26 красавiка 2024, Пятніца, 3:41
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Лядзенскі манастыр, у які на Вялікдзень ездзіў Лукашэнка, закрыты для наведванняў

26
Лядзенскі манастыр, у які на Вялікдзень ездзіў Лукашэнка, закрыты для наведванняў
ФОТА: WIKIPEDIA

Два чалавекі ў манастыры заразіліся каранавірусам.

Мужчынскі манастыр у вёсцы Малыя Ляды Смалявіцкага раёна, на тэрыторыі якога знаходзіцца Свята-Благавешчанскі Лядзенскі храм, куды на Вялікдзень прыязджаў Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем, зачынены для наведвання. Медыкі з Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы кажуць, што там ёсць выпадкі заражэння каранавірусам.

Пра тое, што два чалавекі ў Лядзенскім манастыры заразіліся каранавірусам, а іх кантакты першага ўзроўню - 55 чалавек - знаходзяцца на ізаляцыі, tut.by паведаміў чытач, які працуе ў сістэме аховы здароўя Смалявіцкага раёна.

- Хворых адправілі ў мясцовую амбулаторыю, а кантакты ў манастыры, - распавёў суразмоўца.

У Драчкоўскай амбулаторыі каментаваць інфармацыю аб тых, хто заразіўся адмовіліся і папрасілі больш ім не тэлефанаваць, а звяртацца ў Цэнтральную раённую бальніцу.

Адзін з медыкаў Смалявіцкай цэнтральнай раённай бальніцы, які пажадаў застацца ананімным, пацвердзіў, што ў манастыры ёсць афіцыйна зарэгістраваныя выпадкі каранавіруса. З яго слоў, 54 жыхары Лядзенскага манастыра - манахі, паслушнікі і іншыя - з'яўляюцца кантактамі першага ўзроўню і знаходзяцца на самаізаляцыі.

- Дакладней, павінны былі б знаходзіцца. Яны абсалютна не выконваюць правілы самаізаляцыі, сілкуюцца ў агульных сталовых, кантактуюць адзін з адным. Паводле маіх звестак, сярод жыхароў гэтага манастыра шмат хто захварэў, - 16 чалавек на гэты момант, - распавядае медык. - Некаторыя шпіталізаваны ў нас, некаторыя ў Менску, некаторыя ў манастыры засталіся.

Як кажа медработнік, першы станоўчы тэст на каранавірус, узяты ў жыхароў манастыра, у бальніцу прыйшоў 22 красавіка.

У самым манастыры расказаць, што ж там адбываецца і якая эпідэмічная сітуацыя, адмовіліся. Таксама там адзначылі, што ў іх няма такой колькасці насельнікаў (гэта паслушнік або манах, які пастаянна пражывае ў манастыры, чалец манастырскай браціі. - Заўвага.), як кажуць медыкі. Паводле інфармацыі на сайце Барысаўскай епархіі, там пастаянна жывуць блізу 20 чалавек.

- Інфармацыі мы ніякай не даем, - сказалі ў манастыры.

Там таксама дадалі, што «ў царкве ніхто не заражаецца».

У Барысаўскай епархіі не пацвердзілі, што ў манастыры ёсць хворыя.

- Па каранавірусу пацверджанняў няма. Але кляштар зачынены для наведванняў у сувязі са складаным эпідэмічным становішчам. Унутраны распарадак у манастыры застаўся ранейшым, але для наведвальнікаў кляштар зачынены, - распавёў прэс-сакратар Барысаўскай епархіі іерэй Ігар Васько.

Нагадаем, Лукашэнка на Вялікдзень запаліў свечку ў Свята-Благавешчанскім Лядзенскім храме, які знаходзіцца на тэрыторыі манастыра.

Напісаць каментар 26

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках