12 верасня 2024, Чацвер, 0:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Кеніі зніклі шэсць мільёнаў ахоўных масак, замоўленых Нямеччынай

8
У Кеніі зніклі шэсць мільёнаў ахоўных масак, замоўленых Нямеччынай

Зніклыя маскі былі часткай буйной пастаўкі.

Шэсць мільёнаў ахоўных масак тыпу FFP2, замоўленых урадам Нямеччыны ў рамках барацьбы з каранавірусам, бясследна зніклі ў аэрапорце Кеніі, паведамляе ў аўторак, 24 сакавіка, штотыднёвік Der Spiegel. Паводле звестак выдання, маскі павінны былі прыбыць у Нямеччыну яшчэ 20 сакавіка, піша «Нямецкая хваля».

Куплю масак для міністэрства аховы здароўя антыкрызісны штаб ўрада Нямеччыны даручыў правесці аддзяленню закупаў бундэсвера. Заказ прызначаўся для забеспячэння нямецкіх лякарняў і лекараў. Прэс-сакратар міністэрства абароны пацвердзіў інфармацыю Der Spiegel пра знікненне, дадаўшы, што міністэрства высвятляе, што менавіта адбылося.

Знікненне расследуюць Мінфін і Мінабароны

Са слоў прадстаўніка Мінабароны, афармленнем замовы займалася Генеральная ўправа мытні, якая знаходзіцца ў падпарадкаванні міністэрства фінансаў. Такім чынам, мытная ўправа, са свайго боку, павінна была забяспечыць «праверку і сур'ёзнасць падрадчыка замовы», і цяпер яна таксама расследуе знікненне масак.

Федэральны ўрад «не панес ніякіх стратаў у сувязі са згубай, бо заказ яшчэ не быў аплачаны», падкрэсліла прэс-сакратарка Мінабароны. Якую ролю ў закупах масак адыграла Кенія, прадстаўніца вайсковага міністэрства сказаць не змагла. Der Spiegel таксама не піша пра тое, хто быў пастаўшчыком масак.

Зніклыя маскі былі часткай буйной пастаўкі

Якім чынам страта шасці мільёнаў ахоўных масак адаб'ецца на забеспячэнні ахоўнымі сродкамі лякарняў і лекараў у Нямеччыне, пакуль незразумела. Паводле інфармацыі Der Spiegel, зніклыя маскі былі часткай першай буйной чаканай пастаўкі. Той факт, што яе першая рата не адбылася, «вельмі прыкра», заявіла нямецкаму штотыднёвіку крыніца ва ўрадавых колах.

Размешчанае ў Кобленцы аддзяленне закупаў бундэсвера займаецца набыццём узбраенняў для нямецкіх войскаў. Антыкрызісны штаб урада Нямеччыны даручыў гэтай структуры надаць матэрыяльна-тэхнічную падтрымку ў тэрміновых закупах ахоўных матэрыялаў для нямецкага міністэрства аховы здароўя. Пасля гэтага аддзяленне закупаў уклала некалькі кантрактаў з вытворцамі медыцынскіх тавараў на агульную суму 241 мільён еўраў, піша Der Spiegel.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках