З ВНУ - у кароўнік: як працуе размеркаванне выпускнікоў у Беларусі
10- 1.03.2020, 21:45
- 23,514
Беларусь - адзіная ў Еўропе краіна з абавязковым размеркаваннем пасля заканчэння вышэйшых і сярэдніх навучальных устаноў.
Выпускнік абавязаны адпрацаваць два гады ў прызначаным для яго дзяржаўным месцы, паведамляе «Настоящее время».
У 2019 года ў Беларусі з 18 тысяч выпускнікоў, якія навучаліся за кошт дзяржавы, свабодны дыплом атрымалі толькі два чалавекі. Выпускнік не можа адмовіцца ад размеркавання, інакш яму трэба заплаціць штраф сумаю ад 10 000 да 20 000 еўраў.
Вераніка родам з горада Ліды. Яна скончыла факультэт журналістыкі Менскага ўніверсітэта і атрымала размеркаванне ў газету ў Воранава – пасёлак з насельніцтвам 6500 чалавек.
«Я адвучылася бясплатна і ўсведамляла, што буду потым адпрацоўваць. Але я ішла з думкай, што я буду крытыкам. Напрыклад, кінакрытыкам, таму што гэта мне больш падабаецца. У выніку я атрымала спецыяльнасць «літаратурная работа», якая ўжо вымерлая. Яна калі што была ў савецкіх тэатрах, і тады літаратурныя работнікі нешта рабілі», - распавядае Вераніка.
«Проста праблема ў тым, што, ідучы на размеркаванне, мы не ведалі сваіх правоў. У мяне было два суды. Мы - праблемныя для ўніверсітэта, але, мне здаецца, мы тыя самыя людзі, якія спрабуюць адстаяць свае правы», - мяркуе дзяўчына.

Вераніцы атрымалася пераразмеркавацца ў Менск. Аднак працу паводле непасрэднай спецыяльнасці яна так і не знайшла. Яе апошнім матэрыялам у Воранаўскай газеце стаў рэпартаж аб мясцовым конкурсе прыгажосці. Большасць удзельніц - такія ж маладыя спецыялісткі, якія прыехалі адпрацоўваць па размеркаванні.
«Газета проста з'яўляецца прэс-цэнтрам выканкама. Выканкам кажа - вось расклад, куды вам трэба пайсці і што зрабіць. Я зразумела, што нас чатыры гады рыхтавалі менавіта да гэтага. Нам увесь час навязвалі, што мы не будзем свабоднымі і незалежнымі», - кажа Вераніка.
«Пасля размеркавання я адчула сябе так, як быццам я нявартая жыць, я нявартая наогул адчуваць і дыхаць. Я проста павінна прыходзіць на працу і працаваць. Пажадана круглы год, круглы дзень і без выхадных», - дзеліцца дзяўчына.
Пасля таго як Вераніка пераразмеркавалася ў Менск, яна адчула сябе адносна свабодна: «Мне здаецца, жыццё змянілася. Я, наадварот, неяк вярнулася ў нармальны стан. Цяпер я магу вырашаць сама, дзе мне жыць і як мне жыць».
Пры размеркаванні, на яе думку, не ўлічваюцца ні жадання, ні магчымасці, ні імкнення, ні мэты выпускнікоў.
Андрэй адпрацоўвае размеркаванне ветэрынарным фельчарам на ферме «Аграгарадок».

«Я ведаў, што краіна сельскагаспадарчай накіраванасці рыхтуе спецыялістаў пад сябе, а не ў інтарэсах саміх спецыялістаў. Таму ў нас існуе сістэма размеркавання - і бюджэтнікі павінны сваёй працай, сваiм потам i крывёй адпрацаваць тыя сродкі, якія дзяржава затраціла на іх навучанне. Таму людзей адпраўляюць у розныя куткі краіны адпрацоўваць, - распавядае Андрэй. - На маладых спецыялістах, і не толькі спецыялістах, галіна цяпер наогул ледзь дыхае».
Са слоў Андрэя, інтэрнэт у вёсцы практычна не ловіць. Калі ён заехаў у выдадзенае жыллё, у ім былі пустыя сцены. Ва ўладкаванні побыту яму дапамагалі бацькі.
Андрэй дэманструе, у якіх умовах яму даводзіцца працаваць: «Вось у такім вось балоце ўтрымліваюцца цяляты. Сарай вельмі страшны, і пагражае зімой абваліцца дах».
«Ёсць калгасы, у якіх медыкаментаў настолькі няма, што даюць адзін флакон глюкозы на ўвесь час, і то ў пазыку, калі на каленях пастаяць. І даюць адзін дзяжурны антыбіётык, - працягвае Андрэй. - У нас жа сітуацыя іншая. Нам даюць у пазыку медыкаменты. Але мы яшчэ не настолькі непаўнацэнна-запушчаны калгас, таму ў нас медыкаментаў стае. Усё ўпіраецца ў грошы. Мой начальнік прыязджае і ледзь не на каленях просіць прэпараты ў пазыку. А потым мы гэту пазыку пакрываем каровамі».

«Досвед, атрыманы тут, дае мне проста стаж у рабочай кніжцы. У астатнім жа ён бескарысны для нармальнага жыцця. Навыкі, якія я набуду тут, калі я не буду далей працаваць у сельскай гаспадарцы, мне не спатрэбяцца. Напрыклад, калі я захачу пайсці працаваць у ветэрынарную клініку з дробнымі жывёламі», - мяркуе Андрэй.
«Я ўжо адпрацаваў паўгода. Засталося мне адпрацаваць яшчэ паўтара. Падаўжаць кантракт тут я, зразумела, не буду. Працаваць тут немагчыма. З графікам шэсць, а то і сем дзён на тыдзень, начнымі пад’ёмамі, калі ты адзін на 1000 галоў, а па гаспадарцы вас наогул толькі два чалавекі на 2500... Умовы працы невыносныя. Тут будучага проста няма, - перакананы Андрэй. - Немагчыма працаваць па-нармальнаму. Гэта шляхам подзвігу выконваецца ўсё. У адзіночку! На грудзі, на амбразуру!»