26 траўня 2020, aўторак, 19:12
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэй Піянткоўскі: Дыктатары лукашэнкі і пуціны прыходзяць і сыходзяць, а еўрапейская Беларусь застаецца

14
Андрэй Піянткоўскі: Дыктатары лукашэнкі і пуціны прыходзяць і сыходзяць, а еўрапейская Беларусь застаецца
АНДРЭЙ ПІЯНТКОЎСКІ

Мяжа паміж Азіяй і Еўропай узнікае на мяжы паміж РФ і Беларуссю.

Крэмль ніколі не даруе Аляксандру Лукашэнку ягоныя паводзіны за апошнія месяцы, верагоднасць сілавога развязання «беларускага пытання» вельмі высокая.

Такое меркаванне выказаў уцякач у ЗША вядомы расейскі палітолаг і грамадскі дзеяч Андрэй Піянткоўскі на youtube-канале «Фейгін live». Таксама ў дыскусіі ўдзельнічаў лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Андрэй Саннікаў, расейскі эканамічны эксперт Міхаіл Круціхін, піша naviny.by.

Паводле словаў Піянткоўскага, ціск Масквы на Лукашэнку доўжыцца ўсе 25 гадоў, што ён знаходзіцца ва ўладзе. «Шмат у чым ён яго сам правакаваў, ён сам спараджаў», – падкрэсліў Піянткоўскі, адзначыўшы, што Лукашэнка «бліскуча выкарыстаў імперскія комплексы расейскай эліты».

Палітолаг заявіў, што ў 1996 годзе «дэсант з Масквы» (прэм'ер-міністр, спікеры Дзярждумы і Рады Федэрацыі РФ) дапамог Лукашэнку «ажыццявіць канстытуцыйны пераварот, якраз з надзеяй, што ён прынясе Беларусь пад алтар адзінай дзяржавы, уступіць шасцю або сям'ю суб'ектамі» .

«Першыя 15 гадоў Масква захоўвала нейкія надзеі, што Аляксандр Рыгоравіч увойдзе ў нас усімі сваімі сям'ю суб'ектамі. За гэта ён атрымліваў вельмі вялікія эканамічныя прэферэнцыі. Але ён ніколі не думаў сур'ёзна, каб памяняць сваё становішча дыктатара еўрапейскай дзяржавы такога вялікага памеру на пасаду менскага сакратара абкама. За адным маленькім выключэннем: быў такі перыяд у 99-м годзе, калі ў Маскве панаваў поўны хаос (да імпічменту Ельцыну не хапіла некалькіх галасоў, кожныя два месяцы мяняліся прэм'еры). І ён спадзяваўся, што можа стаць кіраўніком гэтай саюзнай дзяржавы і за шапку Манамаха незалежнасць Беларусі быў гатовы тады аддаць. Тады ён пайшоў на самае буйное пагадненне, на якое цяпер спасылаецца Масква», – сказаў Піянткоўскі.

Пасля прыходу ў Расеі да ўлады Уладзіміра Пуціна Лукашэнка «зразумеў, што яму там нічога не свеціць», аднак «увесь гэты гандаль прадаўжаўся».

Жорсткая, як у апошні час, рыторыка ніколі не гучала з вуснаў Лукашэнкі. Ніколі з такой катэгарычнасцю ён не паказваў, што яго груба прымушаюць увайсці ў склад Расеі і што ён гэтага ніколі не зробіць, адзначыў палітолаг.

«Трэба меркаваць, што ў Маскве за ўсё, што ён нагаварыў і нарабіў у апошнія месяцы, не кажучы пра ўвесь гэты чвэрцьвяковы перыяд, ужо ніколі не даруюць», – мяркуе эксперт.

Піянткоўскі сцвярджальна («цалкам можа») адказаў на пытанне, ці паспрабуе Пуцін далучыць Беларусь «жорсткім ваенным шляхам», у тым ліку «захопам установаў» і забойствам Лукашэнкі і ягонага сына Мікалая.

«Гэта чалавек, які вінаваты ў смерці дзясяткаў тысячаў людзей у Сірыі, які кожны дзень цяпер прадаўжае бамбіць гарады, які ажыццяўляў масавыя забойствы ва Украіне, у Чачні. Вядома, можа. І больш за тое, усе аператыўныя планы гатовыя і даўно распрацаваныя... Цалкам відавочна, што варыянт сілавога развязання ўкраінскага пытання разглядаўся сур'ёзна, а каб два разы не ўставаць, будзе развязана і з Беларуссю», – мяркуе палітолаг.

У той самы час, на ягоную думку, «аперацыя ў паглынанні Беларусі» хоць і «тэхнічна здзяйсняльная ў кароткатэрміновым плане», «непрыманне гэтай ідэі масава будзе вельмі сур'ёзнае».

Эксперт перакананы, што для ЗША Беларусь не стане «Берлінам 48-га года, які яны ратавалі ад эканамічнай блакады Крамля».

«Асноўныя рубяжы супрацьстаяння з Расеяй і Кітаем пазначаныя тым самым дзяржсакратаром ЗША Майклам Пампэа ў дактрынальных амерыканскіх дакументах вельмі выразна: мы не дазволім Кітаю захапіць Тайвань, і мы не дазволім Расеі захапіць адну з балтыйскіх дзяржаваў або яе частку. З пытаннем Балтыкі і Тайваня ясна. А вось Беларусь, Украіна, як заўсёды, трапляюць у крыху нявызначаную зону. Але мяркуючы з катэгарычнасці заяваў, якія Пампэа зрабіў у Менску і Кіеве, я думаю, што да Беларусі і Украіны Злучаныя Штаты неабыякавыя хоць бы з той прычыны, што яны ўзялі на сябе абавязальніцтвы абараняць Балтыю ад зусім яснай пагрозы, а пазбаўленне суверэнітэту Украіны і Беларусі Крамлём – гэта крок да ягонай далейшай экспансіі супраць Захаду ў цэлым», – мяркуе Піянткоўскі.

Прагноз развіцця падзей у палітолага неспрыяльны: «У найбліжэйшы час будзе дрэнна. Пуцін – вельмі жорсткі і помслівы чалавек. Мне здаецца, ягоныя стасункі з Лукашэнкам перайшлі ўжо нейкую грань, пасля якой ён яму не даруе тое, што, з ягонага пункту гледжання, зусім несправядліва здзейсніў Лукашэнка. Таму я мяркую вельмі высокай верагоднасць сілавога развязання беларускага пытання... Лукашэнка рыхтуецца ісці на выбары з нацыянальнай картай, вядома, як абаронцы нацыянальных інтарэсаў і прадаўжаць апавядаць, як ён абараняе Беларусь ад спробаў паглынання. І гэта таксама не вельмі задавальняе ў Маскве».

У той самы час, на думку Піянткоўскага, шлях у Еўропу ў Беларусі будзе значна лягчэйшы, чым ва Украіне, «не кажучы ўжо пра Расею».

«З самалёта мяжа паміж Азіяй і Еўропай узнікае на мяжы паміж Расеяй і Беларуссю, і вельмі бачна. Дзікае поле з аднаго боку і дагледжаныя палі, зусім іншая нейкая еўрапейская карціна – з другога. Лукашэнкі і пуціны – прыходзяць і сыходзяць, а еўрапейская Беларусь застаецца», – адзначыў палітолаг.