27 красавiка 2024, Субота, 8:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Акупанты або ідыёты?

81
Акупанты або ідыёты?
Святлана Калінкіна

У прозвішчы міністра МУС трэба замяніць літары.

Стары год беларускія ўлады праводзілі арыштамі, а новы пачынаюць з судоў над тымі, хто ўдзельнічаў у акцыях за незалежнасць Беларусі.

Пераднавагоднія навіны нагадвалі зводкі супрацьстаяння на акупаваных землях. Людзі выйшлі на вуліцы родных гарадоў у абарону сваёй краіны, але іх за гэта арыштоўвалі, судзілі, штрафавалі, вырывалі на Новы год і Нараджэнне Хрыстова з сем'яў, ад жонак, ад дзяцей.

Хто так можа паступаць? Прадбачу адказ многіх чытачоў: толькі акупанты.

Або ідыёты. Што, па-мойму, і ёсць наш варыянт.

За што караюць людзей, якія, ведаючы пра наступствы, усё роўна выходзяць на масавыя акцыі сказаць, што беларуская ідэя жывая ў сэрцах беларусаў? Што гульня ў пашырэнне імперыі – гэта не будзе гульня ў геапалітычныя шахматы, дзе Беларусь – пешка. Людзі выйшлі на акцыю за Беларусь з лозунгам «Жыве Беларусь!». І калі ў нас беларуская ўлада, то за што гэтых людзей караюць?

За тое, што яны патрыёты?

За тое, што яны грамадзяне сваёй краіны?

За тое, што дзеля сваёй краіны яны гатовыя ахвяраваць сабой?

Ці ўсведамляе свае дзеянні міністр унутраных справаў Караеў, пасылаючы ў суды сваіх байцоў сведчыць пра нейкія правапарушэнні з боку тых, хто выйшаў на вуліцы ў падтрымку незалежнасці краіны? Калі не разумее, які імідж такім чынам стварае міліцыі, то, мяркуй, у прозвішчы міністра трэба замяніць літары – і атрымаецца кат.

Якім правам беларускія суды расцанілі як супрацьпраўныя дзеянні жаданне людзей выказаць пазіцыю ў абарону суверэнітэту сваёй краіны? У якім законе яны прачыталі, што за публічную праяву патрыятычных пачуццяў трэба караць?

І не трэба мне пудрыць мазгі пра фармальнасці – маўляў, парушаны закон пра правядзенне масавых мерапрыемстваў, бо акцыі не былі санкцыянаваныя. Калі мінак скочыць у Свіслач ратаваць таго, хто тоне, яго ж не пакараюць за купанне ў неналежным месцы. І таго, хто выцягнуў п'янага з-за руля аўто, не пакараюць за незаконнае прысваенне паўнамоцтваў супрацоўніка ДАІ. Наадварот, медаль дадуць! Таму што чалавек, не раздумваючы, кінуўся ратаваць іншых.

Людзі, якія выйшлі на акцыі ў падтрымку беларускай незалежнасці, выйшлі ратаваць сваю краіну. Іх нельга, немагчыма за гэта караць! Але пакаралі. Пакаралі несправядліва і подла. І асабіста я настойваю, што пакаралі не тых.

Калі вы памятаеце, ёсць у нас буйныя грамадскія арганізацыі, якія фінансуюцца з бюджэту, накормленыя, аблашчаныя, паспяховыя і шчасныя. Маю на ўвазе «Белую Русь» і БРСМ. Яны ўсім апавядаюць, што яны – сіла. Што яны нешта вызначаюць. Што іх прыхільнікаў – тысячы і тысячы.

Чаму яны не вывелі сваіх людзей на акцыю «За Беларусь»? Чаму яны не выйшлі падтрымаць Лукашэнку на складаных перамовах з Уладзімірам Пуціным? Чаму яны заўсёды толькі там, дзе кармілка, і ніколі там, дзе павінен быць нейкі несанкцыянаваны, не на каманду або разнарадку патрыятычны парыў?

Яны нават не там, дзе іхні кіраўнік. Бо Лукашэнка ў інтэрв'ю Аляксею Венедыктаву сказаў, што разумее людзей, якія выйшлі на вуліцы Менска ў абарону суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. А вось лідар «Белай Русі» Генадзь Давыдзька не разумее. Ён толькі хайп ва ўсім гэтым убачыў.

«Мне смешна і сумна, калі некаторыя сродкі масавай інфармацыі выстаўляюць напаказ публіцы дзяўчынку гадоў 7-8 з плакатам у руках: “Не – інтэграцыі!” Дзіця ж навошта выкарыстоўваць? Што гэтая дзяўчынка разумее ў такіх пытаннях? І што вы самі разумееце? Трэба злавіць хайп, хочацца пабузіць, адзначыцца на растыражаваным малюнку?» – заявіў Генадзь Давыдзька.

А цяпер іншая цытата – каб вы ацанілі ўзровень «інтэлектуала» Давыдзькі і ягонае разуменне праблемы. «Незалежнасць? Але хіба мы не можам свабодна перасоўвацца праз межы, шукаць працу там, дзе пажадаем? Якая яшчэ ступень свабоды патрэбная?» – разважаў у разгар дэбатаў з нагоды пагрозаў інтэграцыі з Расеяй лідар «Белай Русі».

Калі ўсе будуць разважаць так, як Давыдзька, то права выйсці са сваёй кватэры, са свайго пад'езда давядзецца расцэньваць як доказ незалежнасці. А бесперашкодна зваліць з краіны – гэта, паводле Давыдзькі, увогуле будзе доказам наяўнасці ўсіх мажлівых свабодаў! Можа, яшчэ і дзякуй загадае казаць, боцікі цалаваць?..

Усё гэта не смешна і нават не сумна. Гэта трагедыя! Што якраз гэты Давыдзька мае ад Рэспублікі Беларусь ганаровае званне, узнагароджаны медалём Францыска Скарыны, ён былы сенатар, цяпер дэпутат, лідар самай буйной створанай дзяржавай грамадскай арганізацыі. А, напрыклад, Павал Севярынец – лідар і ініцыятар снежаньскіх акцый у абарону незалежнасці – шосты дзень нараджэння сустрэў за кратамі. Ён у яго 30 снежня, і ў гэты час Севярынец зноў знаходзіўся ў ізалятары на Акрэсціна.

«Свае 29, 30, 34, 35, 36, 43 сын сустрэў за кратамі: высылка ў Малое Сітна Полацкага раёна (29, 30), 34 (Амерыканка), 35, 36 (спецкамендатура ў Купліне, у Пружанскім раёне). 43 – Акрэсціна... [Павал] ніколі не марыў сустрэць свой дзень нараджэння на экзатычным востраве, у дарагім рэстаране, недзе на шашлыках... Марыў сустрэць яго ў свабоднай незалежнай Беларусі. Я вельмі хачу, каб твая, мой сыночак, мара спраўдзілася!!!» – напісала на сваёй старонцы ў «Фэйсбуку» ягоная мама, Таццяна Севярынец.

Усе нармальныя людзі і нават Генадзь Давыдзька, калі, вядома, ён умее марыць не толькі пра тое, што вымяраецца грашыма, мараць пра гэта. Таму што такога не можа і не павінна быць – каб патрыёты ў сваёй краіне знаходзіліся за кратамі. Каб іх каралі за любоў да Радзімы, за гатоўнасць гэтую Радзіму абараняць. Гэта абсурд! Гэта злачынства! Гэта перакручанае разуменне дзяржаўных інтарэсаў. Гэта адмова ад усіх мажлівых каштоўнасцяў.

Што адбываецца, калі ссоўваецца шкала каштоўнасцяў? Калі ў чалавека, то пра яго мы кажам «нелюдзь». Бо тое, што для большасці – зло, для яго прымальна, і наадварот. Ну а калі ссоўваецца шкала каштоўнасцяў у дзяржавы? Якія наступствы? Для дзяржавы гэта катастрофа. І менавіта да яе мы рухаемся пад воплескі такіх, як Давыдзька.

Святлана Калінкіна, «Народная воля»

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках