26 красавiка 2024, Пятніца, 7:39
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Гуайдо заклікаў стварыць у Венесуэле надзвычайны ўрад

2
Гуайдо заклікаў стварыць у Венесуэле надзвычайны ўрад

Абраны прэзідэнт Венесуэлы выступіў за захады для прадухілення распаўсюджвання каранавіруса.

У сувязі з пандэміяй каранавіруса старшыня венесуэльскага парламента і апазіцыйны лідар Хуан Гуайдо, якога больш за 50 дзяржаў прызналі часовым прэзідэнтам Венесуэлы, заклікаў сфармаваць у краіне ўрад з надзвычайнымі паўнамоцтвамі, піша «Немецкая волна». З такой заявай палітык выступіў у відэазвароце, апублікаваным на яго старонцы ў Twitter у нядзелю, 29 сакавіка.

Надзвычайны ўрад павінен дапамагчы Венесуэле развязаць «беспрэцэдэнтную гуманітарную катастрофу», уважае Гуайдо. У склад такога кабінета павінны ўвайсці прадстаўнікі ўсіх палітычных сілаў, заявіў палітык, падкрэсліўшы, што яго сябрам не зможа стаць той, хто быў западозраны ў наркагандлі. Відаць, гаворка ідзе пра Нікаласа Мадура, якому Міністэрства юстыцыі ЗША некалькі дзён таму выставіла абвінавачванні ў гандлі наркотыкамі і адмыванні грошай.

Гуайдо таксама выступіў за стварэнне гуманітарнага калідора для дастаўкі медыцынскай дапамогі, якая неабходная краіне для барацьбы з каранавірусам новага тыпу SARS-CoV-2. «Калі мы не прымем неабходныя захады, Венесуэла можа хутка стаць лідарам у рэгіёне па ліку iнфiкаваных», - перасцярог часовы прэзідэнт.

Колькасць інфікаваных каранавірусам ва ўсім свеце расце. Узбуджальнік пнеўманіі COVID-19 выяўлены ў больш чым 680 тысяч чалавек, ад наступстваў захворвання памерлі больш за 30 тысячы чалавек, дзве траціны з іх у Еўропе. У Венесуэле зафіксавана 119 выпадкаў заражэння каранавірусам, два чалавекі памерлі. Па ліку заражаных людзей на першае месца ў свеце выйшлі ЗША.

Хуан Гуайдо абвясціў сябе часовым прэзідэнтам у пачатку 2019 года, калі яму ўдавалася мабілізаваць грамадства ў сваю падтрымку. ЗША, Нямеччына і дзясяткі іншых краін прызналі яго часовым прэзідэнтам. У той жа час на баку Мадура - войска, а таксама Расея, Кітай і Куба.

Венесуэла ўважаецца адной з самых карумпаваных краін свету. Многія венесуэльскія вайскоўцы і палітыкі, як мяркуецца, датычныя да гандлю наркотыкамі і нелегальнай распрацоўкі радовішчаў карысных выкапняў. Органы юстыцыі ЗША вядуць расследаванне ў дачыненні да Мадура ўжо не менш за 10 гадоў і падазраюць яго ўрад у супрацоўніцтве з дысыдэнтамі з былой калумбійскай паўстанцкай групоўкі FARC, што перапраўляла какаін у ЗША кантрабандным шляхам праз Цэнтральную Амерыку. Міністэрства фінансаў ЗША ўжо ўвяло цэлы шэраг санкцый супраць Мадура і яго найбліжэйшага атачэння.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках