26 красавiка 2024, Пятніца, 9:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Naviband: Ісці да святла і ніколі не спыняцца

2
Naviband: Ісці да святла і ніколі не спыняцца

Мара беларусаў - жыць у вольнай краіне.

Яны прыехалі на канцэрт салідарнасці «Сэрцам з Беларуссю» ў Беластоку 2 кастрычніка - і з таго дня увесь час у туры. Ксюша і Арцём, лідары гурта Naviband, граюць канцэрты ў Польшчы, каб прыцягнуць увагу да падзей у Беларусі і падтрымаць грамадзянскую супольнасць за межамі краіны. Журналістка «Белсата» Вольга Гардзейчык паразмаўляла з музыкамі.

- Зусім нядаўна я бачыла вас на Маршы жанчын на Камароўцы ў Менску. Вы прыехалі ў Польшчу запланавана або гэта быў вымушаны і тэрміновы выезд?

- Мы прыехалі на запрашэнне. Пасля канцэрту ў Беластоку выступілі ў Варшаве на імправізаванай Плошчы перамен, а цяпер у нас яшчэ некалькі сольных канцэртаў - першы быў у Гданьску, потым - Уроцлаў, Кракаў і Варшава. Але выязджалі мы ў спешцы, гэта праўда. Мы не адчувалі сябе бяспечна апошнім часам, цяжка было працаваць, было проста страшна. Мы шукалі нейкай магчымасці ўздыхнуць, каб вярнулася натхненне.

- Якія ўражанні ад канцэрту ў Гданьску? Што змянілася ў параўнанні з мінулымі вашымі выступамі?

- Уражанні файныя. Квіткі былі прададзеныя за адну гадзіну, гэта прыемна здзівіла. Ясна, што ўсе ў зале былі ў масках і сядзелі асобна, але гэта не было перашкодай, людзі былі вельмі ўдзячныя, што наогул нешта беларускае праходзіць. А арганізатары, калі зразумелі, што мала месцаў на канцэрце, падключылі онлайн-трансляцыю, і канцэрт глядзелі таксама ў інтэрнэце.

Мы адчулі вялікую падтрымку і салідарнасць. Напрыклад, у Гданьску мы гасцявалі ў Анджэя Стэльмашэўскага з фонду Ратуша Культура, фонд актыўна падключыўся і да арганізацыі нашага канцэрта, ды і ў цэлым - людзі вельмі падтрымліваюць, ведаюць «Жыве Беларусь», пытаюцца, як там у нас.

- І што вы адказваеце - як там у нас?

- Распавядаць няма чаго, бо інфармацыю ўсе ведаюць, яе тут шмат. Але нам спачуваюць і падтрымліваюць, і многія кажуць, што гэта выдатны час для Беларусі, таму што нараджаецца нацыя, народ - і гэта павінна так адбывацца. А вось што адбываецца гэта цаной ахвяр - за гэта нам спачуваюць.

- А што адчуваеце на сёння вы самі, як бачыце нашу сітуацыю звонку?

- Мы ганарымся. Мы бачым, што людзі не баяцца, і ніхто ўжо гэтага не спыніць, як бы гэта не імкнуліся зрабіць. Будуць маляваць, будуць вывешваць, будуць выходзіць, будуць казаць, спяваць, гэтага не спыніць.

Балюча, што мы не можам шмат зрабіць. У Менску мы зразумелі, што адзінае, што мы можам - гэта проста спяваць. Казаць праз сваю музыку, што мы побач, мы разам з людзьмі, і гэта галоўнае.

І тут мы адчуваем тое ж: тут, у Польшчы, мы падтрымліваем і эмоцыяй, і словамі і песнямі нашых выдатных беларусаў, тых у Беларусі, і тых у Польшчы і далей па свеце. Беларуская супольнасць вельмі згуртаваная апошнім часам. Людзі тут даволі часта нам кажуць з болем, што хацелі б быць там зараз, але з нейкіх прычын не могуць. І мы адказваем, што гэта нічога, што галоўнае - што мы ўсе цяпер адзіныя ў сваім жаданні, у сваёй мары.

- А якая гэта мара?

- Жыць у вольнай краіне. У прыгожай, цудоўнай Беларусі, дзе людзі паважаюць адзін аднаго, а ўлады шануюць людзей культуру і імкнуцца іх пачуць, дзе людзі маюць права выказвацца і маюць свой голас. Дзе мы можам сустракацца кожную нядзелю і святкаваць сваю перамогу. Дарэчы, як толькі мы прыехалі сюды, у нас з'явілася новая песня. Бо ўвесь боль і ўсе адчуванні неяк так скандэнсаваліся - і выліліся ў музыку, у песню. Цяпер мы працуем над ёй на адлегласці з нашымі хлопцамі.

- Пра што ваша новая песня?

- Напэўна, пра тое, што ў беларусаў сэрцы адкрытыя і вялікія. І мільёны гэтых адкрытых сэрцаў будуць ісці наперад, да святла, і ніколі ўжо не спыняцца.

Найбліжэйшыя канцэрты гурта Naviband - Варшава 22.10. На канцэртах будзе праходзіць збор сродкаў на падтрымку беларускіх уцекачоў у Польшчы.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках