27 красавiка 2024, Субота, 6:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

САЗ папярэджвае: каранавірус з намі надоўга

22
САЗ папярэджвае: каранавірус з намі надоўга
Фота: AFP

Ці дапаможа вакцына?

У апошнія паўгода - ад першых зафіксаваных выпадкаў COVID-19 у Кітаі да 4,8 млн інфікаваных ва ўсім свеце цяпер - каранавірус стаў вызначальнай часткай рэчаіснасці. На лагічнае пытанне: «Калі гэта, нарэшце, скончыцца» дагэтуль няма адказу. А Сусветная арганізацыя аховы здароўя выказала здагадку, што каранавірус наогул ніколі не ўдасца пераадолець цалкам, паведамляе «Громадское».

«Ніякіх абяцанняў, ніякіх канкрэтных дат. Гэтая хвароба можа ператварыцца для нас у працяглую праблему», - адзначыў Майк Раян, кіраўнік праграм што да надзвычайных сітуацый у сферы аховы здароўя САЗ. Чаму САЗ робіць такія высновы, нягледзячы на тое, што навукоўцы ўсяго свету працуюць над вакцынай, некаторыя краіны паступова здымаюць карантын, а некаторыя нават абвясцілі аб поўнай перамозе над COVID-19?

Чаму гэта надоўга?

16 траўня ў інтэрв'ю сын і дарадца прэзідэнта ЗША Дональда Трампа Эрык заявіў, што ўважае каранавірус за «выдумку дэмакратаў». Маўляў, апаненты дзейнага прэзідэнта атрымліваюць выгаду ад пандэміі. Закрываюць праз гэта прадпрыемствы і падкрэсліваюць неабходнасць выконваць захады сацыяльнага дыстанцыявання, — бо ўсё гэта падрывае аўтарытэт Трампа. У гэтым жа інтэрв'ю Трамп-малодшы назваў дакладную дату (на ягоную думку) заканчэння пандэміі.

«Яны (прадстаўнікі дэмакратычнай партыі — рэд.) мяркуюць, што адбіраюць у Дональда Трампа ягоную найважнейшую зброю, ягонан ўменне выходзіць на трыбуну і збіраць кожны раз пяцідзесяцітысячную аўдыторыю. І вы ўбачыце, як яны будуць карыстацца сітуацыяй штодня з сённяшняга дня і да 3 лістапада. І ведаеце што, пасля 3 лістапада каранавірус дзіўным чынам знікне і ўсё зноў адкрыецца», - заявіў Эрык Трамп.

Іншымі словамі, ён мяркуе, што каранавірус знікне адразу пасля выбараў прэзідэнта ЗША. І гэта крыху ірацыянальна, асабліва для краіны, найбольш пацярпелай ад каранавіруса (цяпер у ЗША 1,5 млн інфікаваных COVID-19, з якіх 90, 5 тысячы памерлі). Падыход, які «прасоўвае» Эрык Трамп і якім час ад часу карыстаецца ягоны бацька, ніякім чынам не набліжае канец пандэміі, адзначаюць экспэрты.

«Вірусы, асабліва тыя, якія распаўсюджваюцца як каранавірус, не знікаюць проста так «дзіўным» чынам. Гэта не шоў-рэквізіт Пэна і Тэлера (гаворка ідзе аб англа-амерыканскім камедыйным шоў «Хто зможа падмануць Пэна і Тэлера?»). Рызыка палягае ў тым, каб спрасціць, палітызаваць тое, што напраўду з'яўляецца сур'ёзнай надзвычайнай сітуацыяй у сферы аховы здароўя», - адзначае Брус Лі, журналіст і прафесар палітыкі аховы здароўя ў City University of New York School of Public Health.

Надзеі на вакцыну і калектыўны імунітэт

Аб стане распаўсюджвання віруса сведчыць такі паказчык, як індэкс рэпрадукцыі каранавіруса: каб гаварыць аб пераадоленні віруса, ён павінен быць менш за адзінку. Гэта азначае, што на аднаго носьбіта віруса прыходзіцца менш за аднаго інфікаванага. Гэты паказчык сапраўды паступова памяншаецца, але настолькі нераўнамерна, што пакуль складана сказаць, ці стабілізуецца сітуацыя да канца гэтага года, а тым больш, ці знікне вірус цалкам.

Безумоўна, спосабам зрабіць як мага большую колькасць людзей неадчувальнымі да віруса, на які цяпер ускладзены вялікія надзеі, з'яўляецца вакцына. У ЗША яе ўжо пачалі тэставаць на людзях - больш за тое, амерыканская біятэхналагічная лабараторыя Moderna 18 траўня заявіла аб першых васьмі пацыентах, у якіх дзякуючы вакцыне выпрацаваліся антыцелы да COVID-19. Вакцына, распрацаваная Moderna - гэта невялікі генетычны код каранавіруса, які ўводзяць пацыенту. Навукоўцы запэўніваюць, што яна не здольная выклікаць сімптомы каранавірусу, а вось ахоўную рэакцыю — так.

На розныя ацэнкі для вытворчасці і масавага выкарыстання вакцыны супраць COVID-19 спатрэбіцца мінімум 12-18 месяцаў.

Масавая вакцынацыя дапаможа выпрацаваць «калектыўны імунітэт», гэта значыць, не дазволіць вірусу ў будучыні распаўсюджвацца вельмі хутка. Але, імаверна, і яна цалкам не развяжа праблему.

«Эндэмічнасць з'яўляецца новай магчымасцю, бо цяпер няма доказаў таго, што людзі пасля выздараўлення ад COVID-19 атрымліваюць імунітэт ад каранавіруса на ўсё жыццё, ці, прынамсі, на вельмі доўгі час. Акрамя таго, усякая вакцына, імаверна, не абароніць людзей назаўжды, і шанцы, што ўсе, напрыклад, у ЗША будуць вакцынаваныя і пасля пройдуць яшчэ і паўторную вакцынацыю для лепшай абароны, фактычна, роўныя нулю. Да таго ж, гэтаму могуць перашкодзіць і кампаніі супраць вакцынацыі», - тлумачыць Лі.

Навукоўцы спадзяюцца, што некалькі наступных месяцаў стануць пераломнымі ў барацьбе з вірусам, калі атрымаецца паменшыць тэмпы яго распаўсюджвання, перасцерагаючы, што неўзабаве ён можа вярнуцца зноў.

«Зіма можа даць імклівы рост колькасці выпадкаў інфікавання. Гэта можа супасці з пачаткам сезону грыпу, а гэта час, калі лякарні і лекары ўжо ладна загружаныя», — кажа Майкл Хэд, старэйшы навуковы супрацоўнік у галіне глабальнай аховы здароўя ўніверсітэта Саўтгемптана.

«Цяпер спробы паказаць нейкую дакладную дату заканчэння пандэміі - гэта як варажба на крыштальным шары», - кажа Сайман Кларк, прафесар клетачнай мікрабіялогіі ўніверсітэта Рэдынга ў Вялікай Брытаніі. Ён падкрэслівае: усе прагнозы рабіць немагчыма праз тое, што гэта новы вірус, недастаткова вывучаны. Да таго ж, ледзь ці не галоўнай складанасцю з'яўляецца «незаўважнасць» сімптомаў каранавіруса ў некаторых яго носьбітаў. А яшчэ — беспрэцэдэнтныя маштабы пандэміі.

Што маюць на ўвазе Лі, Кларк і экспэрты САЗ, якія не даюць суцяшальных прагнозаў? Імаверней за ўсё, COVID-19 стане эндэмічным вірусам, як, напрыклад, ВІЧ, малярыя або сезонны грып. Гэта значыць, паводле вызначэння Цэнтра кантролю і прадухілення хвароб, будзе ўвесь час прысутнічаць сярод насельніцтва ў межах пэўнага геаграфічнага раёна, асобных краін, іх частак або цэлых рэгіёнаў. Але ў адрозненне ад пандэміі - а цяпер каранавірус мае менавіта такі статус -інфекцыя не будзе распаўсюджвацца так інтэнсіўна. І галоўнае: яе ўспышка будзе «прадказальнай» у адрозненне ад эпідэміі або пандэміі.

Новая рэальнасць

Намеснік старшыні САЗ Сумія Свамінатан дае больш канкрэтныя прагнозы аб часе, які спатрэбіцца, каб узяць сітуацыю з распаўсюджваннем каранавірусам пад кантроль — блізу пяць гадоў. Паводле яе слоў, дакладней сказаць не атрымаецца - усё залежыць ад вялікай колькасці фактараў: ці будзе вірус мутаваць, ці ўдасца стварыць сапраўды эфектыўную вакцыну і наколькі жорсткім будзе карантын у розных краінах.

І ў чаканні вакцыны пакуль у аддаленай перспектыве Еўропа і ЗША ўжо паступова аслабляюць абмежаванні. Лідары краін кажуць, што ў кожным выпадку трэба прывыкаць да «суіснавання» з каранавірусам — у тым ліку праз эканамічныя страты карантыну. І ўсё ж САЗ падкрэслівае: вяртанне да жорсткага карантыну, які спрацаваў у Кітаі, Тайвані і шэрагу іншых краін, вельмі імавернае.

Акрамя рызыкі новай хвалі інфікавання праз паслабленне абмежаванняў, трэба быць гатовымі і да іншых новых праблем, папярэджвае ААН. У сваім нядаўнім дакладзе арганізацыя папярэдзіла аб яшчэ адным крызісе - псіхалагічным. «Ізаляцыя, страх, няўпэўненасць, эканамічныя ўзрушэнні — усё гэта выклікае ці можа выклікаць моцны псіхалагічны стрэс», — адзначыла дырэктарка дэпартамента САЗ у галіне псіхалагічнага здароўя. З яе слоў, сітуацыя з каранавірусам асабліва ўдарыць па эмацыйнаму здароўю дзяцей, падлеткаў і работнікаў аховы здароўя.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках