26 красавiка 2024, Пятніца, 16:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Казлоў: Наша мэта – вольная Беларусь без Лукашэнкі

10
Зміцер Казлоў: Наша мэта – вольная Беларусь без Лукашэнкі
ЗМІЦЕР КАЗЛОЎ

Блогер «Шэры кот» даў інтэрв'ю пасля свайго нечаканага вызвалення.

Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Казлоў выйшаў з ізалятара часовага ўтрымання Аршанскага раёна позна ўвечары 20 студзеня. За кратамі ён правёў амаль месяц, сустрэўшы ў турме Каляды і Новы год. Наперадзе яго чакаюць яшчэ два месяцы арышту. За ўдзел у акцыях, якія прайшлі ў снежні мінулага года ў дачыненні да вядомага відэаблогера было распачата шэсць адміністрацыйных справаў, кожная з якіх скончылася арыштам на 15 сутак.

– Сёння адразу пасля вячэрняй праверкі мяне забралі з камеры і адвялі да намесніка кіраўніка Аршанскага РУУС, – апавёў прэс-службе «Еўрапейскай Беларусі» Зміцер Казлоў. – Ён, спаслаўшыся на правядзенне дэзынфекцыі ў ІЧУ, сказаў, што прыняў пастанову, каб вызваліць мяне на некалькі дзён. Мне вярнулі рэчы, намякнулі, што хутка я вярнуся назад. На самай справе, вядома, гэта не сапраўднае вызваленне, а вытанчаная форма катаванняў. Цяпер я не ведаю, калі менавіта вярнуся назад у турму. За ўсе акцыі ў мяне ўсяго 90 сутак арышту, большую частку з якіх, хутчэй за ўсё, я буду адбываць у найбліжэйшы час. Сёння мяне проста вызвалілі пад распіску, згодна з якой я павінен вярнуцца за краты на першае патрабаванне супрацоўнікаў міліцыі.

– Пра ваша затрыманне не было нічога вядома амаль пяць дзён. Як і дзе яно адбылося?

– 25 снежня, калі прыкладна ў 20.45 я прыехаў у Оршу з Менска. Затрымліваў мяне маёр Новік, якога я ўжо ведаў да гэтага. Мяне забралі проста на вакзале, пасадзілі ў машыну і даставілі ў РАУС. Натуральна, нікому патэлефанаваць магчымасці не далі. У камеры РУУС я быў да раніцы, а ўжо 26 снежня адбыўся закрыты суд. Так я атрымаў першыя 15 сутак. Праз тыдзень у мяне была яшчэ пастанова суда, потым яшчэ і яшчэ.

– Якія ўмовы ўтрымання ў ІЧУ?

– Да 31 снежня я харчаваўся тым, што там даюць, але гэта нельга назваць ежай у нармальным разуменні гэтага слова. Так, сумнеўныя прадукты, прызначаныя на тое, каб зняволены проста не памёр ад голаду. Да атрымання першай перадачы я ўвогуле не бачыў мяса.

Мае сукамернікі – звычайныя людзі, якія трапілі ў ІЧУ праз п'янку або хуліганку. Яны былі шакаваныя, што за пост у інтэрнэце можна рэальна атрымаць 15 сутак арышту. У людзей дзеянні ўлады ў дачыненні да мяне проста выклікалі здзіўлення.

– Чым па-вашаму выкліканыя такія дзеянні ўладаў?

– Думаю, гэта помста за актыўныя дзеянні ў час перадвыбарчай кампаніі, бо такой колькасці пікетаў у Оршы ніколі не было. Вядома, таксама гэта яшчэ і рэакцыя на акцыі, якія прайшлі ў Менску, на папулярнасць відэаблога. Нездарма менавіта па «Еўрапейскай Беларусі» быў нанесены асноўны ўдар напярэдадні навагодніх святаў. Думаю, улады раззлавалася яшчэ і праз мой выступ на акцыі 21 снежня

– Ці адчувалі падтрымку, знаходзячыся за кратамі?

– Вядома. Хацелася б падзякаваць сябрам і многім незнаёмым мне людзям за перадачы і лісты – іх было вельмі шмат. Я ведаў, што 9 студзеня мяне хацелі сустрэць сябры і паплечнікі, што многія з іх прыйшлі да сценаў РУУС. Я не быў у курсе ўсіх падрабязнасцяў, але тое, што была каласальная падтрымка – ведаў і адчуваў. Дзякуй усім!

– Якія найбліжэйшыя планы?

– Пакуль хачу разабрацца з камунальнымі плацяжамі, сваім блогах, перачытаць лісты. Праз тое, што на мне «вісяць» яшчэ некалькі месяцаў арышту, не магу строіць доўгатэрміновых перспектываў, але ад сваёй мэты адступаць не збіраюся. А мэта ў нас адна – вольная Беларусь без Лукашэнкі. Будзем набліжаць яе разам.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках