13 лiпеня 2020, панядзелак, 4:52
Сім сім, Хартыя 97!
Рубрыкі

Саша тры адсоткі

68
Саша тры адсоткі
ІРЫНА ХАЛІП

За падзенне свайго рэйтынгу Лукашэнка помсціць папулярнаму блогеру.

Саша тры адсоткі — гэта новая народная мянушка Аляксандра Лукашэнкі. Ніякай творчасці - проста рэйтынг. І справа не толькі ў дваццаці шасці гадах, цягам якіх ён утрымліваў уладу ўсімі сіламі, не грэбуючы нічым. Проста ў краіну прыйшоў каранавірус і павёў сябе непрадказальна. Лукашэнка думаў, што пандэмія яму дапаможа. Выявілася, наадварот.

Ён, нагадаю, прызначыў прэзідэнцкія выбары на 9 жніўня. Ягоная верная памочніца ў справе фальсіфікацый старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына тут жа заявіла, што ніякіх назіральнікаў - ні мясцовых, ні міжнародных - праз пандэмію не будзе, і што галасаваць усе могуць дзе заўгодна, а не па месцы рэгістрацыі (зноў жа пандэмія, закрытыя межы і разгрупаваныя па лецішчах і вёсках выбаршчыкі). Пры такіх уводных, нават калі на выбарчыя ўчасткі не прыйдзе ніводзін чалавек, прыход сфальсіфікаваць лягчэй лёгкага: ніхто не прыйшоў, бо ўсе па сельсаветах галасуюць. Нават студэнтаў на датэрміновае галасаванне ганяць не трэба.

У той жа самы час Лукашэнка склікаў людзей у царкве і на святы, а ягоныя падначаленыя сілай гналі людзей на парад (асабіста ведаю дзвюх удзельніц чумнай параднай масоўкі, выкладчыц, якіх адправілі туды па разнарадцы, — абедзве цяпер у лякарнях з пнеўманіяй). Ён падарожнічаў па гарадах і вёсках як робат і вяшчаў перад калектывамі заводаў і фабрык. Пры гэтым заўсёды знаходзіўся на адлегласці, не менш за тры метры ад працоўных мас, якія, у сваю чаргу, стаялі шчыльна і дыхалі адзін аднаму ў патыліцу, таму што ахове Лукашэнкі так прасцей было працаваць. Зразумела, ён прамаўляў шмат усялякіх слоў пра тое, што ніякага каранавірусу ў Беларусі няма, а памерлых называў «небаракамі» або «гэтымі» («я губернатара пытаюся, гэты ў цябе ад чаго памёр?»).

ФОТА: СЯРГЕЙ ГРЫЦ/AP

І гэта супярэчнасць — паміж зухаватай гульбой падчас пандэміі і абвяшчэннем выбараў са строгай забаронай на назіранне праз тую ж пандэмію — раптам выклікала эфект матылька. Так, апазіцыя прыняла пастанову не ўдзельнічаць у кампаніі. Таму што не бывае ніякіх выбараў у замкнёным халерным бараку (у Беларусі і без усялякіх эпідэмій іх ужо 24 гады не бывае, але гэта іншая гісторыя). Але былы палітвязень, лідар партыі «Народная Грамада» Мікалай Статкевіч прапанаваў альтэрнатыву: зарэгістраваць некалькі дзясяткаў ініцыятыўных груп актывістаў («кандыдаты пратэсту»), каб легальна выставіць пікеты ва ўсіх гарадах і пад выглядам збору подпісаў мець стасункі з людзьмі, тлумачыць, што без пратэстаў сітуацыю не змяніць, і агітаваць супраць дзейнай улады. Праўда, вывілася, што нікога агітаваць ужо не трэба.

Адзін з «кандыдатаў пратэсту» - гомельскі блогер Сяргей Ціханоўскі. Ён вядзе даволі папулярны ў Беларусі ютуб-канал «Краіна для жыцця». Не, Ціханоўскі нікога не выкрывае. З ягоных уласных слоў, «гісторыі простых беларусаў і кейсы прадпрымальнікаў лепш за ўсё раскажуць аб тым, што трэба змяніць у Беларусі, каб пабудаваць краіну для жыцця». У канала 220 тысяч падпісчыкаў. Для дзявяцімільённай Беларусі гэта шмат. А яшчэ сваімі хамавата-харызматычнымі манерамі Ціханоўскі вельмі падобны да Аляксандра Лукашэнкі ўзору 1994 года. Невядома — што паслужыла прычынай, - іміджавае падабенства, папулярнасць канала або проста вясновае абвастрэнне, але 6 траўня Ціханоўскага затрымалі і пасадзілі на 15 дзён - за «ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве» 20 снежня мінулага года (у той дзень блогер вёў стрым у Менску з мітынгу супраць інтэграцыі з Расеяй). Дакументы ў ЦВК прынесла ягоная жонка Святлана з даверанасцю, але ў яе іх не прынялі: на заяве, сказалі ў выбаркаме, няма асабістага подпісу мужа, які адбывае арышт. Але Святлана Ціханоўская не спалохалася: яна тут жа напісала заяву і зарэгістравала ўласную ініцыятыўную групу з тым жа складам, а мужа запісала яе кіраўніком. І яе зарэгістравалі - эфект нечаканасці часам спрацоўвае.

ФОТА: НАТАЛЛЯ ФЯДОСЕНКА/ТАСС

Да пачатку збору подпісаў Ціханоўскага вызвалілі, і пікеты ператварыліся ў сапраўдныя масавыя акцыі. Людзі ў розных гарадах стаялі ў чэргах, каб паставіць подпіс. Стаялі і па тры, і па чатыры гадзіны. А паколькі ўсе дысцыплінавана выконвалі дыстанцыю, то чэргі расцягваліся на некалькі кварталаў. Дарэчы, пікеты іншых прэтэндэнтаў, якія размяшчаліся непадалёк, таксама не адрозніваліся адсутнасцю падпісантаў. Паставіць подпіс за былога кіраўніка «Белгазпрамбанка» Віктара Бабарыку і былога дырэктара Парку высокіх тэхналогій Валерыя Цапкалу, які да парку быў памочнікам Лукашэнкі, часта падыходзілі тыя ж людзі, якія толькі што падпісваліся за Ціханаўскую. На пытанні блогераў і журналістаў «А за каго вы прыйшлі падпісацца?» большасць адказвала: «Супраць Лукашэнкі».

Сітуацыя люстраная. У 1994 годзе беларусы галасавалі зусім не за Лукашэнку, а супраць Кебіча. Вячаслаў Кебіч, тагачасны кіраўнік урада, заставаўся чалавекам з савецкай наменклатуры, што і вызначыла выбар народа. А пасля гэтага народу ўжо ніхто не дазваляў выбіраць. І цяпер праз шмат гадоў той жа народ ідзе падпісвацца «супраць Лукашэнкі».

Аляксандр Рыгоравіч пра свае тры адсоткі ўсё ведае. А градус нянавісці ён убачыў.

Калі раней людзі падпісваліся ціха, а камер пазбягалі, то цяпер яны займаюць чаргу не толькі, каб падпісацца, але і для таго, каб сказаць у мікрафон або камеру: «Дастаў! Сыходзь! Сіл больш няма цябе трываць!»

Гэта яшчэ адзін крок да свабоды. Наступны - выхад на вуліцу ўжо не дзеля подпісу. Праўда, паміж гэтымі крокамі бываюць дыстанцыі вялізнага памеру. А бываюць і міліметры.

Рэакцыя рушыла ўслед неадкладна. 29 траўня Лукашэнка прыехаў на Менскі трактарны завод і падчас сустрэчы з працоўнымі пачаў, як водзіцца, казаць аб тым, што яго хвалюе, — у першую чаргу пра Сяргея Ціханоўскага. Назваў яго «шалудзівым, які тут ходзіць, крычыць па Менску, ды і ў іншых гарадах. Але мы ведаем, на чыіх аўто ён ездзіць, хто яго фінансуе. Мы ведаем, адкуль ён прыехаў, якое ў яго грамадзянства і іншае. Мы ўсё гэта ведаем». Узгадаў Лукашэнка і банкіра Бабарыку («Хай падумае, кім ён будзе працаваць пасля выбараў»), і свайго былога памочніка Валерыя Цапкалу («Ён, праўда, хітруе. Не кажа, чаму яго прэзідэнт звольніў. Але гэта вы ў яго спытайце — чаму я яго звольніў. Няхай шчыра раскажа. І потым не захочацца ісці на выбары. Але ён шчыра не скажа. Трэба - скажам, але мы не хочам займацца гэтым кампраматам»). Праўда, гэта было сказана хутчэй мімаходзь, каб памяталі сваё месца і таўшчыню дасье. А вось з нагоды Ціханоўскага Лукашэнка недвухсэнсоўна выклаў сцэнар таго, што з тым адбудзецца даслоўна праз некалькі гадзін:

«Мужыкі там кіпіш паднялі: дзесьці хтосьці ходзіць, крычыць. Нядаўна мне прэс-сакратарка далажыла: міліцыянта абразіў, калі яму зрабіў заўвагу. Яны прыязджаюць крутыя, на джыпах усе - па 10-12 машын. У чужы горад прыехалі, сталі і пайшлі па плошчах, вуліцах. На гэтага хлапчука наваліліся. Ён, напэўна, толькі сёлета прыйшоў на працу, дзіця кагосьці ж. Што ты на яго накатваеш? І потым, рызыкоўныя людзі, я б на іх месцы з міліцыяй больш акуратным быў. Гэта ж карпаратыўны народ. Знойдзе магчымасць, так адкажа. Мне ўжо нялёгка даводзіцца стрымліваць іх. Нарываюцца. Правакацыя - гэта найлепшая рэклама. Яны гэта так разумеюць».

ФОТА: ВІКТАР ТАЛОЧКА/ТАСС

Але ніякіх канфліктаў з міліцыяй на пікетах у Ціханаўскіх не было. А праз чатыры гадзіны пасля паездкі Лукашэнкі на Трактарны завод Сяргей Ціханоўскі быў затрыманы. Выглядала гэта так. На пікеце ў Гародні да яго падышлі дзве жанчыны і спыталі, чаму ён збірае людзей на вуліцы падчас эпідэміі. Блогер адказаў: кіраўнік дзяржавы вызначыў, што выбары праводзіць можна. Потым яны спыталі, чаму на пікеце няма ягонай жонкі, за якую ён, уласна, і збірае подпісы. Ціханоўскі, які ўжо, мяркуючы з усяго, усё зразумеў, адказаў: «Вы правакатар. Я не хачу з вамі размаўляць», - і сышоў. Адна з жанчын пайшла за ім і пачала тузаць за вопратку са словамі: «Чуеш, ты? Ты што, наогул афігеў?» У гэты час з'явіліся супрацоўнікі міліцыі і схапілі Ціханоўскага за рукі. А разам з міліцыяй - добра пазнавальныя па звычках людзі ў цывільным, якія абступілі Ціханоўскага і міліцыянтаў. Калі яны расступіліся, міліцыянт ляжаў на зямлі. І тут жа з'явіўся АМАП, які затрымаў блогера. Разам з ім — яшчэ семярых чальцоў ініцыятыўнай групы. На наступны дзень іх перавезлі ў Менск. Афіцыйны тэлеграм-канал МУС Беларусі 30 траўня паведаміў, што распачатая крымінальная справа паводле артыкула 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўніка органаў унутраных спраў»), пакаранне — да шасці гадоў пазбаўлення волі.

Дарэчы, журналісты сфатаграфавалі жанчыну, якая правакавала Сяргея Ціханоўскага. І знайшлі яе ў сацыяльных сетках. А яшчэ ў чаце «Распусная Беларусь». «Прыемная дзяўчына пышных формаў» прапаноўвала свае паслугі за 120 даляраў за дзве гадзіны. Тут лепш паставіць кропку.

А ў нядзелю, калі Сяргей Ціханоўскі ўжо сядзеў у менскім ІЧУ, журналісты падлічылі чаргу да пікету ягонай жонкі Святланы. 2100 чалавек. Не сумняваюся, што групу Святланы пазбавяць рэгістрацыі ў найбліжэйшыя дні. Але куды яны дзенуцца людзей, чыя нянавісць нарэшце стала мацнейшай за страх?

Ірына Халіп, «Новая газета»