25 траўня 2020, панядзелак, 8:06
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Расійская імператрыца была беларускай?

2
Расійская імператрыца была беларускай?

У бурлівым XVIII стагоддзі пакручасты лёс адных выносіў да вяршыняў улады, іншых — пазбаўляў усяго.

З пачаткам Новага часу ўся Еўропа заварушылася. Развіваўся гандаль і рамёствы, удасканальвалася тэхніка, раслі гарады і ўзнікалі новыя ідэі. І тое, што яшчэ ўчора падавалася немагчымым, станавілася рэальнасцю. На манархавых тронах сталі з’яўляцца новыя людзі — такія ж энергічныя, жорсткія і непрадказальныя, як і іх час. У Швецыі гэта быў Карл XII, у Прусіі — Фрыдрых II, у Раcіі — Пётр I.

Вялікае Княства Літоўскае, на жаль, перажывала тады не лепшы перыяд сваёй гісторыі. З сярэдзіны XVII стагоддзя буяны-суседзі пачалі хадзіць праз тэрыторыю ВКЛ як праз прахадны двор. У ВКЛ папераменна ўрываліся суровыя шведы, хвацкія ўкраінскія казакі, крымскія татары і маскоўская армія. Увесь гэты час таксама не спыняліся прыватныя войны, звады і наезды паміж варагуючымі кланамі беларуска-літоўскіх магнатаў і шляхты. У выніку нямала шляхціцаў і простага люду вымушаныя былі бегчы на сумежныя тэрыторыі: ад Маскоўскага царства да германскіх дзяржаў у Прыбалтыцы.

Тым часам у Расіі да ўлады прыйшоў Пётр I. Новы цар вырашыў расправіць крылы Візантыйска-маскоўскага арла і на берагі Балтыйскага мора. У выніку паміж дзвюма наймагутнымі дзяржавамі рэгіёну, Шведскім Каралеўствам і Маскоўскай дзяржавай, разгарнулася жорсткая вайна.

Жывы хабар

У жніўні 1702 года рускі атрад пад камандаваннем генерал-фельдмаршала Шарамецева падышоў да занятага шведамі горада Марыенбургу (цяпер гэта польскі горад Мальбарк). Шведскі гарнізон вырашыў капітуляваць. Паводле легенды, у складзе дэлегацыі, што выслалі да рускага фельдмаршала, знаходзіўся мясцовы пратэстанцкі пастар Глюк. Перамовы павінны былі быць складаныя. Паводле звычаяў таго часу, горад, які здаўся на літасць пераможцы, калі і не падвяргаўся разгрому і рабаванню, то ўжо кантрыбуцыю заплаціць быў абавязаны. Але шматдосведны пастар гаварыў па-руску і захапіў з сабой дзве рэчы — Біблію на царкоўнаславянскай мове і служанку Марту.

Наколькі Святое пісанне падзейнічала на Барыса Шарамецева, невядома. Але Марта яму відавочна спадабалася. Ды так, што ён пакінуў яе ў сябе. Апакрыфічныя гісторыі сцвярджаюць, што ў якасці нявольніцы. Але, хутчэй за ўсё, у выглядзе своеасаблівага хабару або кантрыбуцыі за Марыенбург. Ад Шарамецева прыгожая Марта трапіла да графа Аляксандра Меншыкава, бліжэйшага царскага фаварыта. Ужо ў «Аляксашкі» новую служанку ўбачыў Пётр. І пасля вячэры загадаў дзяўчыне прыйсці да яго ў адпачывальню. Праз кароткі час цар забраў Марту да сябе.

А ў траўні 1724 года пастырская служанка Марта была каранаваная гасударыняй Расійскай імперыі Кацярынай I. Якога ж роду-племені была першая расійская імператрыца?

Радавод другой жонкі Пятра Вялікага цікавіў многіх яшчэ пры жыцці. Уключаючы і самога яе парфіраноснага мужа. Таму даведкі пра яе мінулае наводзілі на вышэйшым дзяржаўным узроўні. Але, як пісаў гісторык Андрэеў у 1871 годзе: «І аднак, нашчадства блукае вобмацкам, шукаючы пэўныя дадзеныя аб паходжанні Марты».

Як магло падацца па першапачатковым «месцы працаўладкавання», яна павінна быць немкай. У будучыні, часцей за ўсё, менавіта прадстаўніцы германскіх дынастый царавалі ў Расіі. Гісторык Матлей пісаў пра тое, што Марта была народжаная блізу Дзерпту (цяпер — Тарту) прыгоннай сялянкай ад Лівонскага памешчыка Розэна. Такім чынам, мае эстонска-нямецкае паходжанне. Па іншай легендзе, будучая руская царыца нарадзілася пад Кегумсам у сям’і латышскіх ці літоўскіх сялянаў.

Але, згодна з найбольш распаўсюджанай версіяй, Марта-Кацярына была беларускага паходжання.

Служанка з літоўскай мяжы

Па адным з паданняў, Марта была дачкой селяніна, які належаў шляхціцу ВКЛ Лаўрніцкаму. Але практычна афіцыйна прызнанай была наступная гісторыя: бацькам будучай імператрыцы быў Самойла Скаўронскі (Скворощенко, Сковроцкий), уцякач разам з яе маці з ВКЛ у Лівонію. Але бацькі памерлі падчас чумы, а Марту забраў пастар. Аднак і ён разам з усёй сям’ёй таксама памёр ад эпідэміі. І дзяўчынку падабраў яшчэ адзін пратэстанцкі святар — той самы Глюк з Марыенбургу.

Менавіта так выкладае біяграфію француз на рускай службе Франц (Мікіта) Вільбоа, чыя жонка была фрэйлінай Кацярыны. Зрэшты, марыенбургскі пастар быў чалавекам ва ўсім прагматычным. Дзяўчыну ён не ўдачарыў, грамаце не навучаў, выкарыстоўваў у якасці хатняй гаспадыні. Заўважыўшы ж адносіны паміж Мартай і іх сынам, якія пачалі нараджацца, сям’я пастара паспяшалася выдаць яе замуж за шведскага драгуна Іагана. Зрэшты, у шлюбе з драгунам маладая прабыла дзень або два: якраз пасля іх вяселля да Марыенбургу падышоў фельдмаршал Шарамецеў з рускай арміяй, і швед сышоў са сваім атрадам. А пастар Глюк у далейшым распарадзіўся Мартай Скаўронскай у «міратворчых» мэтах.

На карысць літвінскага паходжання Марты-Кацярыны можа казаць і факт, што, па некаторых дадзеных, у Балтыі ў яе была цётка Ганна-Марыя Весялоўская. Падобна, што служанка пастара Марта ад пачатку добра валодала рускай (або беларускай) мовай. І Шарамецеў, і Меншыкаў, і Пётр, вядома, размаўлялі па-нямецку, але наўрад ці б сталі абцяжарваць сябе размовамі з наложніцай на замежнай мове. Дарэчы, Аляксандр Меншыкаў, які падараваў дзяўчыну цару, сам, паводле адной з версій, быў з беларускай шляхты з-пад Оршы. Легенду, што «Аляксашка», які гандляваў піражкамі з заячыны, быў нізкага паходжання, магчыма, прыдумалі канкуруючыя са «светлым князем» маскоўскія баяры.

Першапачаткова адносіны Пятра і яго новай палюбоўніцы былі таямніцай. Але паступова Пётр стаў выводзіць Кацярыну ў свет. Пры гэтым жанчына, якая да канца жыцця так і не навучыліся чытаць і пісаць, уражвала ўсіх незвычайным розумам і развагамі ў многіх галінах жыцця.

Амаль ад самага пачатку Пётр, шчадралюбны і цынічны лавелас, моцна прывязаўся да Марты Скаўронскай. Пра прычыны гэтага казалі рознае. Напрыклад, што толькі яна магла суняць прыпадкі ў Пятра Аляксеевіча, напэўна, эпілептычнага паходжання. Спакойны і міралюбны характар Скаўронскай ураўнаважваў запальчывага і жорсткага Пятра. Менавіта Кацярыну прасілі заступіцца ў выпадку яго гневу або няласкі.

Аляксандр Меншыкаў

Яна неаднаразова хадайнічала і за зладзеявата Меншыкава, і за апальнага сына першай жонкі царэвіча Аляксея. Але Пётр I перадаў правы атрымання трону сваім дзецям ад Кацярыны, у шкоду царэвічу Аляксею. Што шмат у чым і настроіла яго супраць Пятра, і скончылася, фактычна, забойствам: па загадзе бацькі, Аляксею пад выглядам «кровапускання» былі ўскрытыя чатыры вены, з-за чаго царэвіч сканаў.

«Ратаўніца Айчыны»

Вядома, Марта Скаўронская найперш прывабіла Пятра як жанчына. Але, калі пакінуць за дужкамі алькоўны бок, можна выказаць здагадку, што раман Пятра і Кацярыны меў і свайго роду ідэалагічны складнік.

Еўдакія Лапухіна, з якой Пятра ажанілі супраць яго волі, заставалася ўвасабленнем старой баярскай Русі. А Марта-Кацярына была, па-першае, яго свабодным выбарам. Па-другое — самім фактам сваіх нестандартных адносінаў з простай дзеўкай «рэвалюцыянер на троне» кідаў выклік патрыярхальным парадкам. Па-трэцяе — так ці інакш, але Марта прыйшла з Захаду, да якога так «зело» меў ласку Пётр. Але, у адрозненне ад яго папярэдняй каханкі, чыстай немкі з Кукуя Ганны Монс, Скаўронская са сваімі ВКЛаўскімі каранямі ўсё ж была нашмат бліжэй і самому цару, і двару.

Ганна Монс

Заўважым таксама, што літвінскае «заходніцтва» яшчэ раней, у асобе таго ж Сымона Полацкага і іншых, мела моцныя пазіцыі пры маскоўскім двары і было адным з варыянтаў вестэрнізацыі і мадэрнізацыі Расіі. Выхадцы з Украіны Феафан Пракаповіч і Варлаам Ясінскі былі пастаўленыя Пятром і для рэфармавання маскоўскай праваслаўнай царквы.

Хрышчоная Марта была па рыма-каталіцкім абрадзе, у сям’і ж пастара прыняла лютэранства. Пётр загадаў ёй перайсці ў праваслаўе, і пры новым хрышчэнні яна стала Кацярынай. Паводле некаторых дадзеных, да атрымання тытула «гаспадарыні» Марта-Кацярына лічылася фрэйлінай. Меркавана, у 1707 годзе Пётр і Кацярына таемна павянчаліся. Зрабіць гэты шлюб відавочным з прычыны неспрыяльнага грамадскага меркавання не мог нават такі люты самадзержац і пераможца шведаў, як Пётр Вялікі. Гэтак жа не ўсе манархі Еўропы згодныя былі прыняць Кацярыну ў свой «клуб» на роўных. Пётр здзейсніў са сваёй другой жонкай еўрапейскае турнэ ў Прусію, Саксонію, Данію і Галандыю. А вось тур у Францыю сарваўся. Герцаг Арлеанскі, які ведаў пра паходжанне Марты, спецыяльна прыдумаў для яе немагчымы рытуал.

Размова Пятра I і Кацярыны ў намёце пры Пруце. Гравюра

Па іроніі лёсу, узвышэнню Кацярыны і канчатковай легалізацыі іх адносінаў з царом дапамог нешчаслівы Прутскі паход. Кацярына адправілася на вайну разам з мужам. Велізарная турэцкая армія акружыла рускі корпус. Пазбегнуць катастрофы атрымалася толькі падкупіўшы атаманскага вялікага візіра. Кацярына прыняла самы актыўны ўдзел у зборы сродкаў для хабару, асабіста ўгаворваючы ўсіх афіцэраў ахвяраваць свае грошы і каштоўнасці. З няўдалай экспедыцыі таемная царыца вярнулася ў арэоле «ратавальніцы Айчыны». Верагодна, гэта дазволіла ў 1712 годзе афіцыйна абвясціць шлюб паміж Пятром і Кацярынай.

Каранацыя Кацярыны I

Удзельнічала царыца і ў знясільваючым Персідскім паходзе Пятра і яго арміі ў 1722–1723 гадах.

Трэба сказаць, што яе царскі муж быў здатны на выдумкі і часам ладзіў жонцы сюрпрызы. У адзін з дзён Кацярына была запрошаная прысутнічаць на службовай аўдыенцыі ў цара. Адзін з просьбітаў, які звярнуўся да імператара, падаўся ёй вельмі знаёмым. Пётр падвёў маладога чалавека да царыцы, і загадаў: «Пацалуй край спадніцы яе і руку, як імператрыцы. І пацалуй яе пасля, як сваю сястру». Кацярына страціла прытомнасць: перад ёю стаяў яе родны брат Карл.

Прыдворная «Санта-Барбара»

Аднойчы пасол Рэчы Паспалітай праязджаў з Масквы ў Дрэздэн ды спыніўся ў нейкім «брудным літоўскім мястэчку». Палавы, што мітусіўся побач з пасланнікам, палаяўся са сваімі калегамі, і бурчэў сабе пад нос нешта накшталт: «Ды я б толькі адно слова сваё царскім сваякам у Маскве шапнуў, і не зносіць вам, лайдакам, галоваў». Пасол жартам напісаў пра гэта ў лісце ў Расію. Пільныя царскія цэнзары прачыталі і далажылі, куды трэба. Пасля гэтага сам Пётр даручыў рыжскаму губернатару Рэпніну знайсці свайго швагра. У гэтай справе дапамогу імператару аказаў адзін з Сапегаў, які, нібыта, у сваім мінскім маёнтку і адшукаў беларускіх сваякоў расійскай імператрыцы. Падстава для спаткання з сястрой была знойдзеная ў духу часу — супраць Карла Самойлава-Скаўронскага распачалі справу, з нагоды якой ён і паехаў падаваць скаргу расійскаму цару. За гэтым і адбылося кранальнае спатканне Карла з венцаноснай сястрой.

Карл Скаўронскі быў адораны статусам камергера і маёнткамі, але быў пакінуты жыць у вёсцы ў сябе на радзіме.

Кацярына І

Па сведчанні асабістага лекара, Пётр I быў апантаны «цэлым легіёнам дэманаў юру». Ён не толькі не трымаў шлюбную вернасць, але яшчэ і распавядаў пра свае любоўныя прыгоды Кацярыне. Але пры гэтым дадаваў, што «яна — лепшая». У выніку ў імператрыцы таксама з’явіўся фаварыт — камергер Монс дэ ла Круа. Па іроніі лёсу, гэта быў брат былой палюбоўніцы Пятра Ганны Монс, якая цяпер стала прыдворнай дамай Кацярыны. Пятру данеслі пра гэта, і адносіны паміж мужам і жонкай былі цалкам сапсаваныя. Пётр быў так раз’юшаны, што ў адзін з вечароў уварваўся ў памяшканне, дзе займаліся з настаўніцай яго дочкі ад Кацярыны, і кідаючы дзікія позіркі, доўга хадзіў вакол іх з паляўнічым нажом. Бедная гувернёрка ўвесь гэты час прасядзела пад сталом.

А юны камергер быў проста абезгалоўлены — па абвінавачванні ў карупцыі. Пры гэтым Кацярыну цар павёз глядзець адсечаную галаву яе меркаванага палюбоўніка. Са сваёй першай жонкай Пётр абышоўся яшчэ горш. Еўдакія Лапухіна была сасланая ў манастыр, каб зрабіць магчымым шлюб Пятра з Мартай Скаўронскай. Але лад жыцця Лапухіна вяла зусім не схімніцы, і сышлася там з маёрам Сцяпанам Глебавым са старадаўняга баярскага роду. Разам са старарускай партыяй кінутая царыца і яе палюбоўнік быццам бы задумалі змову супраць Пятра. Але здрада была раскрытая. Пасля шматдзённых жорсткіх катаванняў Глебава пасадзілі на кол, дзе ён паміраў 14 гадзін.

Еўдакія Лапухіна

Паведамляюць, што Еўдакію Лапухіну сілай прымушалі глядзець на гэтае пакутлівае пакаранне, не даючы заплюшчваць вочы і адварочвацца. Паводле легенды, нават пад катаваннямі Глебаў ні ў чым не прызнаўся, каб не зганьбаваць гонар царыцы. Перад смерцю Пётр, быццам, усімі святынямі рэлігіі заклінаў яго прызнацца. Але маёр назваў Пятра «пачварай» і плюнуў цару ў твар. Царква абвясціла анафему Сцяпану Глебаву. Як пасля і яго стрыечнаму прапраўнуку — Льву Талстому.

У лютым 1725 года, неўзабаве пасля пакарання смерцю камергера Монса, памёр і сам цар Пётр, які быў сапраўды вялікім як у сваіх пераўтварэннях, так і ў злачынствах. У Пецярбургу хадзілі чуткі, што яго атруцілі па падгаворванні Кацярыны. Але ж Вільбоа сцвярджае, што імператар памёр ад наступстваў ганарэі. Сам цар публічна заяўляў, што трыперам яго ўзнагародзіла генеральша Чарнышова, тая ж у слязах казала адваротнае. Але французскі адмірал на рускай службе не выключае нічога: «царыца Кацярына славілася жанчынай дастаткова спрытнай і смелай для таго, каб паспрабаваць хутка і любым спосабам адкараскацца ад абражанага і бязлітаснага мужа».

Пры падтрымцы Меншыкава Кацярына была абвешчана самадзержыцай Расіі. Распавядалі, што яна забараняла хаваць цела мужа 40 дзён, і ўвесь гэты час аплаквала яго. І, нібыта, ад міязмаў трупа заразілася і памерла іх маленькая дачка Наталля. На жыхарства ў Расію, нарэшце, быў выкліканы Карл Скаўронскі, хаця яго жонка-латышка плакала і не жадала ехаць. На іх дачцэ Соф’і Скаўронскай ажаніўся малады Сапега, які стаў адным з першых набліжаных імператрыцы. Але пераважным уплывам на царыцу, як і раней, працягваў карыстацца Аляксандр Меншыкаў.

Наогул, Кацярыну I апісваюць як жанчыну досыць самастойную і моцную — як характарам, так і фізічна. Скаўронская падымала цяжкае маршальскае жазло Пятра на выцягнутай руцэ, што не маглі зрабіць многія маладыя мужчыны. Па сведчанні сучаснікаў, яна не вызначалася зграбнасцю, але была станістая, свежая, здаровая. Твар яе, як сказалі б зараз, не быў фотагенічным — мастакі не маглі перадаць тое прыемнае ўражанне, якое яна выпраменьвала. Кацярына была выдатнай наезніцай і добра танчыла.

Кацярына І

Яна нарадзіла Пятру 8 дачок. Але шэсць з іх памерлі яшчэ ў дзяцінстве.

Царыца была абыходлівая і мела добразычлівую манеру ў зносінах з навакольнымі. І ладную адвагу — у 1726 годзе пры набліжэнні да Рэвелю англійскай і дацкай эскадраў Кацярына асабіста хацела прыняць камандаванне над рускім флотам. Пры пастраенні Сямёнаўскага палка нехта стрэліў, і купец, які стаяў побач з ёй, упаў, як мёртвы. Імператрыца ж нават тварам не змянілася, і працягвала агляд гвардыі.

Кацярына I перажыла свайго мужа толькі на два гады. «5 траўня 1927 года ў палацы рускіх цароў спынілася выдатнае жыццё, якое пачалося ў хаце літвінскага селяніна і скончылася на адным з самых магутных прастолаў», — пісаў гісторык Андрэеў. Перад смерцю ў імператрыцы была моцная рвота, што таксама дало падставу для чутак аб атручванні.

Аляксандр Меншыкаў

Пасля смерці Марты-Кацярыны Скаўронскай сярод прыдворных разгарэлася спрэчка аб прастолапераемніцтве. «Аляксашка» Меншыкаў, не раз выратаваны ёю ад дубінкі Пятра, заявіў — дзеці Кацярыны, паколькі народжаныя яшчэ да шлюбу з царом, правоў на трон не маюць. Царом быў абвешчаны сын апальнага царэвіча Аляксея Пётр II, а рэгентам пры ім — усёмагутны Меншыкаў. Улада яго праз кароткі час таксама ўпала, і сам царадворац сканаў у высылцы. Дачка Кацярыны I Лізавета Пятроўна ўсё ж узышла на трон у 1741 годзе. Але ўсё XVIII стагоддзе Раманавы вялі жорсткую барацьбу за ўладу паміж сабою, вынікам якой былі тры забітыя законныя манархі і адзін прастолапераемнік. Сярод іх — і ўнук Кацярыны I цар Пётр III, задушаны п’янымі дваранамі-гвардзейцамі дзеля ўзыходжання Кацярыны ІІ. Такі ж лёс напаткаў і яе праўнука — Паўла I.

Юрый Глушакоў, «Новы Час»