26 красавiка 2024, Пятніца, 19:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

The Economist: Сёлета Расею зробяць больш згаворлівай

1
The Economist: Сёлета Расею зробяць больш згаворлівай

Пазіцыі расейскага газу аслаблі праз новыя законы Еўразвязу.

У студзені 2009 года Газпрам, расейскі дзяржаўны энэргетычны гігант, спыніў транспартаванне прыроднага газу праз тэрыторыю Украіны, і гэта быў адзін з некалькіх канфліктаў, у якіх Расея прадэманстравала сваю энэргетычную сілу. Мяркуючы з усяго, праз 11 гадоў яна рыхтуецца стаць яшчэ больш дамінантнай сілай. Здабыча прыроднага газу ў Еўропе скарачаецца. А Расея нарошчвае пастаўкі, а таксама павялічвае колькасць экспартных маршрутаў. 8 студзеня расейскі прэзідэнт Уладзімір Пуцін ва ўрачыстай абстаноўцы адкрыў трубаправод «Турэцкі струмень», па якім расейскі прыродны газ будзе транспартавацца ў Еўропу. Амерыканскія санкцыі ў дачыненні да «Паўночнага струменю – 2», спрэчнага трубаправода з Расеі ў Нямеччыну, прывялі да таго, што да 20 студзеня спынілі працу кампаніі, якія займаліся кладкай трубаў. Гэта затрымае рэалізацыю праекта, але не спыніць яго, піша выданне The Economist (пераклад – inosmi.ru).

Аднак 12 студзеня Дыці Ёргенс (Ditte Juul Jørgensen), генеральная дырэктарка Еўрапейскай Камісіі ў энэргетыцы, паведаміла прысутным у Абу-Дабі экспертам гэтай галіны, што Еўропа стала менш уразлівай. «Наша энэргетычная бяспека, а таксама наша даўгачасная бяспека знаходзяцца сёння ў іншай сітуацыі ў параўнанні з тым, якой яна была ў 2009 годзе», – падкрэсліла яна. На самай справе Еўропа дамагалася не энэргетычнай незалежнасці, а энэргетычнай канкурэнцыі. І цяпер, калі газ пойдзе па новых расейскіх трубаправодах, гэтае сцвярджэнне зазнае праверку.

Еўрапейскі газавы рынак зведаў трансфармацыю ў апошнія дзесяць гадоў. Попыт упаў пасля фінансавага крызісу, і пакуль яшчэ цалкам не аднавіўся – часткова гэта звязана з павелічэннем дзелі на рынку аднаўляльных крыніцаў энэргіі. Аўстралія і Амерыка спрыялі буму ў галіне звадкаванага прыроднага газу.

Дадатковыя рэгазіфікацыйныя тэрміналы для звадкаванага газу, трубаправоды і сховішчы прыроднага газу з'явіліся ў розных частках Еўропы, і часта іх стварэнню спрыялі дзяржаўныя інвестыцыі.

Еўропа імпартавала 123 мільярды кубаметраў звадкаванага прыроднага газу, што амаль у два разы больш, чым у 2017 годзе. Гэтыя звесткі прыводзіць інфармацыйнае агенцтва s&p Global Platt, якое займаецца сыравіннымі таварамі і аналітыкай.

Гэтыя пастаўкі прыроднага газу разам з новымі магутнасцямі ў захоўванні і транспартаванні дапамаглі спотаваму рынку, які, у сваю чаргу, зрабіў менш жаданымі Упадабаныя Газпрамам жорсткія кантракты і прывязанае да кошту нафты коштаўтварэнне. Паводле звестак Міжнароднага газавага звязу (International Gas Union), у 2018 годзе звязанае з нафтай коштаўтварэнне склала ўсяго 24% еўрапейскага газавага рынку, у той час як у 2005 годзе – 75%. «Рынак стаў больш канкурэнтным, гнуткім і значна больш эфектыўным», – адзначыў Айра Джозэф (Ira Joseph) з агенцтва s&p Global Platts.

Новыя правілы Еўрапейскага звязу і юрыдычныя працэдуры таксама спрыялі развіццю канкурэнцыі. Уладальнікі газавай інфраструктуры, да прыкладу, павінны цяпер прадстаўляць трэцім бакам доступ да сваіх трубаправодаў. Летась Еўразвяз пашырыў сваё газавае рэгуляванне на тыя трубаправоды, якія звязваюць чальцоў Еўразвязу з знешнімі краінамі. Прадаўжаецца будаўніцтва «Паўднёвага газавага калідора» (Southern Gas Corridor), – «газавай магістралі», якая звяжа Азербайджан і Еўропу.

Нішто з названага не азначае, што Еўропа вызвалілася ад Газпрама. Прадстаўнікі «Паўночнага струменю – 2» спрабуюць аспрэчыць у судзе новыя правілы Еўразвязу. У студзені кіраўніцтва гэтай кампаніі таксама папрасіла нямецкіх рэгулятараў зрабіць выключэнне. Расейскага газу на рынку па-ранейшаму дастаткова, і ён каштуе танна. Паводле прагнозаў Міжнароднага энэргетычнага агенцтва (International Energy Agency), дзель расейскага трубаправоднага газу на еўрапейскім рынку паменшыцца толькі нязначна – з 37% у 2018 годзе да 33–36% у 2024 годзе. Аднак звадкаваны прыродны газ ускладняе працэс састрыгання грошай з спажыўцоў трубаправоднага газу. Сёння пагадненні пра пастаўкі з Газпрамам дазваляюць спажыўцам перапрадаваць расейскі прыродны газ. У 2018 годзе Газпрам арганізаваў платформу электроннага продажу, якая дазваляе яму павялічваць пастаўкі, а спажыўцам забяспечвае жаданую гнуткасць.

Аднак застаюцца яшчэ сур'ёзныя пытанні. Вось першае пытанне: ці не будзе Расея, нягледзячы на ўсё гэта, запалохваць сваіх спажыўцоў? Некаторыя з іх, у тым ліку Балгарыя, прадаўжаюць заставацца вельмі залежнымі ад расейскага газу. У снежні Газпрам заключыў угоду пра транспартаванне з украінскай кампаніяй «Нафтагаз», аднак спрэчным застаецца жаданне Расеі выконваць яе ўмовы. Яшчэ менш упэўненасці ў тым, што «Паўночны струмень – 2» будзе адпавядаць правілам транспарэнтнасці (гэта значыць, ці будуць расейцы публікаваць усю інфармацыю пра свае камерцыйныя пастаўкі) і доступу (ці пусцяць расейцы да трубы і іншых пастаўшчыкоў, якія не ўклалі ў яе будаўніцтва ні рубля). Рычард Морнінгстар (Richard Morningstar), былы амбасадар ЗША, які сёння ўзначальвае Глабальны энэргетычны цэнтр Атлантычнай рады (Global Energy Centre at the Atlantic Council), хацеў бы, каб Амерыка абвесціла пра магчымасці ўвядзення дадатковых санкцый на Газпрам у выпадку, калі гэтая кампанія, скажам, парушыць сваё пагадненне з Украінай.

Вось другое пытанне: якім чынам еўрапейскія амбіцыі ў галіне клімату ўплываюць на прыродны газ? У снежні Еўрапейская Камісія апублікавала план дасягнення вугляроднай нейтральнасці да 2050 года (гэта значыць прывядзення выкідаў вуглякіслага газу да прыроднага балансу). Гэта можа знізіць спажыванне расейскага газу, мяркуе Кацярына Філіпенка (Kateryna Filippenko) з кампаніі Wood Mackenzie, якая займаецца аналізам энэргетычных рынкаў. Гэта можа таксама аслабіць падтрымку інфраструктуры, што дапаможа краінам, якія ўсё яшчэ занадта залежаць ад расейскага газу. 22 студзеня адзін з камітэтаў Еўрапейскага Парламенту прагаласаваў за магчымасць дзяржаўнай падтрымкі 32 газавым праектах, нягледзячы на крытыку з боку лабісцкай арганізацыі Еўрапейскі кліматычны фонд (European Climate Foundation). Еўрапейскі Парламент павінен прыняць пастанову паводле гэтага спісу ў наступным месяцы.

Тым часам Расея паводзіць сябе дзёрзка, спрабуючы абараніць свае стаўкі. Паводле звестак Міжнароднага энэргетычнага агенцтва, да 2024 года попыт на прыродны газ у Кітаі будзе амаль у чатыры разы большы, чым у 2010 годзе. 2 снежня Газпрам падчас адпаведнай цырымоніі адкрыў «Сілу Сібіры» – першы трубаправод, па якім расейскі газ будзе пастаўляцца ў Кітай. Там ён сутыкнецца са значнай канкурэнцыяй – як з боку вугалю і аднаўляльных крыніцаў энэргіі, так і з боку ўнутранай здабычы газу, звадкаванага прыроднага газу і іншых крыніцаў трубаправоднага газу. Расея, на жаль, усё яшчэ здольная значна ўплываць на глабальны газавы рынак. Аднак яна можа сутыкнуцца з спаборнікамі.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках