26 красавiка 2024, Пятніца, 9:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Літва зрабіла рывок да «зялёнай» энэргетыкі

5
Як Літва зрабіла рывок да «зялёнай» энэргетыкі

У чым сакрэт поспеху?

Са звестак Еўрастату, у 2018 годзе ў сярэднім у Еўразвязе дзель энэргіі, атрыманай з аднаўляльных крыніц (АКЭ), склала 18%, тады як у Літве гэты паказчык дасягнуў 24,5% (у 2010 годзе - 19,6%).

Літоўскія экспэрты сцвярджаюць, што такога выніку Вільні ўдалося дамагчыся, перш за ўсё, за кошт актыўнага выкарыстання цвёрдага біяпаліва (гранул і здробненай драўніны) для вытворчасці цеплавой энэргіі, якая ідзе на абаграванне жылога фонду. Пра іншыя складнікі поспеху Літвы ў выкарыстанні АКЭ - у «Нямецкай хвалі».

Выкарыстанне біяпаліва для цеплазабеспячэння

Кіраўнік Сусветнай асацыяцыі энэргетыкі біяпаліва, старшыня партыі «зялёных» Літвы Рэмігію Лапінскас называе некалькі прычын рыўка Вільні ў выкарыстанні АКЭ. «Па-першае, для вытворчасці цеплаэнэргіі ў краіне ўсё больш актыўна выкарыстоўваецца біяпаліва. Па-другое, жыхарам гарадоў цяпло пастаўляецца цэнтралізавана», - адзначае Лапінскас.

З яго высновамі згодныя і ў міністэрстве энэргетыкі Літвы. Як паведаміў журналістам прадстаўнік міністэрства, менавіта на цеплазабеспячэнне прыпадае больш за 80% агульнага спажывання энэргіі, атрыманай у краіне з аднаўляльных крыніц. Лапінскас мяркуе, што дасягнуты паказчык - амаль чвэрць «зялёнай» энэргіі ў энергабалансе - добры вынік для Літвы.

А калі паглядзець на яе структуру? Са звестак аператара літоўскай энэргасістэмы Літгрыд, у 2018 годзе ветраныя электрастанцыі згенеравалі 54% ад агульнай колькасці «зялёнай» энэргіі, сонечныя - 4%, гідраэлектрастанцыі - 20%, на біямасу з біягазу прыйшлося адпаведна 11% і 7%.

Дапамог «Газпрам»?

Прэзідэнт Літоўскай канфедэрацыі АК Марцінас Нагявічус у размове з журналістамі паказаў, што выкарыстанне «зялёнай» энэргіі атрымала ў краіне імпульс збольшага праз дзеянні расейскага канцэрна «Газпрам». Да 2014 года, калі пачала працаваць плывучая рэгазіфікацыйная ўстаноўка Independence, дзякуючы якой Літва можа купляць ЗПГ, «Газпрам» з'яўляўся асноўным пастаўшчыком газу для літоўскіх электрастанцый і пастаянна павялічваў кошт.

Сваю ролю адыграла і тая акалічнасць, што ўлады ў Вільні падтрымліваюць развіццё АКЭ, субсідавалі ўстаноўку сонечных батарэй. Так, у Мінэнэрга Літвы патлумачылі, што за 1 кілават электраэнэргіі, выпрацаванай сонечнымі батарэямі, можна атрымаць кампенсацыю на 323 еўраў.

Айстыс Радавічюс, дырэктар літоўскай Асацыяцыі ветраных электрастанцый, кажа, што, паводле папярэдніх ацэнак экспэртаў асацыяцыі, у 2019 годзе ветрапаркі вырабілі блізу 13% неабходнай краіне электраэнергіі. «Калі апераваць не адсоткамі, а аб'ёмамі магутнасці, то ў 2018 годзе ветраныя электрастанцыі выпрацавалі ў Літве 1,45 тэрават-гадзін, а ў 2019 годзе - рэкордныя за ўсю гісторыю краіны 1,453 тэрават-гадзін», - дадаў Радавічус. Паводле ягоных слоў, гэта блізу паловы таго, што спажываюць хатнія гаспадаркі.

Планы ўладаў Літвы і прыватнага бізнэсу

У сферы «зялёнай» энэргетыкі усё больш упэўнена адчувае сябе літоўскі прыватны бізнэс. Айдмантас Бэрнатоніс, прадстаўнік кампаніі Dalis gero з Кайшадорыса, распавёў журналістам што, ветранай энэргетыкай зацікавіўся яшчэ ў 2005 годзе.

Паводле ягоных слоў, прычынай цікавасці паслужыла тое, што тады ў Літве не было ніводнай сучаснай ветранай электрастанцыі. Акрамя таго, і тады, і цяпер Бэрнатоніс яркуе, што будучыня за АКЭ. Бізнэсовец сцвярджае, што кампанія збіраецца пашыраць сваю дзейнасць і ўсталяваць яшчэ дзве-тры ветраныя электрастанцыі.

Са свайго боку, Мінэнэрга Літвы абяцае, што, згодна з агульнадзяржаўнай стратэгіяй развіцця вытворчасці і выкарыстання энэргіі з аднаўляльных крыніц, у 2030 годзе яе дзель ў агульным энэргабалансе павялічыцца да 45%, а у 2050-м - да 80%. У 2050 годзе, з прагнозаў экспэртаў міністэрства, усё цяпло для абагравання гарадоў будзе атрыманак з АКЭ.

Між тым, нягледзячы на ўсе дасягнутыя поспехі і амбіцыйныя планы, у развіцці «зялёнай» энэргетыкі Літва адстае ад суседзяў - Латвіі і Эстоніі. У 2018 годзе яе дзель у энэргабалансе Латвіі дасягнула 40,9%, а Эстоніі - 29,9%. Апытаныя журналістамі экспэрты і прадстаўнікі Мінэнэрга адставанне Вільні звязалі з тым, што ў Латвіі і Эстоніі лепш развітая гідраэнэргетыка.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках