10 траўня 2024, Пятніца, 18:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Лукашэнка, мы цябе папярэджваем»

24
«Лукашэнка, мы цябе папярэджваем»

Як беларускія Іт-спецыялісты згуртаваліся супраць рэжыму.

Амерыканскае выданне навін The Daily Beast напісала, як войска айцішнікаў, якое «выгадаваў» Лукашэнка (з яго ўласных слоў), павярнулася супраць яго самога. Дэананімізацыя сілавікоў, кібер-партызаны... Што далей?

The Village Беларусь публікуе пераклад артыкула.

Адным з рэдкіх поспехаў, дасягнутых рэжымам «апошняга дыктатара Еўропы», стала стварэнне свайго кшталту ўсходнееўрапейскай Сіліконавай даліны, якая спарадзіла індустрыю беларускіх праграмістаў і тэхналагічных стартапаў.

Самазванец Лукашэнка цяпер асцерагаецца, што спарадзіў пачвару.

Войска з 30.000 прафесіяналаў-айцішнікаў паўстае супраць свайго стваральніка. Кодэры і мэнэджары, многія з якіх звязаны з дзяржаўным Паркам высокіх тэхналогій у Менску, стварылі хакерскі калектыў пад назвай «Кіберпартызаны», які сее хаос, пакуль Лукашэнка спрабуе здушыць рэвалюцыю.

Тысячы беларусаў былі арыштаваныя пасля жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў, якія міжнародныя назіральнікі асудзілі за фальсіфікацыі. Лідары апазіцыі сцвярджаюць, што Лукашэнка саступіў у барацьбе за ўладу на фоне масавых дэманстрацый супраць ягонага знаходжання ля стырна. Сотні арыштаваных зазналі збіццё і напады, некаторыя, як сцвярджаецца, нават былі згвалтаваныя і забітыя ў турмах.

У мінулыя выходныя кіберпартызаны ўзламалі сайт Беларускай тэлерадыёкампаніі, нацыянальнай дзяржаўнай медыя-арганізацыі, і паказалі замест звычайных дзяржаўных навін 30 хвілін відэа выкарыстання сілавікамі гвалту супраць дэманстрантаў.

- Хлопец, які стварыў гэта, - сапраўдны герой, - сказаў адзін з хакераў Daily Beast. - Ён выдаткаваў блізу тыдзень, каб усе падрыхтаваць. Ён ужо некалькі дзён не спаў.

Гэта самы свежы выпадак «лічбавага» грамадзянскага непадпарадкавання.

Цягам апошніх трох месяцаў на вуліцах Менска можна ўбачыць (часта сярод белага дня), як дрыгаюць нагамі і крычыць мітынгоўцы, якіх зацягваюць у міліцэйскую машыну без апазнавальных знакаў людзі ў масках, часцяком у цывільным. Пераважная большасць асоб, якія стаялі за жорсткімі рэпрэсіямі і агрэсіяй, засталіся безыменнымі і безаблічнымі. Злоўжыванні ды злачынствы, учыненыя супраць мірнага насельніцтва, хутчэй за ўсё, застануцца без наступстваў. Так было дагэтуль.

У невялікім офісе ў цэнтры Варшавы Ян Вярбіцкі, які працуе ў NEXTA (незалежнай антылукашэнкаўскай медыя-арганізацыі), сядзеў за кампутарам, захапляючыся электроннай табліцай, запоўненай асабістымі звесткамі беларускіх сілавікоў. Ён нядаўна атрымаў яе ад хакераў. «Мы хочам паказаць, што яны не змогуць хавацца за маскамі і заставацца ананімнымі ў сваіх зверствах», - кажа ён. Мармычучы нешта сабе пад нос па-расейску, ён думае, як лепш за ўсё падаць спіс чытачам, і заяўляе, што не адчувае сімпатый да тых, каго збіраецца выкрыць.

«Ніхто не застаецца ананімным», гаварылася ў пасланні, адрасаваным двум мільёнам беларусаў. Яно з'явілася ў пачатку паведамлення з указаннем імёнаў, адрасоў, дат нараджэння і нумароў аўтамабіляў 12 высокапастаўленых супрацоўнікаў АМАП, абвінавачаных у гвалце. АМАП - гэта спецпадраздзяленне міліцыі, яго супрацоўнікаў бачылі без знакаў адрознення, узброеных палкамі, дубінкамі і пярцовымі балончыкамі, якія рэгулярна практыкуюць жорсткае абыходжанне і пераслед грамадзян па ўсёй краіне.

Раней рабіліся спробы выкрыць асобных сілавікоў, якія стаялі за нападамі на грамадзян. 73-гадовая Ніна Багінская, вядомая актывістка ў Беларусі, была сфатаграфаваныя, калі сцягвала балаклавы на сілавіках, каб адкрыць іх твары. Да ўзлому [базы звестак] не было іншага спосабу зрабіць тое ж самае ў больш шырокім маштабе.

У жніўні NEXTA, які працуе ў польскай сталіцы, апублікаваў меркаваныя твары дзясятка старэйшых міліцэйскіх чыноў праз свой канал NEXTA Live ў Telegram. З тых часоў яны апублікавалі імёны яшчэ больш чым 2 000 чалавек. Ян кажа: «[Лукашэнка] не ў стане забяспечыць бяспеку звестак нават сваіх уласных паслугачоў».

NEXTA адыграў вялікую ролю ў рэвалюцыі. Колькасць іх падпісчыкаў вырасла да больш чым двух мільёнаў чалавек, і яны штодня выпускаюць сотні відэа і малюнкаў, якія паказваюць жорсткасць міліцыі ў дачыненні да грамадзян. Дэманстранты таксама звяртаюцца да іх па інструкцыі аб тым, дзе збірацца падчас буйных дэманстрацый. Увесь гэты час пратэсты арганізуюцца дыстанцыйна. Намаганні каардынатараў былі эфектыўнымі ў арганізацыі дэманстрантаў і распаўсюдзе праўды пра гвалт, але трэба было нешта большае.

Кіберпартызаны сцвярджаюць, што сабралі больш за 10.000 імёнаў асоб, якія маюць дачыненне да спецслужбаў, прычым узятых непасрэдна з базы звестак Міністэрства ўнутраных спраў. Яны падзяліліся гэтай інфармацыяй з NEXTA ў надзеі прымусіць усё больш і больш сілавікоў Лукашэнкі пайсці ў адстаўку.

«Мы спадзяемся, што публікацыя спісаў заахвоціць сумленных людзей, якія засталіся ў сістэме, выйсці з яе і далучыцца да народа», - сказаў Вярбіцкі. NEXTA кажа, што з тых часоў яны атрымалі сотні пацверджаных адставак, і з кожным днём іх становіцца ўсё больш.

Немагчыма сказаць, што паслужыла прычынай гэтых адставак, бо многія ўжо звольніліся ў адказ на паводзіны ўлады. Назіраліся таксама выпадкі, калі амапаўцы апускалі свае шчыты - і на знак падзякі дэманстранты іх абдымалі за гэта непадпарадкаванне.

Падчас інтэрв'ю, праведзенага ў высокаабапоненым мэсэнджары, адзін з хакераў, выкарыстоўваючы псеўданім Юра, патлумачыў, што пасля таго, як стаў сведкам жорсткіх сутыкненняў паміж міліцыяй і мірнымі грамадзянамі, яны наважылі дзейнічаць. «У нас ёсць шанец штосьці зрабіць для нашай краіны проста цяпер, нешта змяніць», - сказаў ён.

Ён патлумачыў, што ўрадавая абарона звестак была слабай, і спатрэбілася ўсяго некалькі гадзін, каб высветліць іх асобы. Але з тых часоў, кажа Юра, яны перайшлі ў «рэжым паранойі». Не толькі на вуліцах, але і ў кібэрпрасторы - падвышаючы захады бяспекі, каб прадухіліць магчымыя непрыемнасці.

Спіс асобаў, якімі дзеліцца NEXTA, складае толькі малую частку ад агульнай колькасці сілавікоў Беларусі, якая ацэньваецца дзесьці паміж 200 і 300 тысячамі, але гэты спіс складаецца, у асноўным, са старэйшых афіцэраў і камандзіраў многіх падраздзяленняў апарата МУС. Менш увагі надаецца шараговым байцам, так як, на сцвярджэнні NEXTA, «самі сілавікі таксама пакутуюць ад гэтага, іх ператвараюць у злачынцаў - а многія з тых, хто адпраўляецца на службу, не падпісваліся на злачынства.

Войска будучых хакераў пачало фармавацца ў 2005 годзе, калі Лукашэнка падпісаў указ аб стварэнні ў Менску Парку высокіх тэхналогій. З тых часоў ён ператварыўся ў адну з самых магутных галін эканомікі краіны. У 2017 годзе экспарт праграмнага забеспячэння перавысіў мільярд даляраў ЗША, і толькі ў ПВТ было прыцягнута больш за 27.000 айцішнікаў.

Тэхналагічная індустрыя тады была выбудаваная з нуля Валерыем Цапкалам, былым памочнікам Лукашэнкі і былым амбасадарам Беларусі ў ЗША. Пасля таго, як ён паспяхова запусціў беларускую тэхналагічную рэвалюцыю, Цапкала пасварыўся з Лукашэнкам і выступіў супраць яго, каб самому стаць прэзідэнтам.

Калі ў пачатку гэтага года яму забаранілі балатавацца і фактычна адправілі ў выгнанне, ягоная жонка Вераніка Цапкала падхапіла сцяг і стала адной з тройкі жанчын-лідарак на чале народнага паўстання супраць рэжыму Лукашэнкі.

Знаходзячыся ў сваёй кватэры ў Варшаве, Валерый Цапкала сказаў The Daily Beast, што тэхналагічная прамысловасць і яе высокакваліфікаваныя рабочыя сталі «самымі моцнымі спаборнікамі гэтага рэжыму». Ён не мог уявіць, што для барацьбы з Лукашэнкам спатрэбіцца тэхналагічны бунт.

Цяпер, калі база звестак чыноўнікаў МУС узламаная, Цапкала прызнаў, што супрацоўнікам спецслужбаў давялося прыняць цяжкую пастанову, але заклікаў іх спыніць выконваць незаконныя загады і звольніцца. «Мы заклікаем іх сысці ў адстаўку», - сказаў ён.

Агульная колькасць тэхнічных экспэртаў, актыўна выступаюць супраць урада, нeвядомая. Юра кажа, што дагэтуль было «прыблізна 50-100 кіберпартызан. А можа, і больш. Гэта толькі пачатак».

Кіберпартызаны працуюць не ў адзіночку. Ён згадаў, што былі і іншыя хакерскія групы, але ўзніклі складанасці пры працы калектыўна, бо яны павінны давяраць адзін аднаму. Міліцыя спрабуе патрапіць у гэтыя сеткі, і амаль немагчыма абменьвацца інфармацыяй паміж групамі, не выклікаючы падазрэнняў.

Усякі тып антыўрадавай дзейнасці ў Беларусі караецца суровымі прысудамі, таму Юра і ягоная група ідуць на сур'ёзную рызыку: «Я разумею свае рызыкі, але стараюся пра гэта не думаць. Мы стараемся быць больш асцярожнымі», - кажа ён.

Беларускія ўлады прызналі факт выцеку звестак і не будуць спускаць гэта на тармазах. «Сілы, сродкі і тэхналогіі, якімі валодаюць органы ўнутраных спраў, дазваляюць выявіць і прыцягнуць да адказнасці пераважную большасць вінаватых ва ўцечцы асабістых звестак у інтэрнэт», - заявіла прэс-сакратарка міністэрства Вольга Чамаданава.

Але гэтая рызыка і пагроза рэпрэсіяў не стрымліваюць групу хакераў ад прадаўжэння сваёй працы. Яны маюць намер прадаўжаць збіраць інфармацыю аб міліцыі, у тым ліку фатаграфіі, профілі ў сацыяльных сетках, адрасы электроннай пошты, хатнія адрасы і нумары тэлефонаў, усякую інфармацыю, якая будзе выкрываць супрацоўнікаў. Яны былі блізкія да таго, каб атрымаць усю паліцэйскую базу звестак, але выпусцілі свой шанец і «цяпер шукаюць новую магчымасць». Акрамя таго, публікацыя атрыманых звестак - не адзіны спосаб іх агітацыі.

Забягаючы наперад, Юра заявіў, што ў яго няма ніякага жадання станавіцца штатным хакерам: ён прадоўжыць сваю кар'еру ў праграмнай інжынерыі, як толькі Лукашэнка сыдзе канчаткова. Але на гэты момант перадача тэхнічных навыкаў для палітычнай барацьбы з'яўляецца адной з важных стрэл у калчане рэвалюцыі, мэта якой - адхіліць Лукашэнку ад улады.

Спецслужбы Беларусі, відавочна, адыгрываюць ключавую ролю ў гэтай рэвалюцыі і ўтрыманні Лукашэнкі пры ўладзе. Яны добра аплачваюцца, добра абсталяваныя і вельмі эфектыўныя ў падаўленні і ўсякіх антылукашэнкаўскіх і наогул усякіх дэмакратычных настрояў па ўсёй краіне, якімі б нязначнымі або буйнымі яны ні былі.

- Лукашэнка, мы цябе папярэджваем - пад балаклавай не схаваешся, - наказвае Nexta.

Напісаць каментар 24

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках