Еўрадэпутат: У Еўрапарламенце ёсць кансэнсус датычна трэцяга пакету санкцый супраць «кіраўніка калгаса»
12- 28.11.2020, 8:16
- 50,052
Захад павінен аддаваць больш увагі Беларусі.
Еўрадэпутат-чалец фракцыі «зялёныя» Сяргей Лагадзінскі мяркуе, што на самай справе Захад занадта мала аддае ўвагі Беларусі для таго, каб яму можна было высоўваць прэтэнзіі ў падтрымцы пратэстоўцаў, паведамляе «Голас Амерыкі».
«Мне здаецца, што Еўрапейскі Звяз павінен быў своечасова пачаць выконваць актыўную ролю ў гэтай сітуацыі. Вядома, гаворка ідзе не пра фантазіі нашых калегаў у Менску ці ў Маскве, а пра падтрымку дэмакратычных спадзяванняў беларускага народа.
Дарэчы, напярэдадні ў Еўрапейскім парламенце адбыліся дэбаты, падчас якіх абмяркоўваліся грубыя парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама гібель грамадзянскага актывіста Рамана Бандарэнкі. Падчас гэтых дэбатаў выступіла блізу дваццаці еўрапарламентарыяў. Таксама стала вядома, што Еўрапарламент заклікаў замарозіць прызначаныя для афіцыйнага Менска сродкі ЕЗ да правядзення ў Беларусі свабодных і справядлівых выбараў.
Сяргей Лагадзінскі пракаментаваў магчымасць трэцяга пакету санкцыяў супраць набліжаных да Аляксандра Лукашэнкі людзей. "Думаю, гэта цалкам імаверна. У Еўрапарламенце ёсць кансэнсус у тым плане, што новы пакет санкцый патрэбны", – адзначыў ён.
І ўдакладніў: «Прычым гэтыя санкцыі павінны быць накіраваныя не толькі на звычайных палітыкаў у атачэнні Лукашэнкі, але і на алігархаў. І нават ёсць думкі з нагоды некаторых фірмаў, якія звязаныя з рэжымам, ці маюць нейкае дачыненне да рэпрэсій. Прычым, наколькі я разумею, над такой магчымасцю думаюць не толькі ў Еўрапарламенце, але і ў іншых інстытуцыях Еўрапейскага Звязу».
Палітык таксама сказаў, што, хутчэй за ўсё, гаворка ў гэтым выпадку ідзе не пра сектаральныя, а пра кропкавыя або персанальныя санкцыі. «У нас жа не так шмат інструментаў (уздзеяння). І таму чым мацней пагаршаецца сітуацыя ў Беларусі, тым даводзіцца ўсё дбайней варушыць існы інструментарый. І гэта будзе тычыцца, у тым ліку, і самога «кіраўніка калгаса», – мяркуе Сяргей Лагадзінскі.