18 траўня 2024, Субота, 19:37
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Герашчанка: Арганізатары забойства Шарамета наўмысна падбіралі выканаўцаў, на якіх складана падумаць

Герашчанка: Арганізатары забойства Шарамета наўмысна падбіралі выканаўцаў, на якіх складана падумаць
ФОТА: RADIOSVOBODA.ORG

Намеснік кіраўніка МУС Украіны пракаментаваў справу беларускага журналіста.

Меліся ўсе падставы і доказы выстаўляць дзіцячай лекарцы Юліі Кузьменцы, вайсковай медсястры Яне Дугар і музыку Андрэю Антоненку падазрэнне ў забойстве журналіста Паўла Шарамета, хоць следчыя, даведаўшыся пра статус і род заняткаў гэтых трох асоб, былі ў шоку. Пра гэта ў эфіры hromadske 13 кастрычніка сказаў намеснік міністра ўнутраных спраў Украіны Антон Герашчанка, паведамляе gordonua.com.

«Тыя, хто гэта арганізоўваў, наўмысна падбіралі менавіта такіх выканаўцаў, на якіх было б складана падумаць», - заявіў ён.

Намеснік кіраўніка МУС запэўнівае, што ні ў каго з абвінавачаных няма алібі, а Дугар спрабавала падрабіць дакументы, якія даводзяць яе недатычнасць.

На думку Герашчанкі, у фігурантаў ёсць адна магчымасць пазбегнуць прызнання вінаватымі.

«Я дапускаю, у іх ёсць адзіная магчымасць - гэта калі суд пад ціскам, які яны раздзімаюць, прызнае нейкія доказы такімі, якія нельга выкарыстоўваць. Гэта іх надзея», - заявіў чыноўнік.

«Ёсць забойства Шарамета, брутальнае, тэрарыстычнае. Мы абавязаныя яго раскрыць. Але яшчэ раз хачу сказаць: мы не вешалі яго на першага лепшага», - дадаў ён.

Шарамет загінуў 20 ліпеня 2016 года ў Кіеве ў выніку падрыву машыны, якая належала сузаснавальніцы выдання «Украинская правда», грамадзянскай жонцы журналіста Алене Прытуле. Пракуратура кваліфікавала інцыдэнт як наўмыснае забойства, учыненае спосабам, небяспечным для жыцця многіх людзей.

12 снежня 2019 года міністр унутраных спраў Украіны Арсен Авакаў паведаміў пра затрыманне падазраваных у датычнасці да забойства Шарамета. Пазней у той жа дзень Нацыянальная паліцыя назвала імёны верагодных датычных: Дугар, Антоненка і Кузьменка.

Следчыя лічаць, што выбухоўку пад аўтамабіль Шарамета закладвалі Кузьменка і Антоненка. Апошняга называлі арганізатарам злачыннай групы. Дугар нібыта займалася «выведкай»: шукала камеры відэаназірання на маршруце следавання змоўшчыкаў.

22 траўня 2020 года паліцыя апавясціла абарону падазраваных аб заканчэнні дасудовага расследавання.

Шаўчэнкаўскі раённы суд Кіева прыняў пастанову, што судзіць Антоненку, Дугар і Кузьменку будуць з удзелам прысяжных. Першае пасяджэнне па сутнасці адбылося 28 верасня.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках