26 красавiка 2024, Пятніца, 9:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У гандлі Беларусі з Еўразвязам утварылася вялізная дзірка

7
У гандлі Беларусі з Еўразвязам утварылася вялізная дзірка

І ўжо сёння зразумела, што рэзерваў для яе закрыцця няма.

У ранейшыя гады менавіта гандаль з краінамі ЕЗ быў тым выратавальным колам, якое дазваляла ўладам выраўноўваць агульнае таварнае сальда. У 2020 годзе ўсё пайшло ў чыноўнікаў наўскасяк, піша сайт banki24.by.

За 8 месяцаў Беларусь нагандлявала з усім светам у мінус на 2,298 млрд USD. Гэта значыць, што на такую суму імпарт тавараў з замежжа перавысіў экспартныя пастаўкі з Беларусі на знешнія рынкі.

Бяда айчынных вытворцаў у тым, што беларусы ўсё часцей аддаюць перавагу імпарту перад уласнай вытворчасцю. Прычым замяшчэнне адбываецца ўжо на ўзроўні канкурэнцыі з таварамі з Еўразійскага эканамічнага звязу.

То-бок беларуская прадукцыя не вытрымлівае канкурэнцыі з таварамі з тых краінаў, дзе даволі малыя заробкі і супастаўны з намі ўзровень жыцця. Бо мы дужа затрымаліся ў ЕАЭС, гэтую праблему не развязаць тупымі забаронамі на ўвоз – інакш партнёры ў звязе проста «раскачаюць» улады ў ЕЭК.

Да разгортвання падатковага манеўру ў Расеі сітуацыю так-сяк ратавалі пастаўкі ў краіны Еўразвязу. Напрыклад, у 2018 годзе дадатнае сальда ў гандлі з ЕЗ перавысіла 3 млрд USD.

У 2019 годзе магутны негатыўны ўплыў на гандаль з аб'яднанай Еўропай зрабіла «брудная» нафта ў магістральным трубаправодзе з Расеі. Пакуль пастаўкі вуглевадародаў праз трубу былі заблакаваныя, Беларуснафта і НПЗ дабіралі частку выручкі.

Тым не менш нават у суровых умовах мінулага года сальда звялі з плюсам у 1,132 млрд USD. Пасля 31 студзеня 2020 года Вялікая Брытанія выйшла з ЕЗ. У гэтую краіну фармальна ішлі немалыя пастаўкі беларускіх нафтапрадуктаў. Рэч у тым, што ў Вялікай Брытаніі зарэгістраваная «дачка» Беларускай нафтавай кампаніі.

У гэтым годзе Белстат лічыць гандаль з ЕЗ паводле супастаўных умовах – без уліку брытанцаў. За 8 месяцаў беларусы нагандлявалі з Еўразвязам у мінус на 1,084 млрд USD. Гэта роўна ўдвая горш, чым было ў 2019 годзе, – мінус 542 млн USD.

Беларускі экспарт у ЕЗ пацярпеў значна мацней, чым імпарт з Еўразвязу. Калі экспартныя пастаўкі аселі на 23,4%, то імпартныя – на 8,9%. Паводле вынікаў 2/3 года экспарт пакрыў імпарт усяго на 74,2% (годам раней было 88,2%).

Праблемы звязаныя з тым, што асноўным таварам Беларусі на еўрапейскім рынку з'яўляюцца вуглевадароды, на якія рэзка ўпалі кошты. Да таго ж, у 1 квартале Расея трымала беларускія НПЗ на галодным пайку, і велізарная частка патэнцыйнага экспарту не адбылася.

Зрэшты, ці варта вінаваціць у гэтым расейцаў? Бо яны не прымушаюць Беларусь набываць іхнюю нафту сілай. Гэта беларускія чыноўнікі зусім бяздарна пакінулі краіну сам-насам з манапольным пастаўшчыком сыравіны.

Нават 2020 год нічога не змяніў прынцыповым чынам – залежнасць ад Расеі захавалася. Значыць, з прасоўваннем падатковага манеўру ў РФ у Беларусі надалей будзе зачыняцца гандлёвае акно ў Еўропу.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках