26 красавiка 2024, Пятніца, 19:52
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

ЦВК Грузіі заявіла пра перамогу кіроўнай партыі на выбарах

10
ЦВК Грузіі заявіла пра перамогу кіроўнай партыі на выбарах
ФОТА: REUTERS/IRAKLI GEDENIDZE

Апазіцыя збірае акцыю пратэсту ў Тбілісі.

Пасля падліку больш за 80% галасоў на парламенцкіх выбарах у Грузіі ў лідарах кіроўная партыя Грузінская мара. Аднак апазіцыя рыхтуецца апратэставаць вынікі і збірае вулічныя акцыі, змагаючыся за права сфармаваць кааліцыю ў парламенце.

Выбары ў парламент Грузіі адбыліся ў суботу, 31 кастрычніка. Пасля падліку 80,22% галасоў выбарцаў (з 3086 выбарчых участкаў з 3847) перамагае кіроўная партыя Грузінская мара Бідзіны Іванішвілі, паведамляе «Новое время». Паводле звестак ЦВК, гэтая партыя набірае 48,34% галасоў.

Апазіцыйны блок Адзіны нацыянальны рух - Аб'яднаная апазіцыя (у яго ўваходзіць і палітсілы Міхаіла Саакашвілі) на гэтым этапе падліку атрымлівае 26,43%, а партыя Еўрапейская Грузія - 3,78%. Усяго ў парламент праходзяць пяць партый і два блокі.

Лічбы, падобныя да звестак ЦВК Грузіі, раней апублікавалі паводле вынікаў некалькіх экзітполаў. Са звестак апытання, праведзенага кампаніяй Public Opinion Strategy на замову тэлекампаніі Імеды, кіроўная партыя атрымала перамогу, набраўшы 55% галасоў, а паводле вынікаў экзітполу тэлекампаніі Руставі-2, Грузінская мара атрымала 52,26% галасоў, тады як блок Саакашвілі Адзіны нацыянальны рух - 25,33%.

Усяго ўдзел у выбарах прынялі 48 палітычных партый і два перадвыбарныя блокі, у якія ўваходзяць сем палітычных партый.

Выбары ў Грузіі ўпершыню прайшлі паводле новай сістэмы, нагадвае Расейская служба ВВС. Адным з новаўвядзенняў стаў так званы механізм замка: партыя, якая набрала менш за 40% на прапарцыйных выбарах, не зможа сфармаваць аднапартыйную большасць.

Акрамя таго, у гэтым годзе грузінскія выбарцы выбіралі 120 дэпутатаў паводле прапарцыйнай сістэмы (замест ранейшых 7) і 30 мажарытарыеў (замест 73).

Тым часам грузінская апазіцыя заявіла пра сваю нязгоду з афіцыйнымі звесткамі падліку галасоў, спасылаючыся на звесткі яшчэ аднаго экзітполу, праведзенага кампаніяй Ipsоs на замову тэлекампаніі Мтавары. Паводле гэтых лічбаў, на стане 17:00 у дзень галасавання кіроўная партыя хоць і перамагала на выбарах (набіраючы 41%), але ў суме апазіцыйныя партыі апярэджваюць Грузінскую мару.

Праз гэта прыхільнікі апазіцыі ўжо пасля закрыцця ўчасткаў 31 кастрычніка сабраліся на цэнтральным праспекце Руставелі ў Тбілісі, а таксама запланавалі новую акцыю пратэсту на нядзелю, 1 лістапада.

Апазіцыйныя лідары заклікалі ўсіх, хто падтрымлівае апазіцыю, 1 лістапада а 16:00 зноў выйсці на праспект Руставелі. «Гэта былі не выбары, гэта была вайна! І мы не саступілі ў гэтай вайне! » - сказаў журналістам мажарытарны кандыдат ад апазіцыі Ніка Мелія, абвяшчаючы аб супольнай пастанове апазіцыйных лідараў.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках