27 красавiка 2024, Субота, 0:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Mr. Freeman: Абаронцы Лукашэнкі ў пастцы, а беларусы змагаюцца за сваю будучыню

7
Mr. Freeman: Абаронцы Лукашэнкі ў пастцы, а беларусы змагаюцца за сваю будучыню

Адважным жыхарам беларускіх гарадоў патрэбныя словы падтрымкі.

На мінулым тыдні знакаміты анімацыйны персанаж Mr. Freeman выклаў новае відэа «Я выходжу!» (апошнія словы загінулага Рамана Бандарэнкі) у падтрымку беларусаў-пратэстоўцаў. Выданне «Новая газета» даведалася, што прымусіла знакамітага персанажа «выйсці з комы» і перапыніць творчае маўчанне. Прыводзім адтуль выбраныя цытаты.

Mr. Freeman (перакладаецца з ангельскай як «Спадар Свабодны Чалавек») – гэта анімацыйны персанаж і аднайменны вэб-серыял, які з'явіўся на YouTube 21 верасня 2009 года і заваяваў значную папулярнасць у расейскамоўным сегменце інтэрнэту. Як правіла, у кадры з'яўляецца Mr. Freeman, які прамаўляе маналог, што крытыкуе лад жыцця сучаснага абываталя.

На лістапад 2020 года ў YouTube-канала персанажа – 1,39 мільёна падпісчыкаў. Самога Mr. Freeman-а агучвае актор Вадзім Дземчог (ён таксама дапамагае са сцэнарамі ролікаў). Стваральнікамі серыялу з'яўляюцца: Павал Мунцян (аўтар ідэі, сцэнарыст), Уладзімір Панамароў (рэжысёр), Анатоль Дабражан (аўтар тэкстаў, сцэнарыст) і ўжо згаданы Вадзім Дземчог (актор, сцэнарыст).

Выданне «Новая газета» зрабіла з персанажам вялікае інтэрв'ю. На пытанне, чаму менавіта беларусы абудзілі Mr. Freeman-а, той адказаў наступнае:

– Таму што ёсць магчымасць нешта памяняць для цэлага народа.

Маштаб праблемы, перарослай у катастрофу, настолькі вялікі, што пра гэта не казаць нельга. Сітуацыя страшная. Цяпер ужо ні адзін з бакоў не можа адступіць.

Сілавікі перагнулі, і ім няма шляху назад. Калі яны дадуць па тармазах, то народ іх будзе судзіць з усёй строгасці. Або ўсім прадстаўнікам сілавых структураў давядзецца ўцякаць з краіны. Як і куды? Абаронцы Лукашэнкі апынуліся ў пастцы: калі ўцякаць ад сваёй краіны, то варыянтаў для ўцёкаў мала... Народ не можа адступіць, таму што ні сілавікі, ні Лукашэнка цяпер ужо ніколі не будуць разам з народам, заўсёды – супраць.

Тут няма пункту прымірэння.

Суразмоўца выдання мяркуе, што «пра тое, што адбываецца ў Беларусі, няправільна казаць завуалявана».

– Трэба не казаць, а крычаць; нават не крычаць, а скалынаць усё вакол лямантам і стогнам. У сітуацыі, якая склалася, жыхарам гэтай цудоўнай краіны, якія змагаюцца за сваю будучыню ў Менску, Гародні, Гомелі, Магілёве і іншых гарадах, не патрэбныя словы сумневаў, ім патрэбныя словы падтрымкі. Пенсіянеры, студэнты, школьнікі, айцішнікі, кандытары, кіроўцы, мастакі, завадчане, бізнэсмэны, журналісты, артысты, усе-ўсе-ўсе – людзі, якія хочуць атрымаць свае канстытуцыйныя правы, яны не хочуць чагосьці звышнатуральнага.

Самае страшнае для іх сёння – гэта глухата, слепата і сфармаваная агрэсія самага блізкага для іх народа – расейцаў.

Давайце паглядзім глыбей! У расейскіх СМІ ідзе прапампоўка, што сцяг, з якім змагаюцца за свабоду (БЧБ-сцяг), – фашысцкі. Прэзідэнт Беларусі называе свой народ, які змагаецца за канстытуцыйныя правы, «алкаголікамі, наркаманамі і прастытуткамі», а ў Расеі на федэральных каналах простых грамадзянаў Беларусі, якія выходзяць на вуліцы, называюць «правакатарамі і фашыстамі». Жаданне сумленных выбараў у СМІ абедзвюх краінаў называецца рэвалюцыяй, спробай дзяржаўнага перавароту. У выніку ўрад РФ, які ўсюды шукае ворагаў, сам стварае новы пласт варожасці. Ужо не першы год усё сеціва бурліць нянавісцю сярэднестатыстычных расейцаў да жыхароў Украіны. А цяпер будзе бурліць яшчэ і да жыхароў Беларусі. Гэта страшна... Хто ў гэтым вінаваты? Незмяняльная ўлада. Можна пра гэта маўчаць? Не!

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках