26 красавiка 2024, Пятніца, 14:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Прэм'ер-міністр БНР і стваральнік «крыўскай цывілізацыі»: Што мы ведаем пра Ластоўскага

Прэм'ер-міністр БНР і стваральнік «крыўскай цывілізацыі»: Што мы ведаем пра Ластоўскага
ФОТА: SVABODA.ORG

Ён быў адным з самых харызматычных дзеячаў беларускага Адраджэння.

Вацлаў Ластоўскі нарадзіўся 8 лістапада 1883 года ў маёнтку Калеснікі Дзісенскага павета (цяпер Глыбоцкі раён Віцебскай вобласці). «Мой бацька земляроб, дзед – каваль, а прадзед – бортнік», – сказаў ён пазней пра свой род. Гарачым жаданнем сялянскага сына – будучага паплечніка братоў Луцкевічаў і Янкі Купалы – было вучыцца, але ў краіне не працавалі ні беларускія школы, ні ўніверсітэты – самой Беларусі тады не было, а толькі змрочны Паўночна-Заходні край. І тады Вацлаў, за плячыма якога была толькі парафіяльная пачатковая школа, адважыўся на адчайны крок: паехаў у Пецярбург і ўладкаваўся на працу ў прыватнай студэнцкай бібліятэцы. Малады бібліятэкар шмат чытаў, а пасля працы ўпотай зазіраў у аўдыторыі ўніверсітэта «паўночнай сталіцы» імперыі, стаяў пад дзвярыма, прагна ўслухоўваючыся ў словы прафесараў, – вось яны, сапраўдныя сістэмныя веды, да якіх Вацлаў наблізіўся ўшчыльную.

Аднак паступіць вучыцца юнак не мог: няма дыплома, які дае права на гэта, і грошай таксама не было. Вацлаў вярнуўся дадому, але адчаю не было ў ягоным сэрца: ён зрабіў стаўку на самаадукацыю. І такое вялікае было ягонае жаданне вучыцца, такая моцная была ягоная воля, так шмат яркіх, самабытных талентаў утрымлівала ягоная душа, што прайшло не так ужо шмат часу і Вацлаў дамогся свайго, стаў навукоўцам – self-made men. Больш за тое, акадэмікам Нацыянальнай акадэміі навук БССР, аўтарам шматлікіх навуковых працаў! Гэта адбылося ў 1928 годзе – адбыцца ж самой краіне дасць магчымасць у тым ліку і Ластоўскі, які не пакладаючы рук працаваў на карысць Беларусі, актыўна выступаючы як публіцыст, выдавец, грамадскі дзеяч. А таксама палітык: у 1919–1922 гадах Ластоўскі ўзначальваў Кабінет Міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Зрэшты, не пра БССР – залежную частку чужароднага цэлага – марыў Ластоўскі, а пра вольную Крывію – назва не выдуманая, а ўтвораная ад назвы свабодалюбнага ўсходнеславянскага племені крывічоў, прабацькоў сучасных беларусаў. У жылах слаўнага палачаніна Усяслава Чарадзея таксама цякла іх гарачая кроў. «Як “беларусы” мы – толькi адбiццё агульнарускай iндывiдуальнасцi, нейкi “промежуток и недоумок”, – абгрунтоўваў Ластоўскі свой выбор у артыкуле «Аб назовах “Крывія” і “Беларусь”» (1925), – але як “крывiчы” – мы асобны iндывiдуум, асобнае славянскае племя са сваёй багатай мiнуўшчынай, сваёй асобнай мовай, тэрыторыяй i духовай творчасцю». Ластоўскі разумеў, наколькі важна правільна назваць сваю краіну! Бо «калі імёны няправільныя, то словы не маюць пад сабой падставаў. Калі словы не маюць пад сабой падставаў, то справы не могуць ажыццяўляцца», – вучыць галоўная кніга канфуцыянства «Лунь юй».

У Вацлава Ластоўскага было шмат паслядоўнікаў у справе «выпраўлення імёнаў» і ў іх ліку Максім Багдановіч. Так, калі ў чэрвені 1912 года Багдановіч упершыню прыехаў у Беларусь, то два дні правёў у Вільні, у рэдакцыі газеты «Наша Нiва» – цэнтры беларускага Адраджэння, куды на цягніку, на падводах і пешшу амаль штодня прыбывалі чытачы з усяго Паўночна-Заходняга краю, каб выказаць сваю падзяку журналістам, пагутарыць з імі, задаць галоўныя пытанні пра краіну.

Тут Багдановіч і пазнаёміўся асабіста з Вацлавам Ластоўскім, якога завочна ведаў як рэдактара сваіх вершаў і адказнага сакратара «Нашaй Нiвы». Дзве ночы напралёт яны прагаварылі пра Беларусь. Будучы класік беларускай літаратуры ўважліва слухаў аповеды Ластоўскага пра гісторыю беларусаў, іх культуру і мову, з захапленнем і трапятаннем разглядаў старыя кнігі і зброю, слуцкія паясы і ювелірныя ўпрыгажэнні – усе гэтыя скарбы, якія збіраў адзін з заснавальнікаў газеты, захоўваліся тут жа, у рэдакцыі. «Гэта і ёсць падмурак нашага Адраджэння! – усклікаў паэт. – Усе яны і праз тысячу гадоў будуць сведчыць пра нас!» Пры гэтым 21-гадовы Максім часцяком збіваўся і пераходзіў на расейскую мову, але настойліва прасіў Ластоўскага папраўляць ягоную гаворку, удакладняў у яго беларускія словы і выразы, запісваў іх у нататнік. Ён вучыўся хутка, роўна як і ягоны старэйшы таварыш. Неўзабаве Багдановіч з'ехаў у Яраслаўль, а ў наступным годзе Ластоўскі адрэдагаваў кнігу ягоных вершаў, назваўшы яе «Вянок», – сам паэт, атрымаўшы асобнік зборніка, ухваліў выбар Ластоўскага.

Ластоўскі быў адным з тых палітыкаў, якія стаялі ля вытокаў абвешчанай 25 сакавіка 1918 года Беларускай Народнай Рэспублікі, а ў снежні 1919-га ўзначаліў яе Раду міністраў.

У 1923 годзе Вацлаў Ластоўскі адышоў ад палітычнай дзейнасці, жыў у эміграцыі ў Каўнасе, займаўся рэдагаваннем часопіса «Крывіч». У Каўнасе ён выпусціў свае знакамітыя працы «Расейскага-крыўскі (беларускі) слоўнік» і «Гісторыя беларускае (крыўскае) кнігі», піша сайт jivebelarus.net.

У 1927 годзе, паверыўшы ў «лібералізацыю» Савецкай Беларусі, Вацлаў Ластоўскі вярнуўся на радзіму, дзе некаторы час працаваў дырэктарам дзяржаўнага музея БССР. У 1928 годзе Ластоўскі стаў сакратаром і акадэмікам АН БССР.

21 ліпеня 1930 года Ластоўскага арыштавалі паводле справы так званага «Саюзу вызвалення Беларусі» і праз дзесяць месяцаў турэмнага зняволення, допытаў і катаванняў выслалі ў Саратаў. Там ён працаваў загадчыкам аддзела рэдкіх рукапісаў у бібліятэцы мясцовага ўніверсітэта. Але ў 1937-м яго зноў арыштавалі і асудзілі да смяротнага пакарання. 23 студзеня 1938 НКУС расстраляў Вацлава Ластоўскага.

Аднак ідэі і спадчына вялікага дзеяча беларускага нацыянальнага адраджэння жывуць і дагэтуль.

«У адрозненне ад цяпер кананічнай беларускай нацыянальнай ідэі, крыўская ідэя Вацлава Ластоўскага выглядала куды больш эўрыстычна», – мяркуе сучасны беларускі філосаф Валянцін Акудовіч.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках