21 траўня 2024, aўторак, 22:55
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віктар Гарбачоў: Цяпер па БТ пачуем пра тое, хто ў рэальнасці давёў краіну да ручкі

12
Віктар Гарбачоў: Цяпер па БТ пачуем пра тое, хто ў рэальнасці давёў краіну да ручкі

Ужо сеў ля экрана, купіў папкорн і чакаю.

Вядомы прадпрымальнік адмыслова для «Салiдарнасцi» - пра запаветы Лукашэнкі, што прагучалі ў адрас дзяржаўных СМІ.

- Вось! Вось яно. Як жа я гэтага доўга чакаў. Чакаў і верыў! 25 гадоў чакаў. І вось - сумленнасць і аб'ектыўнасць вяртаюцца на старонкі дзяржаўных СМІ і на ўсе каналы дзяржаўнай тэлевізіі. Цяпер толькі там праўду пачуем і прачытаем, - іранізуе Віктар Гарбачоў.

- Нам хапае з аднаго і другога боку. І ў гэтых няпростых умовах надзвычай важна ўзяць і ўтрымаць увагу. Але пры гэтым не страціць даверу гледачоў, чытачоў і слухачоў. Неабходна сумленна і аб'ектыўна гаварыць з людзьмі на зразумелай мове, даносіць ім нашу пазіцыю. У нас гэтага крыху не стае.

Усё! «Макароны і локшыну» можна скідаць з вушэй. Сам «лідар» папрасіў. Правёў нараду з кіраўнікамі «найбуйнейшых» дзяржаўных СМІ краіны і даў пажаданне, як працаваць, каб выйграць у канкурэнтнай барацьбе за беларускую аўдыторыю

Праўда, як паспрабуеш параўнаць аўдыторыю гэтых найбуйнейшых дзяржаўных з незалежнымі, у інтэрнэце, дык да смеху і слёз. Большасць аўдыторыі - у незалежных (пры гэтым, як мы ведаем, народныя грошы з бюджэту даюць толькі дзяржаўным СМІ).

І чаму ж так? Ды «таму што» веры незалежным больш, ды і сумленнасці з аб'ектыўнасцю не займаць у іх. Вось і ўспудзіўся «лідар», ды напярэдадні выбараў вырашыў нагадаць пра сумленнасць і аб'ектыўнасць.

Цяпер чакаем, калі з экранаў БТ пачуем праўду пра сярэдні заробак па краіне. Калі нам пакажуць шматдзетную маму, што атрымлівае 70 рублёў на ферме за месяц. Чакаем, калі на перадачы будуць пускаць не толькі каго трэба, але і людзей з вуліцы. Жывых трансляцый чакаем без выразання сумленнасці і аб'ектыўнасці. Чакаем, калі незалежным назіральнікам на выбарчых участках будуць даваць слова. Мы вельмі моцна чакаем.

Чакаем, калі загавораць сумленна і праўдзіва аб стане спраў у медыцыне. Пра тое, што лекі дарагія. Што пенсіянеры не на мора ездзяць адпачываць пасля 30-40 гадоў працоўных подзвігаў, а думаюць, як жа і на што набыць гэтыя лекі?

Чакаем, калі на экранах ТВ будзе выступаць не толькі адна асоба і адзін «лідар», а калі пакажуць іншых разумных і талковых грамадзян краіны. Хочацца пачуць не толькі пра ворагаў унутраных і знешніх, пра вінаватых ва ўсіх праблемах, але і пра тое, хто ў рэальнасці давёў краіну да ручкі.

Ужо сеў ля экрана, купіў папкорн і чакаю. Калі ж гэтыя патокі сумленнасці і аб'ектыўнасці мяне накрыюць? Ужо карціць.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках