26 красавiка 2024, Пятніца, 14:19
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сыдзіце па-добраму!

86
Сыдзіце па-добраму!

Зварот беларускага народа да Лукашэнкі.

«Народная грамада» праводзіць кампанію #лукашэнкасыходзь.

Лукашэнка неаднаразова публічна заяўляў, што ён сыдзе з пасады, калі народ яго папросіць. Пра гэта гаворыцца ў прэс-рэлізе «Народнай грамады», атрыманым рэдакцыяй Charter97.org.

13 лютага на сайце Народнай Грамады быў размешчаны відэазварот, у якім народ Беларусі патрабуе выканаць гэтае абяцанне. Таксама апублікаваны тэкст звароту «Сыдзіце па-добраму», адкрыты да падпісання для грамадзян Беларусі.

Толькі за ўчорашні вечар колькасць праглядаў відэазвароту склала блізу 71 тысячы, а пад тэкстам звароту падпісалася ўжо больш за 1000 чалавек.

Зварот да незаконнага выканаўцы абавязкаў Аляксандра Лукашэнкі

Падчас першых прэзідэнцкіх выбараў 26 гадоў таму вы абяцалі пакінуць пасаду прэзідэнта, калі народ папросіць. Цяпер мы просім вас выканаць гэтае абяцанне і больш не пераабірацца на сваю пасаду.

Нагадваем, што 26 гадоў таму вы абяцалі «адрываць галовы» чыноўнікам за крадзеж і карупцыю. Але злодзеяў і карупцыянераў з тых часоў становіцца ўсё больш і больш.

Вы самі паказваеце ім прыклад. Пабудавалі 18 асабістых рэзідэнцый. Такога няма нават у ангельскай каралевы. А нас прымусілі за вялікія грошы прыватызаваць «хрушчоўкі», якія атрымлівалі яшчэ ў Савецкім Саюзе.

У вас некалькі самалётаў коштам сотні мільёнаў даляраў. Вы ездзіце на «Майбаху» за 140 тысяч, носіце гадзіннік, даражэйшы за нашыя кватэры. Ды яшчэ папракаеце нас, што мы ездзім на патрыманых іншамарках, якія каштуюць як вашы лыжы.

26 гадоў таму вы абяцалі запусціць заводы. Але за гады вашага праўлення заводы ў большасці раёнаў наогул зніклі. А на тых, што яшчэ засталіся, у большасці працоўных жабрацкі заробак.

Каб пракарміць сем'і, сотні тысяч людзей з'язджаюць на заробкі ў Расею, Польшчу, Прыбалтыку. На вуліцах невялікіх гарадоў у цёплы сезон цяжка сустрэць мужчын працаздольнага ўзросту. Большасць моладзі імкнецца пакінуць краіну назаўжды. Мы знікаем.

Калі вы сталі прэзідэнтам, узровень эканомікі і дабрабыту ў нас былі вышэйшымі, чым ва ўсіх суседзяў. Цяпер мы значна адстаём ад усіх, акрамя ваюючай Украіны. Але нават яна нас імкліва даганяе і сёлета, напэўна, абгоніць. Ужо цяпер дапамога ў беспрацоўі і мінімальны заробак там вышэйшыя, чым у нас. А выдаткі на жыццё істотна таннейшыя.

Дайшло да таго, што дзеці ў нас сталі раскошай, якую можа дазволіць сабе далёка не кожная сям'я. За ваша кіраванне насельніцтва Беларусі зменшылася амаль на 800 тысяч чалавек.

Вы абяцалі нам бясплатную якасную медыцыну. Але колькасць платных паслуг бесперапынна расце нават у дзяржаўных лякарнях. Да лекара-спецыяліста немагчыма трапіць і ў Менску, не кажучы пра рэгіёны.

Вы абяцалі нашым дзецям бясплатную вышэйшую адукацыю. Але цяпер 60% студэнтаў плацяць за навучанне.

Раней вы хоць бы абяцалі беларусам «заробкі па 500», а цяпер абзываеце нас «дармаедамі», якія не жадаюць зарабляць.

Але калі мы едзем працаваць у іншыя краіны, нас вызначаюць як працавіты, адказны і адукаваны народ.

Чаму ж у сваёй уласнай краіне мы становімся лянівымі і ні на што не здатнымі дармаедамі? Магчыма, праблема не ў нас, а ў вас?

Вы парушылі свае абяцанні і павялічылі пенсійны ўзрост, бо ў бюджэце бракуе грошай. Але іх не стае толькі на пенсіі, на стыпендыі, на медыцыну. Затое выстарчае на вашы забавы, незразумелыя Еўрапейскія гульні, хакейныя турніры, венскія балі і конкурсы прыгажосці.

Вы доўгія гады хваліліся нашай стабільнасцю. А цяпер раптам загаварылі, што краіна «на тонкім лёдзе», што яе існаванне пад пагрозай. Дык што і як вы будавалі столькі гадоў?

За гады вашага кіравання Расея давала вам велізарныя грошы. На іх можна было зрабіць з Беларусі другую Швайцарыю. Але вы марнавалі іх на свае забавы, на замежныя рахункі для сваёй сям'і, на неапраўданыя «праваахоўныя органы» для абароны вас ад нас.

Цяпер расейскае кіраўніцтва за гэтыя грошы патрабуе, каб Беларусь стала часткай Расеі. Мы ведаем, што пераважная большасць расейцаў жывуць не як у Маскве і Піцеры. Ведаем аб велізарнай карупцыі і алігархах.

Расейская глыбінка вымірае ад галечы, нявыкруткі, дрэннай медыцыны і п'янства. Расея знаходзіцца пад санкцыямі. Яна ўдзельнічае ў некалькіх войнах.

Вы хочаце крывёю нашых дзяцей заплаціць за набраныя вамі пазыкі і вашы мутныя дамоўленасці?

Мы, народ Беларусі, патрабуем ад вас выканання абяцання, дадзенага 26 гадоў таму. 90% беларусаў больш не хоча бачыць вас сваім прэзідэнтам.

Мы патрабуем, каб вы спынілі пераслед сваіх палітычных апанентаў і вярнулі магчымасць удзелу ў выбарах самому паслядоўнаму з іх – Мікалаю Статкевічу. Мы маем права на рэальны выбар з самых розных палітыкаў, а не толькі з адабраных вамі блазнаў.

Мы патрабуем, каб вы адмовіліся ад удзелу ў наступных прэзідэнцкіх выбарах і далі магчымасць правесці іх сумленна і справядліва. Не так, як вы праводзіце.

Мы не хочам крыві і рэвалюцый. Сыдзіце па-добраму, пакуль гэта яшчэ магчыма.

Напісаць каментар 86

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках