26 красавiка 2024, Пятніца, 19:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пентагон забараніў перамяшчэнне амерыканскіх вайскоўцаў за мяжой

1
Пентагон забараніў перамяшчэнне амерыканскіх вайскоўцаў за мяжой

Гэта не закране вываду войскаў з Афганістана.

Міністр абароны ЗША Марк Эспер аддаў загад пра забарону на перамяшчэнне амерыканскіх вайскоўцаў за мяжой на тэрмін да 60 дзён у спробе абмежаваць распаўсюд каранавірусу ва ўзброеных сілах.

Пра гэта кіраўнік Пентагона паведаміў агенцтву Reuters, піша «Голас Амерыкі».

На гэты момант гэта самая маштабная пастанова Міністэрства абароны, якая паўплывае на амерыканскіх вайскоўцаў ва ўсім свеце.

У інтэрв'ю Эспер сказаў, што загад закране ўсе амерыканскія войскі, цывільны персанал і чальцоў іх сем'яў, але адзначыў, што будуць і некаторыя выключэнні.

«Мэта складаецца ў тым, каб мы не вярнулі вірус дадому, не інфікавалі іншых і не распаўсюджвалі яго сярод вайскоўцаў», – сказаў Эспер.

Паводле словаў міністра, адно з выключэнняў будзе тычыцца вываду войскаў з Афганістана, які прадоўжыцца.

ЗША заявілі пра намер скараціць колькасць сваіх войскаў у Афганістане з 13 тысячаў да 8600 чалавек цягам 135 дзён пасля падпісання дамовы з Талібанам у лютым.

Поўны вывад усіх амерыканскіх і кааліцыйных сілаў адбудзецца цягам 14 месяцаў пасля падпісання пагаднення, калі Талібан выканае сваю частку абавязальніцтваў.

«[Загад пра спыненне перасоўванняў] на гэта не паўплывае», – заявіў Эспер, маючы на ўвазе вывад войскаў.

Загад пра спыненне перасоўванняў ілюструе рост занепакоенасці з нагоды імклівага распаўсюджвання вірусу, якім ужо заразіліся 227 амерыканскіх вайскоўцаў, і гэты лік толькі за апошнія суткі вырас амаль на 30 адсоткаў.

Раней у сераду амерыканскія вайскоўцы паведамілі, што яны ўзмацняюць захады аховы здароўя (HPCON) на базах па ўсім свеце да ўзроўню «Чарлі», другога ў велічыні ўзроўню, які прадугледжвае ўстойлівую перадачу інфекцыі ў супольнасці.

«Наша крывая не згладжваецца, вось чаму сёння быў абвешчаны ўзровень “Чарлі”, які ўключае абмежаванні на вялікія сходы людзей і дадатковае сацыяльнае дыстанцыяванне», – заявіў на прэс-канферэнцыі брыгадны генерал ВПС Пол Фрыдрыхс – галоўны лекар у Аб'яднаным камітэце кіраўнікоў штабоў.

На фоне росту захворвання і скасавання ваенных вучэнняў, як і іншых групавых мерапрыемстваў, прадстаўнікі Пентагона ўсё часцей прызнаюць, што пандэмія каранавірусу можа адбіцца на гатоўнасці вайскоўцаў да канфлікту або крызісу.

Аднак Эспер і кіраўнік Аб'яднанага камітэта кіраўнікоў штабоў Марк Мілі падкрэслілі, што ваеннае кіраўніцтва будзе імкнуцца мінімізаваць гэтую рызыку, і настойваюць, што амерыканскія ўзброеныя сілы па-ранейшаму будуць у стане выконваць ускладзеныя на іх задачы.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках