24 лютага 2020, панядзелак, 7:49
Засталося зусім крыху
Рубрыкі

У Гародні актывісты ў судзе заклеілі сабе раты і праспявалі гімн БНР

13
У Гародні актывісты ў судзе заклеілі сабе раты і праспявалі гімн БНР

Падчас абвяшчэння прысуду актывісты пачалі спяваць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і выгукнулі «Жыве Беларусь!».

24 студзеня ў Гарадзенскім абласным судзе адбылося апошняе судовае паседжанне паводле скаргаў актывістаў на выракі судоў раёнаў горада. Прысуд суда Ленінскага раёна Гародні абскардзіў Сяргей Верамеенка, якому прысудзілі штраф 10 базавых адзінак за акцыю за незалежнасць Беларусі, піша Hrodna.life.

У пачатку Сяргей папрасіў дазволу весці жывую відэатрансляцыю. Суддзя Мікалай Рачынскі яе забараніў. Тады Сяргей заявіў адвод суддзі. Мікалай Рачынскі не выканаў патрабаванне.

Падчас перапынку актывісты Мікалай Салянік і Валерый Куля, якія прыйшлі падтрымаць Верамеенку, у знак пратэсту заклеіў сабе раты скотчам.

Суддзя зачытаў скаргу. Як і іншых актывістаў, Сяргея асудзілі на падставе арт.23.34 КоАП РБ - парушэнне парадку арганізацыі ці правядзення масавых мерапрыемстваў. Яго абвінавачвалі ў тым, што 15 снежня ён знаходзіўся на акцыі за незалежнасць Беларусі і публічна выказваў сваё стаўленне да інтэграцыі Беларусі ды Расеі.

Сяргей намагаў, што дзейнічаў у рамках арт.57 Канстытуцыі, і бараніць незалежнасць краіны - ягоны святы абавязак. У выніку суддзя пакінуў пастанову суда Ленінскага раёна без зменаў. Падчас абвяшчэння выніку актывісты пачалі спяваць «Мы выйдзем шчыльнымі радамі» і выгукнулі «Жыве Беларусь!».

Гарадзенскі абласны суд не задаволіў скаргі пяць грамадскіх актывістаў, якіх асудзілі за акцыю супраць інтэграцыі Беларусі ды Расеі: Ежы Грыгенчы, Уладзіміра Арцымана, Мікалая Саляніка, Вадзіма Саранчукова і Сяргея Верамеенкі. Яны будуць звяртацца ў Камітэт правоў чалавека. Таксама актывісты плануюць напісаць заявы ў следчы камітэт і пракуратуру, каб яны праверылі працу суддзяў.