26 красавiка 2024, Пятніца, 15:17
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гамельчукі масава пратэстуюць супраць узвядзення ў горадзе флагштока за 1,5 мільёна рублёў

18
Гамельчукі масава пратэстуюць супраць узвядзення ў горадзе флагштока за 1,5 мільёна рублёў

Аб'ект павінен быць здадзены ў траўні.

Больш за дзве тысячы чалавек падпісалі за адны суткі петыцыю супраць узвядзення ў цэнтры Гомеля флагштока (з добраўпарадкаваннем прылеглай тэрыторыі) коштам блізу 1,5 млн рублёў. Збор подпісаў пачаўся 25 лютага, паведамляюць naviny.by.

Петыцыю стварыла ўрбаністычная ініцыятыва Smart Homel. Гаворка ідзе пра флагшток вышынёй 60 метраў для сцяга 12 на 6 метраў. «Мы, актыўныя і неабыякавыя жыхары і госці Гомеля, мяркуем такую ідэю памылковай і шкоднай для развіцця горада з наступных прычынаў», – гаворыцца ў петыцыі.

Прэтэнзіі актывістаў зводзяцца да адсутнасці дыялогу паміж гарадскімі ўладамі і гараджанамі ў ключавых пытаннях развіцця Гомеля: людзей паставілі перад фактам будаўніцтва без правядзення грамадскіх слуханняў або прэзентацыі праекта.

Аўтары петыцыі мяркуюць, што ўлады павінны браць да ўвагі меркаванне гараджанаў перад прыняццем пастановаў пра збудаванне вялікіх і знакавых аб'ектаў, якія змяняюць аблічча горада. На думку актывістаў, у час эканамічнага крызісу ўлады затраты на флагшток неабгрунтаваныя.

«У Гомелі існуе вялікая колькасць сапраўды неабходных інфраструктурных і сацыяльных аб'ектаў (недабудаваныя школы, лякарні, транспартныя магістралі, рамонт вуліцаў і іншыя праблемы), якія сапраўды маюць патрэбу ў фінансаванні. Узвядзенне новага флагштока побач з плошчай Леніна, на якой ужо знаходзіцца тры флагштокі, мяркуем нерацыянальным марнаваннем і без таго абмежаванага ва ўмовах крызісу гарадскога бюджэту», – падкрэсліваюць аўтары петыцыі. Таксама яны не выключаюць, што парушаецца заканадаўства аб ахоўнай зоне гісторыка-культурнай каштоўнасці – Палацава-паркавага ансамблю.

«Правядзенне адкрытага і публічнага конкурсу, як менавіта можна было б напоўніць гэтую прастору новымі эстэтычнымі і архітэктурна-дэкарацыйнымі формамі, магло б змяніць сітуацыю, але і гэтага праведзена не было. Замена, на нашу думку, добрай пліткі на новую зноў ставіць пытанне пра мэтазгоднасць выдаткаў гарадскога бюджэту», – упэўненыя аўтары петыцыі.

Яны адзначаюць, што давер да дзеянняў улады пасля скандальнага будаўніцтва адразу двух дарагіх падземных прыбіральняў і замены пліткі ў цэнтры горада паводле прынцыпу «добрая на добрую» і так упаў.

«Узровень патрыятызму сярод нас не павялічваецца толькі з вышынёй размяшчэння дзяржаўнага сцяга», – пішуць актывісты і патрабуюць спыніць будаўніцтва.

Мясцовыя гісторыкі збіраюць подпісы пад зваротам у Камітэт дзяржкантролю і пракуратуру з патрабаваннем праверыць законнасць дзеянняў уладаў.

Праект флагштока распрацаваў інстытут «Гомельграмадзянпраект» на замову мясцовай управы капітальнага будаўніцтва. Аб'ект павінен быць здадзены ў траўні.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках