20 траўня 2024, панядзелак, 22:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Страйковец «Гродна Азоту»: Мне не будзе сорамна глядзець дзецям у вочы, калі яны вырастуць

Страйковец «Гродна Азоту»: Мне не будзе сорамна глядзець дзецям у вочы, калі яны вырастуць

Многія работнікі гарадзенскага прадпрыемства падтрымліваюць перамены.

Аляксей Дарагі, гадоў, Гародня

Аляксей працуе на «Гродна Азоце» 15 гадоў, патрапіў па накіраванні ад вучэльні на пасаду зваршчыка, пасля працаваў слесарам, а далей перайшоў на пасаду слесара-рамонтніка 5 разраду. Мяняць працу не збіраўся - усё задавальняла. Да 9 жніўня, паведамляе «Белсат».

«Сітуацыю змянілі выбары. Мне, як і астатнім, хацелася змены ўлады, а таксама каб не было гвалту над мірнымі людзьмі. 26 кастрычніка я з іншымі супрацоўнікамі «Гродна Азоту» выйшаў да прахадной. Усіх затрымалі, даставілі ў РАУС, дзе на нас склалі пратаколы на падставе арт.23.34 КоАП - за несанкцыянаваны пікет», - распавядае Аляксей.

Патрабаванні ў рабочых былі палітычныя: адстаўка Лукашэнкі, новыя сумленныя выбары, вызваленне палітвязняў і г.д. Усяго на прахадной 26 кастрычніка затрымалі 33 супрацоўнікаў «Гродна Азоту». Усіх звольнілі. Як кажа Аляксей, на заводзе няма каму працаваць, таму некаторых прынялі назад. Але большасць не вярнулася, маўляў, прасіць прабачэння не збіраюцца.

«Заказным лістом мне паведамілі, што я звольнены і трэба забраць працоўную кніжку ў аддзеле кадраў. Афіцыйна прычынай звальнення стала парушэнне працоўнай дысцыпліны. Але гэтага ў маім выпадку не было, бо я прыйшоў на прахадную ў свой выхадны дзень», - тлумачыць Аляксей.

На думку Аляксея, ён нічога дрэннага не зрабіў, але хадзіць нешта даводзіць не збіраецца, бо мяркуе, што ў Беларусі перасталі дзейнічаць законы. Цяпер у Аляксея няма планаў на найбліжэйшую будучыню. Ён збіраецца сачыць за сітуацыяй. Маўляў, з задавальненнем бы вярнуўся на сваю працу пасля змены ўлады.

«Многія мае калегі падтрымліваюць перамены, але яны баяцца. Баяцца менавіта быць звольненымі, бо ва ўсіх адна праблема - крэдыты на жыллё, маленькія дзеці. Але мы не павінны апускаць рукі. Калі мы гэта зробім - будзе канец усяму. Людзі не павінны здавацца», - мяркуе Аляксей.

Дома Аляксея падтрымлівае жонка, якая сказала, што яны «не прападуць». У іх двое дзетак. Аляксей на «Гродна Азоце» зарабляў 1100-1200 рублёў. Хоць знайсці працу яму цяпер будзе цяжка, але ён не шкадуе ні пра што. «Затое мне не сорамна будзе глядзець сваім дзецям у вочы, калі яны вырастуць», - патлумачыў Аляксей.

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках