Расейскія навукоўцы і журналісты заступіліся за палітвязняў
2- 13.02.2020, 17:01
- 13,878
Апублікаванае патрабаванне да ўладаў.
У Расеі навукоўцы і навуковыя журналісты запатрабавалі скасаваць прысуд паводле справы "Сеткі", фігурантаў якога прысудзілі да тэрмінаў ад шасці да 18 гадоў паводле абвінавачання ў арганізацыі тэрарыстычнай супольнасці і ўдзеле ў ёй. Ліст апублікаваны на сайце Scientific.Ru.
"Мы, расейскія навукоўцы і навуковыя журналісты, абураныя прысудам паводле так званай справы "Сеткі", вынесенай 10 лютага 2020 года ў Пензе. Сямёра маладзёнаў, якія не ўчынілі ніякіх небяспечных дзеянняў, асуджаныя на турэмныя тэрміны ад шасці да 18 гадоў нібыта за стварэнне тэрарыстычнай супольнасці. Такое суровае абвінавачанне грунтуецца на даволі падазроных доказах. Асуджаныя неаднаразова паведамлялі пра катаванні, якія яны зазнавалі для атрымання прызнальных паказанняў, аднак гэтыя заявы падчас следства і суда былі фактычна праігнараваныя", - гаворыцца ў заяве.
Аўтары звароту назвалі справу "Сеткі" сфабрыкаванай, а прысуд назвалі сведчаннем паралічу незалежнай судовай сістэмы ў Расеі.
"У адрозненне ад тых выдуманых "тэрактаў", якія нібыта "планавалі запланаваць" асуджаныя, пастанова паводле справы "Сеткі" і ёсць самы сапраўдны акт тэрору, які наносіць жорсткі ўдар па асновах расейскай дзяржаўнасці", - гаворыцца ў лісце.
Яго аўтары патрабуюць неадкладна скасаваць прысуд, расследаваць абставіны фабрыкацыі справы, пакараць датычных да яго службовых асоб і забяспечыць строгае выкананне закона ўсімі сілавымі і праваахоўнымі структурамі.
"Тэрор супраць уласных грамадзян несумяшчальны з нармальным развіццём нашай краіны і згубны для яе навукі, культуры і адукацыі", - сказана ў заяве.
Ліст на сайце адкрыты для падпісання. На гэты момант яго падпісалі блізу 2 тысяч чалавек.