ЗША ўвялі санкцыі супраць расейскага распрацоўніка гіпергукавых ракет
4- 13.02.2020, 18:37
- 18,358
Санкцыі ўведзеныя за парушэнне рэжыму нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння.
ЗША ўвялі санкцый супраць трох расейскіх абаронных прадпрыемстваў за парушэнне рэжыму нераспаўсюджвання зброі масавага знішчэння.
Пад абмежавальнымі захадамі з 3 лютага знаходзіцца ВПК «НВА машынабудавання» - найбуйнейшы ў Расеі распрацоўнік баявых ракетных комплексаў, вынікае з паведамлення ў рэестры нарматыўных актаў Federal Register, піша finanz.ru.
З гэтага часу прадпрыемству, якое распрацоўвае поўны спектр ракетнай і касмічнай тэхнікі - ад ракет-носьбітаў і спадарожнікаў да крылатых і балістычных ракет, - забароненыя кантакты з амерыканскімі дзяржструктурамі і закупы амерыканскага абсталявання.
Пад аналагічныя санкцыі патрапілі Кумертаўскае авіяцыйнае вытворчае прадпрыемства - размешчаны ў Башкірыі завод, дзе вырабляюцца і рамантуюцца верталёты Ка-266, а таксама тульскае «Канструктарскае бюро прыборабудавання», у лінейцы якога высокадакладная зброя, сістэмы СПА, у тым ліку комплексы «Панцыр-С1».
«НВА машынабудавання» з'яўляецца распрацоўнікам гіпергукавых ракет «Цыркон» - аднаго з шасці тыпаў найноўшай зброі, якую прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін прадставіў публіцы ў 2018 годзе.
Паводле звестак амерыканскага Nuclear Threat Intiative (NTI), з анансаваных Расеяй распрацовак пакуль толькі комплексы «Кінжал», створаныя для мадэрнізаваных далёкіх перахопнікаў МіГ-31, у рэчаіснасці існуюць у войсках.
У агляднай перспектыве (да 2022 года) магчымае таксама стварэнне міжкантынентальных ракет «Сармат», якія заменяць ракеты «Ваявода» з боегалоўкамі, што падзяляюцца, але страчваюць баяздольнасць праз драхласць.
Што да іншых распрацовак, то яны альбо з'яўляюцца аддаленай перспектывай, альбо немагчымыя ў прынцыпе.
Напрыклад, ракета «Цыркон», якая паводле расейскіх звестак, праходзіць выпрабаванні, можа з'явіцца толькі ў «2025-30 гадах альбо пазней», беспілотная субмарына «Пасейдон» - пасля 2027 года, а ракета з ядзерным рухавіком «Буравеснік» - «пасля 2030, калі наогул будзе пабудаваная», адзначае NTI.