30 верасня 2020, Серада, 12:11
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Амерыканскае выданне: Лукашэнку публічна прынізілі

11
Амерыканскае выданне: Лукашэнку публічна прынізілі
Фота: ТАСС

Eurasia Review - аб сустрэчы ў Сочы.

Мы часта чытаем, што Расея і Беларусь не могуць дамовіцца аб коштах і ўмовах дастаўкі нафтапрадуктаў і газу. Так было ў 2017 годзе, сапраўды гэтак жа справы ідуць і цяпер. Гэтая праблема ўзнікае з пэўнай рэгулярнасцю, і відавочна, што так і будзе прадаўжацца, піша Зінціс Снаціньш для амерыканскага выдання Eurasia Review — пераклад-inosmi.ru).

8 снежня 1999 года Аляксандр Лукашэнка і Барыс Ельцын падпісалі ў Маскве дамову аб стварэнні так званай саюзнай дзяржавы. Вельмі малаімаверна, што Пуцін меў да гэтага нейкае дачыненне.

Натуральна, у 1999 годзе ён не мог прадказаць, што прынясе з сабой год 2020-ы. Але адно можна сказаць з упэўненасцю: Пуцін убачыў у гэтай дамове сродак для аднаўлення перамоў аб адраджэнні Савецкага Саюза. Ён адкрыта заяўляў, што на ягоную думку, распад СССР з'яўляецца адной з найвялікшых трагедый нашага часу. Ён казаў нават больш канкрэтна, падкрэсліваючы, што гэта гістарычную падзею яму хацелася б змяніць.

Так што калі мы гаворым пра Пуціна і пра ягоныя планы, нам трэба мець на ўвазе ягоную ўсёахопную мэту, яго настальгію па Савецкім Саюзе, бо гэта дазволіць нам лепш зразумець іншы аспект.

Намеры Расеі ў той час і намеры Пуціна цяпер даволі зразумелыя. Але што падштурхнула Беларусь да падпісання гэтай дамовы? Нам трэба азірнуцца назад. У 1995 годзе Лукашэнка абвясціў, што падпісанае з ЕЗ пагадненне аб супрацоўніцтве з'яўляецца першым крокам да магчымага ўступлення яго краіны ў гэта аб'яднанне. Але праз эканамічны крызіс 1994 года ўзровень падтрымкі прэзідэнта зніжаўся, і Лукашэнку трэба было дзейнічаць вельмі хутка. Ён вызначыў не чакаць адказу ад ЕЗ і звярнуўся па дапамогу да Ельцына.

Мы можам зрабіць выснову, што Беларусь хацела атрымаць эканамічныя льготы і прывілеі, а Расею цікавілі палітычныя выгады. Нам трэба мець на ўвазе і тое, што Пуцін хоча выправіць «гістарычную памылку» і адрадзіць СССР.

Як я ўжо згадваў, цяпер галоўнае месца ў парадку абедзвюх краін займае пытанне аб коштых нафты і газу і аб умовах іх пастаўкі. 7 лютага Лукашэнка прыбыў у Сочы на сустрэчу з Пуціным. Яны здолелі дамовіцца аб газавых коштах, але Беларусі не ўдалося дамагчыся зніжкі на нафту.

Я дадам, што 11 лютага 2020 года Беларусь пачала забіраць тэхнічную нафту з трубаправода «Дружба». Было тлумачэнне, што тэхнічную нафту бяруць не з транзітных трубаправодаў.

Як і ў 2017 годзе, сустрэча паміж Пуціным і Лукашэнкам прывяла да частковай дамоўленасці. Бакі здолелі ўзгадніць кошты газу, але дамовіцца аб коштах нафты ім не ўдалося.

Лукашэнка ўжо пачаў шукаць альтэрнатыву расейскай нафце, і з гэтай прычыны дзяржсакратар ЗША Майк Пампэа 2 лютага гэтага года прыехаў у Беларусь. Пампэа заявіў, што ЗША з'яўляюцца самым буйным вытворцам нафтапрадуктаў у свеце, і Менску дастаткова толькі патэлефанаваць яму.

Да сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна мы вернемся пазней. А цяпер давайце паглядзім, што Пуцін кажа аб саюзе дзвюх дзяржаў. Ён даслоўна сказаў, што дзве краіны не аб'яднаюцца, аднак словы Пуціна маюць звычай не супадаць з ягонымі дзеяннямі. У адказе на пытанне аб рэалізацыі падпісанай у 1999 годзе дамовы Пуцін заявіў, што гаворка ідзе не аб аб'яднанні дзвюх краін у адну, а аб стварэнні саюза.

Дык аб чым жа гэта дамова? Яна прадугледжвае стварэнне адзінай валюты, супольнай мытні і судоў, а таксама выпрацоўку адзінага палітычнага, эканамічнага і вайсковага курсу. 7 лютага Лукашэнка і Пуцін сустрэліся ў Сочы, каб абмеркаваць пытанні далейшай інтэграцыі паміж дзвюма краінамі.

Так што сэнс заяваў Пуціна дваякі. Па-першае, сапраўды, няма планаў стварэння адзінага саюза з Расеі і Беларусі. Але не выключаецца фармаванне федэратыўнага саюза, галоўнымі суб'ектамі якога стануць Расея і Беларусь. Як нам вядома. Федэратыўная дзяржава — гэта аб'яднанне, якое складаецца з часткова самакіравальных суб'ектаў, над якім стаіць цэнтральны федэральны ўрад. У выпадку стварэння федэрацыі ў складзе Расеі і Беларусі Пуціну ўжо не давядзецца гараваць аб тым, што ён больш не зможа стаць прэзідэнтам Расеі.

Тут вельмі важна ўзгадаць заяву Пуціна, якую ён зрабіў 7 чэрвеня 2019 года на Пецярбуржскім міжнародным эканамічным форуме: «Я мяркую, што беларусы, расейцы і ўкраінцы — гэта адзіны народ». Ён шмат разоў падкрэсліваў, што стварэнне так званай саюзнай дзяржавы адпавядае інтарэсам народаў Беларусі і Расеі.

А цяпер вернемся да сустрэчы паміж Лукашэнкам і Пуціным 7 лютага. Некаторыя факты здаюцца бессэнсоўнымі, калі няма неабходных ведаў гісторыі, але сэнс у іх ёсць. Лукашэнка сказаў: «Мы сапраўды пра многае пагаварылі, дайшлі да глыбіні сівых часоў нашага супольнага жыцця ў адной дзяржаве, абмеркавалі шмат гістарычных дат і момантаў, яны добра вядомыя». На той сустрэчы Пуцін і Лукашэнка дамовіліся прадоўжыць дыскусію аб інтэграцыі.

І нарэшце, каб паказаць, наколькі моцна сябруюць дзве краіны і іх лідары, правялі хакейны матч, і Пуцін гуляў з Лукашэнкам у адной камандзе. Да вялізнага здзіўлення, прэзідэнцкая каманда перамагла з лікам 16-1. Але вельмі важны момант палягаў у тым, што ў гэтай камандзе быў усяго адзін капітан — Уладзімір Пуцін. Засталася незаўважанай і тая акалічнасць, што Лукашэнка з'ехаў, не правёўшы прэс-канферэнцыю.

Якую з гэтага можна зрабіць выснову?

Каб атрымаць эканамічную дапамогу ад Расеі, Лукашэнка ў 1999 годзе падпісаў дамову аб стварэнні так званай саюзнай дзяржавы, спадзеючыся, што эканамічныя абавязанні давядзецца выконваць толькі Расеі. Пасля Беларусь трапіла на кручок расейскіх энэргарэсурсаў і стала так моцна залежаць ад шчадротаў Расеі, што калі дапамога спыніцца, у Беларусі пачнецца эканамічная катастрофа. Гэта выкліча незадаволенасць насельніцтва, а для пошуку альтэрнатыў спатрэбіцца час і сродкі.

Аб адчайным становішчы Беларусі сведчыць і тое, што яна гатовая забіраць тэхнічную нафту. У той жа час Расея пры дапамозе эканамічных рычагоў спрабуе дасягнуць палітычных мэтаў, што цалкам відавочна. Аб тым, што Расея ўпэўненая ў сіле сваіх пазіцый, сведчыць нейтральная заява яе МЗС аб куплі Менскам нафтапрадуктаў з іншых крыніц. Можна сказаць, што Пуцін загнаў Лукашэнку ў кут і нават прынізіў беларускага дыктатара ва ўлюбёным тыпе спорту, паказаўшы, хто сапраўдны капітан.

Можна задаць пытанне: якая нам справа да гэтага? Адказ просты: якім бы хваравітым ні здаваўся ў той час гэты шлях, адзіна правільным стратэгічным развязаннем было б спыніць залежнасць ад расейскіх энэргарэсурсаў. З гэтай прычыны нам неабходна і далей ісці гэтым шляхам і бесперапынна памяншаць залежнасць ад Расеі ва ўсіх сферах. Няма сумневаў, што Расея будзе выкарыстоўваць рычагі эканамічнага ўплыву для дасягнення палітычных мэтаў.