13 лiпеня 2020, панядзелак, 20:25
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Баязлівы Лукашэнка зладзіў спектакль пагарэлага тэатра

65
Баязлівы Лукашэнка зладзіў спектакль пагарэлага тэатра

Стоп прусак! Свабоду герою!

У Горадні арыштавалі Сяргея Ціханоўскага. Раней я напісала б, што гэта вядомы беларускі блогер, сёння скажу – народны герой, які вярнуў беларусам надзею на перамены.

Сяргея арыштавалі ў выніку прымітыўнай правакацыі, наладжанай трыма гэбэшнымі хабалкамі (ужо выбачце мне гэты жаргон, але назваць гэтых правакатарак жанчынамі ў мяне язык не паварочваецца). Традыцыйная легальная акцыя для збору подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдаткай у прэзідэнты жонкі Ціханоўскага Святланы (ініцыятыўную групу самога Сяргея ўлады адмовіліся рэгістраваць) праходзіла ў звычайным спакойным і законапаслухмяным рэжыме. Пакуль на Сяргея літаральна не накінулася трупа з пагарэлага тэатра КДБ-МУС і не згуляла бяздарны спектакль.

Тысячы людзей вось ужо каторы дзень выходзяць на вуліцы беларускіх гарадоў, каб падпісацца за Святлану Ціханоўскую і засведчыць сваю катэгарычную нязгоду з тым, што адбываецца ў Беларусі і выказаць пратэст абрыдламу рэжыму Лукашэнкі.

Баязлівы экс-дырэктар саўгаса стрываць гэтага не змог і, публічна агаварыўшы Ціханоўскага, асабіста аддаў загад на правядзенне гэтай правакацыі.

Які жаласны лёс у дыктатара! Ён, напэўна, марыў пра іншую славу. Але давёў краіну і людзей да таго, што стаў асацыявацца ў беларусаў з прусакамі.

Лозунг «Стоп прусак!» стаў неверагодна папулярным у Беларусі, і на пікеты па ўсёй краіне людзі сёння прыходзяць з тапкамі, каб прыстукнуць ненавісную кузурку.

Час гэтага пудзіла даўно сышоў. Гэта відавочна. Але нам трэба нарэшце навучыцца абараняць сваіх герояў. А Сяргей Ціханоўскі – беларускі герой, які б'ецца за ўсіх нас.

Спадзяюся, прэтэндэнты на кандыдацтва ў прэзідэнты не застануцца ўбаку. Калі вы прамаўчыце – можаце стаць наступнымі. Без Ціханоўскага – гэта ўжо ўвогуле не выбары.

Наша агульная свабода і перамога – у нашых руках. Лукашэнка – ніхто, ягоны рэйтынг – 1%.

Мы ж будзем моцнымі і пераможам, калі будзем разам.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка Charter97.org