10 траўня 2024, Пятніца, 13:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Еўразвяз ударыць па бізнэсмэнах таракана

10
Еўразвяз ударыць па бізнэсмэнах таракана

Як трэці раўнд санкцый дапаможа беларусам у барацьбе з рэжымам.

Ужо ў найбліжэйшы час Беларусь пачуе імёны персонаў, якія падпалі пад трэці санкцыйны пакет Еўразвязу. Свае абмежаванні рыхтуюць і Злучаныя Штаты Амерыкі. На што робіць ухіл Брусэль? І як намаганні еўрадэпутатаў дапамогуць Беларусі ў барацьбе з рэжымам Лукашэнкі?

Сітуацыю каментуюць Роберт Бедрань, старшыня дэлегацыі Еўрапарламента ў справах стасункаў з Беларуссю, Пятрас Аўштравічус, спецдакладнік Еўрапарламента датычна Беларусі, Петэр Стана, прэс-сакратар Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі і Станіслаў Івашкевіч, журналіст-даследнік, эканамічны аглядальнік «Белсата».

У сваіх дзеяннях еўрапейскія чыноўнікі кіруюцца жаданнем падтрымаць беларускі народ, таму што ўсё яшчэ бачаць рэпрэсіі ў дачыненні да мірнага насельніцтва.

Каментуе Петэр Стана, прэс-сакратар Еўразвязу ў замежных справах і палітыцы бяспекі:

«Мы хочам бачыць, каб голас беларусаў быў пачуты. Паколькі гэтага не адбываецца, мы прымаем санкцыі датычна асобаў, якія маюць дачыненне да рэпрэсій у Беларусі. Падчас першых двух раўндаў пад абмежаванні трапіла больш за 50 чалавек. Цяпер рыхтуецца трэці раўнд санкцый».

Першыя два санкцыйныя пакеты закранулі блізкае атачэнне Лукашэнкі, яго самога, кіраўнікоў сілавых структураў, суддзяў і чыноўнікаў, якія маюць дачыненне да фальсіфікацыі выбараў. Трэці пакет санкцый павінен ахапіць бізнэс. Гаворка не толькі пра асобныя бізнэсмэнаў, але і пра цэлыя кампаніі, якія спрыяюць узбагачэнню рэжыму Лукашэнкі.

Роберт Бедрань, старшыня дэлегацыі Еўрапарламента ў справах стасункаў з Беларуссю, заявіў:

«Еўразвяз мае высокага камісара ў знешняй палітыцы, у рамках гэтай пасады мы маем пэўныя структуры, якія да гэтага часу манітораць сітуацыю ў Беларусі. Назіральнікі з асобных краінаў пераказваюць інфармацыю. Такім чынам мы збіраем інфармацыю датычна тых асобаў і фірмаў, якія супрацоўнічаюць з рэжымам Лукашэнкі».

Схемы адтоку грошай з прыкметамі карупцыі ёсць фактычна ў кожнай буйной галіне эканомікі – ад медыцыны да нафтаперапрацоўкі, сцвярджае журналіст-даследнік Станіслаў Івашкевіч.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсата», заявіў:

«З нашых расследаванняў мы бачылі, што ў шматлікіх кампаніях, якія маюць прывілеяваны статус у Беларусі, працуюць адстаўныя сілавікі. Складаецца такое ўражанне, што гэта і ёсць у пэўным сэнсе кармленне, якім у тым ліку ўтрымліваецца лаяльнасць як адстаўных высокапастаўленых сілавікоў, так і дзейных, праз якіх тыя адстаўнікі развязваюць пытанні».

Пакуль жа пошук каналаў, па якіх з Беларусі адбываецца вывад грошай атачэння Лукашэнкі, вывучаюць у тым ліку спецыялісты міжнароднай сеткі даследнікаў арганізаванай злачыннасці і карупцыі OCCRP. Дапамагаюць і незалежныя аналітычныя арганізацыі з Беларусі. Нярэдка бізнэсмэны не толькі працуюць на ўсходнім рынку, але і маюць стасункі з Еўразвязам.

Раней у чорныя спісы Еўразвязу траплялі бізнэсмэны Уладзімір Пефціеў, Анатоль Тарнаўскі і Юры Чыж. Новыя імёны абнародуюць ужо неўзабаве. Спіс можа быць значна шырэйшы: такі сігнал Еўрапарламент прадэманстраваў апошняй прынятай рэзалюцыяй. Уключаным у санкцыйных спіс асобам будзе забаронены ўезд у Еўразвяз, выкарыстанне еўрапейскіх авіяліній для падарожжаў, блакаванне рахункаў і немагчымасць іх выкарыстання для камерцыйных аперацый.

Пятрас Аўштравічус, спецдакладнік Еўрапарламента датычна Беларусі, каментуе сітуацыю:

«Вытрымліваць такую барацьбу з людзьмі – гэта каштуе грошай. Неабходна фінансава матываваць АМАП і іншыя сілавыя структуры, таму ўключэнне такіх алігархаў, я думаю, можа закрануць вельмі сур'ёзна».

Фінансавыя санкцыі павінны спрацаваць, аднак, кропкава. Катэгарычны ўдар рэжыму Лукашэнкі нанеслі б, тым не менш, сектаральныя абмежаванні. Напрыклад, эмбарга на экспарт калійных угнаенняў або нафтапрадуктаў. Калі сітуацыя ў Беларусі істотна не зменіцца, то Еўразвяз паабяцаў перайсці да разгляду наступнага этапу – чацвёртага санкцыйнага пакета.

Паводле словаў еўрадэпутатаў Роберта Бедраня і Пятраса Аўштравічус, трэці пакет санкцый Еўразвязу, хутчэй за ўсё, прымуць да канца года. Пасля гэтага пачнецца праца над чацвёртым пакетам, калі сітуацыя ў Беларусі не палепшыцца. Больш шырокія абмежаванні можа прынесці амерыканскі «Акт аб дэмакратыі ў Беларусі». Аднак спачатку яго трэба будзе канчаткова прыняць парламенту ЗША і новаму прэзідэнту. Гэта можа адбыцца пасля таго, як новы гаспадар Белага дому зойме сваю пасаду 20 студзеня, праз паўтара месяца.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках