19 сакавiка 2024, aўторак, 9:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Ці можна пражыць на 3,44 рубля ў дзень?

17
Ці можна пражыць на 3,44 рубля ў дзень?

Можна, уважае міліцыя Гомельшчыны, проста трэба месца ведаць.

З сакавіка да канца года ізалятар часовага ўтрымання (ІЧУ) пры УУС Гомельскага аблвыканкама павінен прыняць і накарміць 7 854 чалавекі, што воляю лёсу трапяць у гэтае месца абмежавання волі.

За што іх затрымаюць і накіруюць у ІЧУ, яшчэ невядома, а вось колькасць будучых сядзельцаў і сума выдаткаў на іх кармленне «Сильные новости» даведаліся з апублікаванай міліцэйскім ведамствам заяўкі на дзяржаўную закупку «паслугі ў арганізацыі харчавання асоб, затрыманых ці ўзятых пад варту».

У дакуменце адзначаецца, што пераможца конкурсу павінен «падрыхтоўваць і дастаўляць гарачае харчаванне штодня, уключаючы выхадныя і святочныя дні, з 2020/03/01 да 2020/12/31, паводле папярэдніх заявак дзяжурнага ІЧУ пры УУС Гомельскага аблвыканкама». Колькасць порцый - 23 562 штукі, харчаванне ў ІЧУ трохразовае і, атрымліваецца, што яно разлічанае на 7 854 сядзельцы. Агульная сума закупкі - 113 тысяч 464 рублі і 59 кап.

У запрашэнні да патэнцыйных удзельнікаў закупкі паведамляецца, што «паводле ліста Дэпартамента фінансаў і тылу Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь, грашовая норма складае 3,44 (тры рублі сорак чатыры капейкі) у дзень на аднаго чалавека)». Гэта значыць гэтай смешны сумы, лічаць у МУС, цалкам дастаткова, каб дзень пражыць (сняданак, абед і вячэра) і ноч праляжаць у ІЧУ. Пры гэтым, важна ўдакладніць, сума 3,44 рубля ўказаная без уліку гандлёвай нацэнкі, якая не павінна перавышаць 40%. Гэта значыць, гаворка ідзе пра магчымы прыбытак пераможцы таргоў. У гэтым выпадку ён можа складаць 1,38 руб. Плюсуем і атрымліваецца, што трохразовае харчаванне ў дзень у ІЧУ на аднаго сядзельца абыходзіцца бюджэту ў 4,82 руб. Што таксама, як той казаў, не да раскошы.

Якім чынам, паводле якой формулы разлічвалася гэтая норма, невядома. У правілах унутранага распарадку ІЧУ паведамляецца: «Асобы, якія ўтрымліваюцца пад вартай, забяспечваюцца бясплатным харчаваннем, дастатковым для падтрымання здароўя і сіл, паводле нормаў, што вызначаюцца Урадам Рэспублікі Беларусь».

Савет міністраў у сваю чаргу такія нормы вызначыў пастановай ад 21 лістапада 2006 года №1564, але меню ў іх, вядома, няма. Ёсць пералік прадуктаў «на аднаго чалавека ў дзень (брута, грамаў)»: ад хлеба, круп, мяса рыбы, лаўровага ліста да кісялю. Праўда, ёсць яшчэ адзін (унутраны) дакумент МУС, які вызначае пералік прадуктаў, якімі адміністрацыйна затрыманага могуць падтрымаць з волі. Іх агульная вага не павінна перавышаць 5 кг. (Акрамя прадуктаў што патрабуюць цеплавой апрацоўкі, скорапсавальных і са скончаным тэрмінам захоўвання, а таксама дрожджаў, алкагольных напояў і піва). Магчыма, на гэтыя перадачкі і рабіўся асноўны разлік: маўляў, калі мала вам, дабаўкі прасіце ў сваякоў і знаёмых.

Сёння, 21 лютага, завяршаецца прыём прапаноў ад патэнцыйных пастаўшчыкоў харчавання для будучых сядзельцаў ІЧУ пры УУС Гомельскага аблвыканкама.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках