«Сітуацыя ў Гомельскай клінічнай бальніцы №2 крытычная»
17- 27.04.2020, 19:49
- 79,766
ІЛЮСТРАЦЫЙНЫ ЗДЫМАК З САЙТА: BELSAT.EU
Медсястра з Гомеля распавяла пра арганізацыю працы персаналу ва ўмовах неаб'яўленай эпідэміі.
Невядома, што будзе, як наступіць спякота - скардзяцца медсёстры, якія гадзінамі не здымаюць ахоўныя халаты. Адна з медсясцёр распавяла «Белсату» пра паводзіны пацыентаў і пра арганізацыю працы персаналу ва ўмовах неаб'яўленай эпідэміі.
Гомельская гарадская клінічная бальніца №2 у Медгарадку яшчэ нядаўна была падзеленая на гінекалагічнае, кардыялагічнае, неўралагічнае, уралагічнае аддзяленне, а таксама аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі. Зараз усе яны перапрафіляваныя пад пацыентаў (у тым ліку з вобласці) з сімптомамі ВРВІ - дарослых і дзяцей. Кожнаму робяць некалькі тэстаў на каранавірус. «Станоўчых» пераводзяць у Гомельскую інфекцыёнку. Інтэрв'ю «Белсату» на ўмовах ананімнасці дала медсястра Таццяна (імя змененае).
- Як пачынаецца цяпер ваша працоўная змена?

- Я працую дзень праз тры. Аддзяленне ўралогіі выдзелілі ў т. зв. «чыстую зону», куды прыходзіць пераапранацца медычны персанал: лекары, медсёстры і санітаркі з усёй бальніцы. Мы разам заходзім у гэта памяшканне на змену, апранаем адмысловыя касцюмы.
Медсёстры знаходзяцца на вахце 4 гадзіны, пакуль яе не зменіць напарніца. Наступныя 4 гадзіны адпачынак, потым зноў 4 гадзіны працы і зноў адпачынак. И так цэлыя суткі. Усяго працую 12 гадзін. Адпачыць не атрымліваецца, бо ў чыстай зоне заўсёды таўчэцца народ. Напрыклад, лекары хуткай дапамогі, якія прывезлі пацыента, могуць там знаходзіцца.
- Ці стае вам сродкаў індывідуальнай абароны? Як вы працуеце ў поўным супрацьвірусным рыштунку?
- Нам выдаюць супрацьчумны халат, акуляры, маску, бахілы, пару пальчатак, фартух, нарукаўнікі. Але лекавыя сродкі для самаабароны (кроплі, якія ўвільгатняюць вочы пасля нашэння маскі, аква-спрэй у нос) мы куплялі за свае грошы. Спачатку была блытаніна страшная - прыходзіць, напрыклад, касцюм, а там маскі звычайныя марлевыя. Я адмовілася ісці ў такой экіпіроўцы працаваць, сказала «хоць звальняйце, не пайду». І тады адразу знайшлі некалькі рэспіратараў.
Вельмі цяжка працаваць у гэтых халатах. Дзяўчаты часта выходзяць з аддзялення і плачуць, так ім цяжка ў іх працаваць. Акуляры, маска. Мы ўсе мокрыя, а яшчэ ж не горача! Страшна падумаць, што будзе ў спёку. У прыбіральню я гэтыя 4 гадзіны не хаджу, трываю, каб не апранаць пялёнку (т. зв. памперс). Бо падчас дзяжурства касцюм здымаць нельга.
- Як вы ацэньваеце працу кіраўніцтва лякарні?

- Галоўны лекар бальніцы Міхаіл Мікалаевіч Міхасёў кінуў усё на волю лёсу. Маўляў, самі вырашайце як арганізаваць працу: харчаванне хворых, вываз адходаў, бруднай бялізны. Ні разу не спусціўся, каб падтрымаць медперсанал, а слова супраць скажаш - на звальненне. Галоўная сястра не вытрымала - звольнілася.
- Ці былі выпадкі заражэння каранавірусам медперсаналу ў вашым шпіталі?
Пакуль не, але нас, прынамсі медсясцёр і санітарак, і не правяралі на каранавірус, вось толькі збіраюцца на днях праверыць. Так што цяжка дакладна сказаць, Можа хтосьці бессімптомна хварэе і не ведае пра гэта.
- Колькі вы чакаеце вынікаў тэсту на каранавірус?
- Мы робім тэст на каранавірус кожнаму пацыенту. Праз два дні прыходзіць вынік, але такіх тэстаў мы можам рабіць і тры, і чатыры для дакладнага выніку.
- А якое лячэнне для вашых пацыентаў?
- Ды ніякага, робім тэст і назіраем за станам здароўя. Калі высокая тэмпература - збіваем.
Праблема яшчэ такая - дзеці і дарослыя ляжаць разам і карыстаюцца адной прыбіральняй. А спецыфіка працы з дзецьмі іншая. Дзеці, напрыклад, ляжаць са звычайнай пнеўманіяй, а падчас лячэння чапляюць і «карону». А ў дзіцячай бальніцы на вул. Жаркоўскага ёсць жа спецыяльныя дзіцячыя аддзяленні з абсталяванымі боксамі...
- Ці дапамагаюць медперсаналу валанцёры?
З «Макдоналдса» некалькі разоў на тыдзень нам прывозяць абеды. Я аднойчы ўзяла ссабойку і прынесла яе дадому, таму што нас пакармілі. Але такі стан на працы, што есці абсалютна не хочацца.
- Ці былі думкі звольніцца?

- Не, бо гэта ж несумленна. Калі медыкі будуць звальняцца, хто ж будзе працаваць? Калі я звольнюся, на маіх калег будзе большая нагрузка. Цяпер я хаджу дзень праз тры. Калі спатрэбіцца, буду выходзіць і часцей. «За свой кошт», дарэчы, кіраўніцтва не адпускае.
- Ці атрымліваеце вы абяцаныя даплаты за працу ва ўмовах фактычнай эпідэміі?
- Не, яшчэ не атрымалі нічога і людзі асцерагаюцца, што ад абяцанай сумы нешта зрэжуць. Напрыклад, са змены залічаць толькi 12 гадзін фактычнага знаходжання ў аддзяленні, а не ўсе 24 гадзіны дзяжурства.
- Як паводзяць сябе пацыенты, як адклікаюцца?
Пацыенты вельмі незадаволеныя ўсёй гэтай гісторыяй. Іх сабралі ў кучу, і яны не ведаюць, з кім яны ляжаць у палаце - а раптам з хворым на Кавід-19? Мужчына адзін апрануў сваю вопратку, паслаў медперсанал лесам, маўляў, ён у труне бачыў гэтую лякарню, і пайшоў дадому. Калегі паведамілі пра яго ўцёкі ў міліцыю. Хворым няма дзе курыць, яны вельмі злуюцца і паляць у туалетах. Іншыя пацыенты на іх скардзяцца, а тыя зноў абураюцца, дзе ім паліць. Замкнёнае кола.
- Як арганізавана харчаванне?

- Таксама галаву ламалі, як прымаць харчаванне для пацыентаў. Жанчына, якая працуе на раздачы, не мае права выйсці з аддзялення ў касцюме па ежу. Цяпер ежу ў мяшках пакідаюць каля дзвярэй.
Хворым вельмі шмат перадаюць прадуктаў. Бо ляжыць чалавек у гэтай бальніцы, і ўсе сваякі яго лічаць героем, гэта раз, і адначасова чалавекам, якому наканавана памерці. Таму прадуктаў не шкадуюць. Зойдзеш у палату, хворыя сядзяць, каўбасу топчуць і смяюцца.