26 красавiка 2024, Пятніца, 12:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Ёсць дэфіцыт сыравіны»

20
«Ёсць дэфіцыт сыравіны»

Што будзе далей з цаной антысэптыкаў у Беларусі?

Адзін з асноўных захадаў САЗ для барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруса - гэта частае мыццё рук і выкарыстанне антысэптыку, калі памыць рукі немагчыма. Пры гэтым купіць антысэптыкі цяпер можна далёка не ўсюды, а ў некаторых крамах яны прыкметна падаражэлі за лічаныя дні. "На мінулым тыдні купляў у інтэрнэт-краме антысэптык для рук беларускага вырабу за 4,5 рубля. Як жа я здзівіўся, калі зайшоў у тую ж краму і ўбачыў цану за той жа антысэптык - 7,5", - піша чытач Валянцін.

Tut.by паглядзеў, колькі цяпер каштуюць антысэптыкі ў розных крамах, і спытаў у вытворцы, якой цаны варта чакаць у будучыні.

Прадаўцы антысэптыкаў: «Пагаджаемся на высокую цану, затое яны заўсёды ў наяўнасці»

Мянчанка Ала расказвае, што купляе антысэптыкі ў інтэрнэт-краме OZ.BY.

- 14 сакавіка я купіла ў іх антысэптыкі расейскай кампаніі АЛДЭЗ у розным дазаванні за 3,7 рубля, 6,16 рубля і 9,68 рубля. А 20 сакавіка іх цана - ужо 6,6, 10,12 і 17,16 рубля адпаведна. І гэта з маёй зніжкай 12%! - абураецца Ала.

З падобнай сітуацыяй у той жа краме сутыкнуўся чытач Валянцін. Ён кажа, што два тыдні таму купляў там антысэптык беларускага вырабу за 4,50 рубля.

— Як жа я здзівіўся, калі зайшоў сёння ў тую ж краму і ўбачыў цану за той жа антысэптык — 7,50. Гэта наогул як? Я затэлефанаваў у інфацэнтр, задаў пытанне, што здарылася з цаной. Адказ уразіў: мы не абавязаныя каментаваць цэнаўтварэнне — апавядае Валянцін.

У OZ.BY каментуюць, што ёсць «цэлы комплекс розных прычын, які ўплывае не толькі на цану канкрэтнага антысэптыку, а на цэнаўтварэнне наогул».

— Найперш гэта падаражэнне даляра і агульная крызісная эканамічная сітуацыя. Акрамя гэтага, высокі попыт і рост кошту складнікаў, што ўваходзяць у антысэптык, якія таксама ўвозяць з-за мяжы. Становіцца даражэйшы выраб, адпаведна - вышэйшая выніковая цана — кажуць у кампаніі. - Так, цана антысэптыкаў на OZ павялічылася, але такое цэнаўтварэнне дазваляе нам ажыццяўляць бесперапынную дзейнасць у рэжыме клопату аб кліентах. Мы згаджаемся на высокую цану, але затое антысэптыкі ды іншыя сацыяльна значныя прадукты мы заўсёды маем у дастатковай колькасці ў кожнай краме і на складзе. Акрамя таго, мы робім дадатковыя захады, якія дазволяць кліентам купляць хутка, зручна і бяспечна, напрыклад, у нас з'явілася бескантактавая дастаўка.

У іншых крамах замовіць антысэптык з дастаўкай на дом цяпер не так проста. Напрыклад, у "Е-дастаўцы" ў дадзены момант у продажы ёсць адзін антыбактэрыйны гель для рук беларускага вырабу за 5,99 рубля (аб'ём 0,044).

У інтэрнэт-краме 21vek.by у каталогу значацца тры тыпы антысэптыкаў, але цяпер іх няма на складзе.

На сайце вялікага онлайн-прадаўца Wildberries антыбактэрыйных сродкаў для рук мы таксама не знайшлі.

Разам з тым антысэптыкі можна вольна купіць у аптэках, але для гэтага давядзецца выйсці з дому.

- Мы маем розныя аб'ёмы і розных вытворцаў, і за 4 рублі, і за 5, і за 9, і за 20, - расказалі ў адной з аптэк у Серабранцы.

Журналісты абтэлефанавалі яшчэ некалькі аптэк. Там запэўнілі, што антысэптыкі ў продажы ёсць, у тым ліку і даволі танныя - 4-5 рублёў за флакончык 50 мл.

Вытворца антысэптыкаў: «Працуем са стратамі для сябе»

Наталля Сычык, намесніца дырэктара ў камерцыйных пытаннях прыватнага прадпрыемства "Фрэш Мінт Усход" (яно пад дзесяць гадоў займаецца вырабам антысэптыкаў), адной з магчымых прычын іх падаражэння называе тое, што гуртовыя пакупнікі і раздробныя сеткі маглі змяніць уласныя набаўкі.

- Напрыклад, мы як вытворца не ўзнялі продажную цану антысэптыкаў ні на капейку, хоць ізапрапілавы спірт, асноўны складнік у рэальна дзейных антыбактэрыйных сродках, апошні час падаражэў у 2-4 разы — кажа Наталля Сычык. - Мабыць, праз гэта ў будучыні нам таксама давядзецца ўзняць цану продажу. Вядома, не ў 2 і не ў 4 разы, але ў межах разумнага, блізу 10-15%.

Цяпер асноўныя цяжкасці ў вытворцаў звязаныя з нястачай таго самага ізапрапілавага спірту. Яго паставак, кажа Наталля Сычык, практычна няма.

- Ізапрапілавы спірт робяць у Еўропе і літаральна пара заводаў у Расеі, у Беларусі яго не вырабляюць. Еўрапейскага ізапрапанолу цяпер проста няма, а расейцы скарачаюць усе заяўкі для беларускіх прадпрыемстваў у два-тры разы, нават для тых, з якімі супрацоўнічаюць гадамі. Таму мы адчуваем дэфіцыт сыравіны і вымушаныя купляць яе ў два-тры разы даражэй у перакупнікаў — кажа Наталля Сычык. - Акрамя таго, мы выкарыстоўваем імпартную тару, якую купляем за валюту, а курс цяпер вырас. Выходзім, што працуем са стратамі.

На прадпрыемстве "Беласэптыка" таксама кажуць, што “крыніца сыравіны — гэта ў тым ліку Расея, дзе ў сувязі з падзеннем курсу расейскага рубля вырасла цана сыравіны".

— Плюс у Беларусі ў некалькі разоў вырас попыт на антысэптыкі і дэзінфікацыйныя сродкі. Адпаведна, аб'ёмаў сыравіны, якія былі замоўленыя раней, бракуе. Даводзіцца прыстасоўвацца, запытваць больш — тлумачыць Сяргей Ладышаў, намеснік генеральнага дырэктара. - Пастаўкі з Расеі не спыненыя, але яны могуць прыходзіць з затрымкай. Таму цяпер мы паводле ўзгаднення з Міністэрствам аховы здароўя разглядаем пытанне замены імпартнай сыравіны на айчынную.

Апошнім часам на выраю антысэптыкаў перайшлі нават тыя, хто ніколі гэтым не займаўся. Таму Наталля Сычык рэкамендуе пры куплі антысэптыку абавязкова звярнуць увагу на склад.

-Ужо сустракаюцца гелі для рук, на якіх напісана што-небудзь накшталт «дзейснасць 99%», але пры гэтым у складзе толькі вада, пах, эмульгатары і ніякіх актыўных кампанентаў, якія забяспечваюць антыбактэрыйныя ўласцівасці. У складзе конча мае быць ізапрапілавы спірт, і ён мае стаяць на першым або другім месцы. Калі яго няма наогул альбо ў складзе ён стаіць далёка - не купляйце такі сродак, ён вас не абароніць — тлумачыць Наталля Сычык.

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках