Маскоўскае вайсковае агульнавайсковае каманднае вучылішча, камандна-штабны факультэт Вайсковай акадэміі Беларусі, Вайсковую акадэмію Генштаба Расеі. У Беларусі служыць з 1993 года.

Напісаць каментар 98

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках