26 красавiка 2024, Пятніца, 12:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Трайпл» алігарха Чыжа прызнаў сябе банкрутам

12
«Трайпл» алігарха Чыжа прызнаў сябе банкрутам
ЮРЫ ЧЫЖ
ФОТА: KP.BY

Заява накіраваная ў Эканамічны суд Менска.

Група «Трайпл» накіравала ў Эканамічны суд Менска заяву пра эканамічную неплацежаздольнасць (банкруцтва). Агульны памер крэдыторскай запазычанасці можа дасягаць 197,2 млн рублёў, вынікае з ліста «Трайпла» ў суд, паведамляе tut.by.

Юрыю Чыжу належыць 66,5% «Трайпла». Астатняя дзель пароўну падзеленая паміж аўтарытэтнымі расейцамі – Язэпам Аксенцавым і Міхаілам Маміяшвілі (16,75% у кожнага). Яны атрымалі гэтую дзель пасля рэзананснага «разводу» Юрыя Чыжа са сваім шматгадовым партнёрам Уладзімірам Япрынцавым.

Галаўная арганізацыя «Трайпл» мае пяць філіялаў – рэстаран «Залаты грабеньчык», лядовая арэна ў Бярозе, гарналыжная база «Лагойск», сельгаспрадпрыемства «Трайпл-Агра» і спа-цэнтр у Менску. Ва ўсіх гэтых кампаніях працуе 345 чалавек.

Завінавачанасць перад крэдыторамі ў «Трайпла» на 30 красавіка складала 99,3 мільёна рублёў. Асноўны крэдытор «Белаграпрамбанк». «Трайпл» таксама завінаваціўся персаналу 246,3 тысячы рублёў і бюджэту 175 тысячаў рублёў.

Плюс да гэтага ў «Трайпла» маюць абавязальніцтвы ў дамовах даручальніцтва. Сумарна выходзіць 97,8 мільёнаў рублёў. Рэсурсы браліся ў «Белаграпрамбанка», «Агралізінгу» і «АСБ Лізінг» для стварэння крамаў «Прастор», мадэрнізацыі вытворчасці будматэрыялаў на «Бярозаўскім камбінаце сілікатных вырабаў» і «КварцМелПроме».

Аднак у дачыненні да гэтых структураў ужо пачатыя вытворчасці пра эканамічную неплацежаздольнасць. Так «Бярозаўскі КСВ» сышоў у санацыю да 7 красавіка 2021 года. На стан 27 сакавіка 2020 года патрабаванні 10 крэдытораў складалі 42,7 млн рублёў. У дачыненні да «Кварцмелпрам» пачатая конкурсная вытворчасць. У кампаніі Юрыя Чыжа спадзяюцца, што суд зацвердзіць санацыю завода. Такі захад дазваляе спыніць усе выканальныя вытворчасці і стабілізаваць разлікі з супрацоўнікамі, пастаўшчыкамі і іншымі партнёрамі. Цяпер прадпрыемства працуе з поўнай загрузкай магутнасцяў. Як вынікае з матэрыялаў справы, «Кварцмелпрам» прызнаў патрабаванні крэдытораў на суму 106,8 млн руб.

Акрамя таго, судовыя выканаўцы ўжо наклалі арышт на сродкі «Трайпла» на банкаўскіх рахунках і належныя кампаніі акцыі «Менскага завода пеністых вінаў», а таксама ўвялі забарону на шэраг іншых фінансавых дзеянняў.

У кампаніі мяркуюць, што «прымусовыя захады для выканання пастановаў судоў практычна паралізуюць працу “Трайпла”». «Недастатковы аб'ём зваротных сродкаў і абмежаванні ў іх выкарыстанні вядуць да нерытмічнай працы вытворчасцяў, праз перабоі з пастаўкай сыравіны прадпрыемствы перыядычна прастойваюць, што таксама павялічвае страты», гаворыцца ў лісце «Трайпла».

Актывы групы «Трайпл», за кошт якіх можна выплаціць завінавачанасць, складаюць 157,8 млн руб. З іх 43,5 млн рублёў – гэта дэбіторская запазычанасць, 42,9 млн – доўгатэрміновыя фінансавыя ўкладанні, 44,2 млн – асноўныя сродкі. Пры гэтым у лісце «Трайпла» ў суд выказваюцца сумневы, што гэтыя сродкі здолеюць атрымаць у поўным аб'ёме.

Кіраўніцтва «Трайпла» просіць суд прыняць заяву, распачаць справу пра эканамічную неплацежаздольнасць (банкруцтва) кампаніі і прызначыць ахоўны перыяд.

Цяпер асноўны від дзейнасці «Трайпла» – гэта будаўніцтва жылых і камерцыйных аб'ектаў. У I квартале гэтага года кампанія павялічыла выручку ў 2,3 разы, да 18,7 мільёнаў рублёў у параўнанні з аналагічным перыядам 2019 года. Валавы прыбытак вырас з 381 тыс. да 7,5 млн рублёў. Прыбытак ад рэалізацыі атрыманы 5,6 млн рублёў супраць страты 1,7 млн у I квартале 2019 года. Пры гэтым чыстыя страты склалі 2,3 млн рублёў, што ў 55 разоў менш, чым год таму. Гэта тлумачыцца высокімі выдаткамі ў фінансавай дзейнасці.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках