26 красавiка 2024, Пятніца, 9:22
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У краіне з самымі вялікімі запасамі нафты скончыўся бензін

12
У краіне з самымі вялікімі запасамі нафты скончыўся бензін
Фота: Reuters

Бензінавы крызіс можа перарасці ў нешта большае для гэтай краіны.

Баліварыянская Рэспубліка доўгі час утрымлівала абсалютнае першынства ў таннасці аўтамабільнага бензіну, бо тут ён каштуе менш за 1 даляр за....цыстэрну. Аднак усяму прыходзіць канец, і цяпер у Венесуэле пачаўся востры дэфіцыт паліва, які разам з эпідэміяй каранавіруса можа прывесці да сур'ёзных пераменаў у дзяржаве, піша kp.ru.

Лёгкі непакой у жыхароў краіны пачаўся яшчэ на мінулым тыдні, калі сталі масава закрывацца запраўкі.

Праблема з бензінам стаіць перад венесуэльцамі ўжо некалькі гадоў, бо практычна ўся мясцовая вытворчасць аўтамабільнага паліва зруйнаваная. Пры гэтым у краіне ў свой час існавала вельмі развітая сістэма нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў, уключаючы комплекс Парагуана, які ўважаўся за адзін з найбуйнейшых у свеце і самы вялікі ў Заходнім паўшар'і. Тэарэтычна, усе заводы могуць перапрацоўваць штодня па 1,3 мільёна барэляў «чорнага золата», аднак праз хранічнае недафінансаванне сістэма НПЗ функцыянуе толькі на 10 адсоткаў. Прычына простая - грошай на новыя запчасткі ва ўладаў няма, а многія кваліфікаваныя інжынеры звольніліся і з'ехалі за мяжу.

У выніку за дзень Венесуэла можа вырабляць толькі 70 тысяч барэляў бензіну, пры тым што яе патрэба ўдвая большая. Доўгі час Баліварыянская Рэспубліка набывала патрэбны аб'ём паліва ў ЗША, але пасля ўведзеных у 2019 годзе санкцый гэты канал закрыўся. Цяпер, паводле звестак энэргетычных інфармагенцтваў, гаручае ў краіну ў асноўным пастаўляюць «Раснафта» і гішпанская «Repsol», але новыя абмежаванні Вашынгтона і падзенне коштаў нафты практычна пазбавілі Каракас сродкаў і магчымасці набываць бензін за мяжой.

Пакуль Венесуэлу ратуе карантын, уведзены праз каранавірус. Дзякуючы перакрыццю трас і бесперапыннай праверцы дакументаў большая частка жыхароў аддала перавагу не выязджаць без асаблівай патрэбы на дарогу, чым дазволіла ўраду зэканоміць каштоўнае паліва.

Зрэшты, асабліва насцярожвае, што дэфіцыт адчуваецца ўжо і ў Каракасе. Раней улады імкнуліся да апошняга трымаць сітуацыю ў сталіцы пад кантролем, забяспечваючы мегаполіс бензінам часцяком на шкоду рэгіёнам. Аднак, як кажуць у мясцовых сацсетках, калі праблемы пачаліся ўжо ў галоўным горадзе краіны, то ў далёкіх частках абстаноўка павінна быць яшчэ цяжэйшай.

Выехаць за межы Каракаса ў мяне не атрымалася праз карантын, але ад знаёмых з іншых штатаў паступаюць трывожныя весткі. У многіх рэгіёнах цяпер складана заправіцца нават за даляравы хабар. Бензін там адпускаюць толькі вайскоўцам і паліцыі, а таксама грузавікам, якія перавозяць прадукты харчавання і медыкаменты. А калі грамадзянскія ўсё ж спрабуюць набыць сабе «ў абыход» , то цэннік дасягае велізарных паводле мясцовых мерак сум. Напрыклад, па чутках, у раёне возера Маракайба, якое ўважаецца за «калыску» нафтавай прамысловасці краіны, літр паліва прадаюць за 3-4 даляры.

Трэба разумець, што пытанне з запраўкай для венесуэльцаў стаіць вельмі востра, асабліва ў сельскіх раёнах, бо асноўны тып аўтамабіляў у гэтых месцах - велізарныя пазадарожнікі, якія даслоўна пажыраюць паліва. Нават далёкія ад заможнасці грамадзяне заўсёды аддавалі перавагу гэтай катэгорыі аўтамабіляў, хай нават і 20-30-гадовага выпуску, балазе ў свой час Уга Чавес выдзяляў шчодрыя субсідыі на абнаўленне аўтапарка. Прычына выбару такога транспарту простая - фактычна бясплатны бензін развучыў мясцовых жыхароў думаць аб сродку перамяшчэння ў катэгорыях «эканамічнасць» і «экалагічнасць». Так што цяпер гэтыя «монстры», якія спажываюць дзясяткі літраў гаручага, дастаўляюць нямала клопатаў сваім гаспадарам.

Пры гэтым улады і не асабліва ўтойваюць праблемы. Напрыклад, кіраўнік Галоўнага штаба што да газу і паліва (гэта афіцыйная назва пасады!) штата Карабоба генерал Хасэ Парада проста папярэдзіў, што з 98 АЗС, якія кантралюе ягоная структура, працаваць будуць толькі 2 станцыі.

Зрэшты, ураду яшчэ «пашанцавала», бо за апошнія 7 гадоў спажыванне аўтамабільнага паліва скарацілася на 62 адсоткі. Прычына банальная. З краіны з'ехалі сотні тысяч жыхароў, а ў многіх грамадзян, якія засталіся, няма грошай на рамонт аўто, таму яны былі вымушаныя паставіць іх у гараж. І нават у такой сітуацыі ва ўсёй Венесуэле рэгулярна ўзнікаюць праблемы з бензінам. У памежных з Калумбіяй штатах чэргі традыцыйна расцягваюцца на многія кіламетры, бо большая частка запраўленага гаручага кантрабандай ідзе да суседзяў, дзе бензін адпускаюць рынкавымі коштамі.

Трэба разумець, што бензін у Венесуэле - больш, чым бензін. Доўгі час паліва было адным з галоўных індыкатараў стабільнасці ў Баліварыянскай Рэспубліцы, а ўсе замахі на яго кошт (гэта значыць, размовы аб скасаванні субсідый) успрымаліся як прадвеснік рэвалюцыі. У апошнія некалькі месяцаў у сетцы Інтэрнэт актыўна блукаюць чуткі аб намерах уладаў падвысіць кошт бензіну на АЗС да рынкавых паказчыкаў, што фактычна пазбавіць значную частку грамадзян, асабліва за межамі буйных гарадоў, магчымасці даехаць да месца працы. Так што існы бензінавы крызіс цалкам можа перарасці ў нешта большае для Венесуэлы.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках