19 красавiка 2024, Пятніца, 10:03
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Алена Леўчанка: Яны ніколі не змогуць забіць дух і сілу беларускага народа

15
Алена Леўчанка: Яны ніколі не змогуць забіць дух і сілу беларускага народа
АЛЕНА ЛЕЎЧАНКА

Мы прайшлі кропку незвароту.

Баскетбалістка Алена Леўчанка, якая адсядзела на Акрэсціна 15 дзён за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве, сёння стала госцем жывога эфіру ў інстаграме Свабоднага аб'яднання спартоўцаў. Яна распавяла пра тое, як маральна спраўлялася са зняволеннем і што думае пра калег, якія дагэтуль не выказаліся пра сітуацыю ў краіне, паведамляе tut.by.

Баскетбалістка падзякавала за падтрымку беларусам і прызналася, што не чакала ўбачыць такую колькасць паведамленняў пасля выхаду на волю.

- Мне здаецца, у мяне тысячы новых паведамленняў са словамі падтрымкі. Аж да таго, што людзі пішуць: прыходзьце да нас на бясплатны манікюр-педыкюр, прыводзьце вашу маму, прыязджайце да нас на сядзібу, звяртайцеся па любую дапамогу. Я шчаслівая ўсведамляць, што такія людзі ёсць. І хачу, каб яны ведалі: я прачытаю кожнае паведамленне і кожны каментар і па магчымасці паспрабую ўсім адказаць.

Калі цяпер я выязджаю ў горад, то ўсюды адчуваю падтрымку. Людзі глядзяць на мяне ў банку, з суседніх аўто, у аптэцы. З некаторымі мы вітаемся і вельмі міла гутарым. Гэта надае мне ўпэўненасці, што я не адна, мяне падтрымлівае вялікая колькасць людзей, і дае ўсведамленне: мы рухаемся ў правільным кірунку.

Алена Леўчанка адзначыла, што цяпер адчувае сябе нармальна.

- Побач са мной сябры і блізкія. Куды б я ні пайшла, людзі падтрымліваюць мяне. Але я не выключаю таго, што, магчыма, мне спатрэбіцца дапамога псіхолагаў. Я гэтага не саромеюся.

Самае цяжкае сёння - гэта ўсведамляць, што там, у камеры, у тых умовах, засталіся людзі, з якімі мы разам правялі час. За гэта я вельмі хвалююся. За вельмі кароткі тэрмін дзяўчынкі, з якімі я дзяліла камеру, сталі не проста дзяўчынкамі, а не чужымі людзьмі, нашы погляды нас вельмі аб'ядналі.

ФОТА ЧЫТАЧА TUT.BY

Спартоўка таксама падзялілася меркаваннем адносна маўчання знакамітых калег.

- У наш час цяжка не асуджаць. Мы ўсе знаходзімся ў такім эмацыйным стане. Пасля выбараў некаторыя спартоўцы выказаліся супраць гвалту. Так, быў час, калі такое мела месца быць. Але мы прайшлі пункт незвароту. І цяпер, магчыма, лепш ужо нічога не казаць. Гэта выглядае, як быццам чалавек спрабуе проста адзначыцца.

Я ўважаю, што ў кожнага чалавека ёсць сумленне. Калі гэтым людзям, якія маўчаць, сёння спіцца нармальна, то што тут скажаш. Я ўпэўнена, усё выдатна ведаюць, што адбываецца. І калі яны маўчаць, што ж, рухаемся далей.

Леўчанка распавяла, як прайшлі яе 15 дзён арышту на Акрэсціна.

- Я разумела, што я ў турме, а не на курорце ці ў санаторыі. Але нават там, у камеры, я старалася знайсці час для сябе, для медытацыі. Я веру ў Бога, гэта таксама для мяне важна. І не буду казаць, што я такая моцная. Калі ўсе сціхалі і ішлі спаць, гэта быў мой час памаліцца і паплакаць, пасля чаго мне станавілася лягчэй. Менавіта тады я знаходзіла баланс і спрабавала заснуць, хоць гэта складана было назваць сном.

Гаворачы пра планы на будучыню, топ-баскетбалістка адзначыла:

- Цяпер я жыву сённяшнім днём, атрымліваю асалоду ад часу прабаўленага з блізкімі. Што датычыцца баскетбола, то ў планах заканчваць кар'еру ў мяне няма, хоць некаторыя ўжо называюць мяне былой баскетбалісткай. Але красоўкі на цвік я вешаць пакуль не збіраюся.

У канцы эфіру Алена Леўчанка звярнулася да беларусаў.

- Мае дарагія беларусы, нас могуць запужаць, нам могуць пагражаць, нас могуць збіць і пасадзіць. Але яны ніколі не змогуць забіць дух і сілу беларускага народа. Ведайце, што нас шмат, мы разам і мы адзін аднаго падтрымліваем.

Напісаць каментар 15

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках