26 красавiка 2024, Пятніца, 18:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

У Нью Ёрку пахавальныя бюро не даюць рады хвалі смерцяў ад каранавірусу

1
У Нью Ёрку пахавальныя бюро не даюць рады хвалі смерцяў ад каранавірусу
ФОТО: REUTERS / MIKE SEGAR

Сваякі памерлых людзей не могуць развітацца з блізкімі праз эпідэмічныя патрабаванні.

Пэт Мармо праходзіць міма 20, або блузу 20, цел памерлых людзей, звезеных у сутарэнне ягонага пахавальнага бюро ў Брукліне, здымаючы з твару ахоўную маску -так, каб яго можна было пачуць, перадае "Голас Амэрыкі".

"Кожны чалавек тут - гэта не цела, - кажа ён. - Гэта чыйсьці бацька, нечая маці, нечая баба. Гэта не целы. Гэта - людзі".

Кампанія, якая належыць Мармо, як і шмат якія пахавальныя бюро ў Нью Ёрку і ва ўсім свеце, спрабуюць даць рады раптам узнікламу крызісу, выкліканаму каласальным попытам на іх паслугі ў варунках каранавірусу, які за апошнія дні толькі ў Нью Ёрку стаў прычынай загубы тысяч чалавек.

Два ягоныя мабільныя тэлефоны і стацыянарная лінія разрываюцца ад уваходных тэлефанаванняў. На пачатку кожнай размовы ён зарання перапрашае сваякоў нябожчыка і благае іх намагаць, каб шпіталь не выдаваў цела памерлага чалавека як мага даўжэй. Звычайная занятасць ягонай пахавальнай канторы не перавышае 40-60 выпадкаў за дзень, аднак у чацвер раніцай яму даводзіцца займацца падрыхтоўкай да пахавання адразу 185 чалавек.

«Гэта надзвычайнае здарэнне. Нам патрэбная дапамога», - кажа Мармо.

Уладальнікі пахавальных бюро сутыкнуліся з дзвюма праблемамі: з аднаго боку, звышзанятыя шпіталі спрабуюць пазбавіцца ад целаў памерлых людзей, з другога – могілкі і крэматорыі зарэзэрваваныя як мінімум на тыдзень наперад, у асобных выпадках – адразу на два тыдні.

У чацвер Мармо пусціў журналістаў у сваё пахавальнае бюро, размешчанае ў Бруклінскім раёне Сансэт-Парк, каб прадэманстраваць увесь цяжар сітуацыі.

У сутарэнні бюро цяпер захоўваюцца 20 забальзамаваных целаў. Яшчэ тузін нябожчыкаў выкладзеныя ў пакоі, прылеглым да пахавальнай залы. Абодва памяшканні ахалоджваюцца кандыцыянерамі.

Паводле ягоных ацэнак, больш за 60% нябожчыкаў памерлі ад новага каранавірусу. У большасці людзей COVID-19 выклікае лёгкія або сярэднія сімптомы, аднак прыкладна 20% пацыентаў маюць патрэбу ў шпіталізацыі. Паджылыя людзі і асобы, якія ўжо маюць якія-небудзь сур'ёзныя захворванні, маюць вялікую рызыку ускладненняў і смяротных вынікаў.

«Гэта неверагодна», - паўтарае Мармо.

Ньюёрскія шпіталі выкарыстоўваюць для захоўвання памерлых пацыентаў таварныя рэфрыжэратары, і Мармо цяпер спрабуе зрабіць нешта падобнае. Гэта складана: пакуль што ён здолеў знайсці толькі адну транспартную кампанію, якая можа здаць яму ў арэнду рэфрыжэратар за 6000 даляраў за месяц. Аднак збольшага ён чуе катэгарычныя адмовы: уладальнікі фургонаў адмаўляюцца ад ягонай прапановы, бо не хочуць выкарыстоўваць свае самаходы для захоўвання трупаў.

Нават калі яму выпадзе знайсці фургон, паставіць яго будзе відавочна няма куды. Ён задае пытанн, ці можа паліцэйскі пастарунак, размешчаны праз дарогу, дазволіць яму выкарыстоўваць для гэтых мэт іхнюю пад'язную дарогу.

Яшчэ Мармо спадзяецца, што гарадское агенцтва аховы навакольнага асяроддзя часова аслабіць патрабаванні што да абмежавання часу дзейнасці крэматорыяў. Гэта дазволіла б палегчыць сітуацыю, якая складваецца.

"Мне патрэбная дапамога. Можа быць, яны дадуць мне рэфрыжэратар, або дапамогуць мне паставіць прычэп-рэфрыжэратар, у якім можна было б захоўваць целы", - кажа ён.

Патрык Кернс, дырэктар пахавальнага бюро ў Квінсе, якім ягоная сям'я валодае ўжо на працягу чатырох пакаленняў, кажа, што гарадская пахавальная галіна ніколі не сутыкалася ні з чым падобным. Ягоная сям'я дала рады сітуацыі, якая ўзнікла ў выніку тэрактаў 11 верасня 2001 года, аднак нават тады такой плыні памерлых людзей, як гэта адбываецца цяпер, не было.

Цяпер усё значна складаней. Кампанія Кернса, размешчаная ў Рэга-Парку, знаходзіцца толькі за некалькі хвілін ад шпіталю ў Элмгерсце - раёне, які стаў галоўным эпіцэнтрам выбуху каранавірусу ў Нью Ёрку. У першай палове сакавіка ў чатырох пахавальных бюро, якія належаць сям'і Кернсаў, было праведзена 15 набажэнстваў. Пасля 15 сакавіка гэтая колькасць вырасла да 40.

Як і Мармо, Кернсу давялося пераабсталяваць невялікую пахавальную залу ў імправізаваную трупярню, якая ахалоджваецца кандыцыянерам. Дырэктары іншых пахавальных бюро расказалі, што яны гатовыя зрабіць аналагічныя захады.

Моцны ўсплёск смерцяў супаў з жорсткай забаронай на масавыя сходы людзей - памерлых хаваюць практычна ў адзіноце.

На адных з могілак у Квінсе сваякам нябожчыкаў не дазваляюць выходзіць з аўтамабіляў, адкуль яны сочаць за пахаваннем блізкага чалавека. На могілках у Бронксе ўстанавілі поўную забарону прымаць наведнікаў - дырэктару пахавальнага бюро, якому было дазволена быць на пахаванні, давялося рабіць фатаграфіі магілы на свой тэлефон, каб затым адправіць здымкі смутным блізкім. "Увесь працэс пахавання ператварыўся ў нешта накшталт ізаляцыі, не прапаноўваючы ніякай падтрымкі смутным родзічам памерлых людзей", - кажа Боні Дыксан, прэзідэнт могілак Мэпл-Груў у Квінсе.

Джэкі МакКуэйд, супрацоўніца пахавальнага бюро Schuyler Hill ў Бронксе, пакутуе ад таго, што ёй даводзіцца адмаўляць сваякам памерлых у прысутнасці на пахаванні. Аднак яна не мае вялікага выбару.

Адны з кладоў, з якім яна працуе, забаранілі ўваход для сем'яў і сяброў нябожчыкаў. Да месца пахавання пусцілі толькі яе і святара. Джэкі сфатаграфавала апушчаную ў зямлю скрыню з прахам, спадзеючыся, што гэта дапаможа суцешыць сваякоў памерлага чалавека.

«Мы б з’ехалі з глузду, калі б гэта здарылася з кім-небудзь з нашых блізкіх. Мы прыносім дрэнныя навіны на фоне сумнай сітуацыі", - кажа МакКуэйд.

Мармо скардзіцца на бессань: ён увесь час асцерагаецца таго, што можа забыцца нешта важнае, пра што яго просяць сваякі памерлых людзей, да прыкладу, зняць з пальца нябожчыка пярсцёнак да адпраўлення цела на крэмацыю.

У пятніцу ён арганізуе пахаванне 36-гадовага машыніста ньюёрскага мэтро, які загінуў на мінулым тыдні, дапамагаючы эвакуаваць пасажыраў з ахопленага агнём цягніка. У капліцы будуць пастаўленыя 10 крэслаў, размешчаныя ў два шэрагі з адлегласцю 2 мэтра паміж кожным. Гэта максімум, што можна зрабіць у варунках патрабаванняў выконваць сацыяльнае дыстанцыяванне.

"Хлопец заслугоўвае пахаванне ў каньёне герояў, - кажа Мармо, маючы на ўвазе сэктар Брадвэя ў Дольным Мангэтэне, дзе ньюёркцы традыцыйна ўшаноўваюць нацыянальных герояў. - Ці атрымае ён гэта? Не атрымае. І гэта жудасна".

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках