26 красавiка 2024, Пятніца, 7:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Дуэль дэспатаў

7
Дуэль дэспатаў
Фота: ТАСС

Ці падтрымае NATO Турцыю?

"У Ідлібе Раджэп Таіп Эрдаган і шэф Крамля Уладзімір Пуцін трымаюць курс на канфрантацыю. Турцыя пашырае сваю вайсковую прысутнасць у сірыйскай правінцыі. Ці пакліча яна неўзабаве на дапамогу NATO?", - ставіць пытанне нямецкі часопіс Der Spiegel (пераклад - inopressa.ru).

"Вайну слоў Расея і Турцыя пачалі ў Сірыі даўно. За эскалацыю гвалту ў Ідлібе адказная толькі Анкара, заявіла нядаўна прадстаўніца расейскага міністэрства замежных спраў. Турэцкі прэзідэнт Раджэп Таіп Эрдаган больш-менш адкрыта прыстрашыў вайной свайго расейскага калегу Уладзіміра Пуціна: "Мы сказалі Расеі, што, калі вы не спыніце бамбаванні, мы зробім тое, што ўважаем за патрэбнае", - перадае выданне.

"Людзі ў рэгіёне цяпер пытаюцца, ці не стане Ідліб сапраўды месцам супрацьстаяння турэцкіх і расейскіх войскаў. Апошнія гады Пуцін і Эрдаган падтрымлівалі асаблівае мужчынскае сяброўства, - адзначаюць журналісты Максіміліян Поп і Ганна-Сафі Шнайдэр. - Пасля няўдалай спробы перавароту ў Турцыі ў ліпені 2016 гады абодва прэзідэнты размаўлялі адзін з адным 70 разоў. Ні з адным іншым кіраўніком дзяржавы Эрдаган не падтрымлівае больш шчыльных стасункаў. Анкара, нягледзячы на пратэсты ЗША, набыла расейскую сістэму ПРА С-400. Расея будуе ў Турцыі атамную электрастанцыю".

"Але як бы актыўна Эрдаган і Пуцін ні дэманстравалі сваю ўяўную блізкасць, у многіх замежнапалітычных пытаннях яны моцна разыходзяцца ў меркаваннях. Абодва аўтакраты па-рознаму глядзяць на Лібію, Кіпр, на канфлікт у Нагорным Карабаху паміж Арменіяй і Азербайджанам. Але найбольш небяспечнае іх спаборніцтва ў Сірыі", - паказвае выданне.

У 2015 годзе, пасля таго, як Турцыя збіла расейскі бамбавік над Сірыяй, краіны ўжо стаялі на парозе вайны, але дзякуючы таму, што Эрдаган выбачыўся перад Пуціным, абстаноўка разрадзілася. "З тых часоў абедзве дзяржавы каардынавалі сваю палітыку ў Сірыі. Турцыя паменшыла сваю падтрымку настроеных супраць Асада паўстанцаў. Пуцін даў Эрдагану свабоду дзеянняў у наступе на паўночным усходзе Сірыі. Але цяпер супрацьстаянне зноў абвастраецца".

"Наступ рэжыму Асада і Расеі на Ідліб ставіць Турцыю пад ціск. Са звестак ААН, на мяжы з Турцыяй знаходзіцца больш за паўмільёна сірыйскіх уцекачоў, сам Эрдаган кажа пра мільён чалавек. Турцыя, якая ўжо прыняла блізу 3,5 млн сірыйцаў, асцерагаецца яшчэ аднаго міграцыйнага крызісу", - тлумачыць выданне.

"Сірыйскі рэжым атачыў некалькі наглядальных пастоў турэцкага войска ў Ідлібе. Эрдаган паставіў Асаду ультыматум. Калі сірыйскае войска да канца месяца не выведзе сваіх вайскоўцаў за межы наглядальных пастоў Турцыі, Анкара будзе дзейнічаць, прыстрашыў ён. Яго партнёр з кааліцыі ва ўрадзе, ультраправы Даўлет Бахчэлі ўжо запатрабаваў распрацаваць план наступу на Дамаск для "ліквідацыі тырана".

"Пакуль яшчэ ствараецца ўражанне, што Эрдаган хоча спачатку заняць пагрозлівую пазіцыю, каб дамагчыся лепшага выніку на перамовах. Бурханэцін Дзюран, дырэктар блізкага да ўраду турэцкага аналітычнага цэнтра Seta, намякнуў у артыкуле для газеты Daily Sabah, што Турцыя хоча стварыць у Ідлібе буферную зону накшталт той, што была створана ёю на паўночным усходзе Сірыі".

"Расея кантралюе паветраную прастору над Ідлібам. Эрдаган, верагодна, цалкам аддае сабе справаздачу ў тым, што без згоды Пуціна ён дзеяздольны ў Сірыі толькі ў абмежаванай меры. Тым не менш, існуе рызыка таго, што праз нарошчванне вайсковай прысутнасці і ваяўнічай рыторыкі сітуацыя можа неўзабаве цалкам выйсці з-пад кантролю", - гаворыцца ў артыкуле.

"У гэтым выпадку турэцкі ўрад, здаецца, спадзяецца на дапамогу Захаду. Спецпрадстаўнік ЗША ў Сірыі Джэймс Джэфры быў на гэтым тыдні ў Анкары. "Наш хаўруснік Турцыя ў небяспецы. І гэтая небяспека зыходзіць ад Расеі і рэжыму Асада", - заявіў ён. "Што, калі канфлікт паміж Турцыяй і Расеяй будзе абвастрацца?, - спытаў адзін турэцкі журналіст. - Ці падтрымае NATO Турцыю?". На гэтае пытанне, магчыма, неўзабаве будзе дадзены адказ", - рэзюмуе Der Spiegel.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках