1 верасня 2026, aўторак, 16:34
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Папрасіла паказаць дакументы – зламалі палец»

30
«Папрасіла паказаць дакументы – зламалі палец»
Александр Венгура

Маці фермера з Прудка расказала падрабязнасці ператрусу.

5 траўня жыхар Прудка Аляксандр Венгура расказаў Сяргею Ціханоўскаму на канале «Краіна для жыцця» пра цяжкасці, з якімі ён сутыкнуўся, калі надумаў заняцца фермерствам. Праз месяц, ноччу 4 чэрвеня, у дом Аляксандра, а таксама ў кватэру ягонай 72-гадовай маці Тамары Фёдараўны, з яе словаў, уварваліся людзі ў цывільным. Дзейнічалі, кажа, настолькі груба, што ў пенсіянеркі зламаны палец.

Жанчына ў размове з tut.by 13 чэрвеня плача – але, кажа, не праз траўму рукі, а ад страху і бездапаможнасці. Хоць кісць і частка запясця ў яе цяпер у гіпсе: безыменны палец пераламаны ў двух месцах.

– Я вельмі баюся за Сашку. 20-га яго павінны выпусціць. Але я не разумею, за што яго схапілі.

Яе сыну далі 15 сутак арышту нібыта за непадпарадкаванне міліцыі і дробнае хуліганства. 4 чэрвеня, у ноч ператрусаў, яго не затрымалі, але не наступны дзень Аляксандр пайшоў у аддзяленне міліцыі, каб забраць канфіскаваны падчас ператрусу ноўтбук – і больш не выйшаў.

– Мы два дні шукалі яго, нам ніхто не паведамляў, дзе ён і што з ім – і толькі ў судзе даведаліся, што ім усім далі суткі за хуліганку і непадпарадкаванне. Ну які з яго хуліган? Ён займаўся фермерствам і сваіх звяркоў любіў больш за ўсё на свеце.

Пра падзеі ночы 4 чэрвеня пенсіянерка да гэтага часу згадвае з моцным хваляваннем, голас дрыжыць.

– У гадзіну ночы нехта пачаў гучна грукаць у дзверы. Я была з 10-гадовай унучкай. Мы спалохаліся. «Адчыняй! Міліцыя!» Я спачатку кажу: «Якая яшчэ міліцыя ў такі час?» Праз хвілінаў 15 зноў стукаюць – і Сашка мой за дзвярыма гаворыць. Я адчыніла, зайшлі людзі ў цывільным, адзін быў у бронекамізэльцы. Ну, і пачалося.

Тамара Фёдараўна расказвае, што папрасіла невядомых мужчынаў паказаць дакументы, працягнула руку, адзін з іх тузануў яе і адштурхнуў. Жанчына ўпала на тумбачку і адчула моцны боль у кісці.

Паводле ейных словаў, людзі, якія прыйшлі да яе ў кватэру, былі ўзброеныя, унучка гэтага спалохалася.

А 9 гадзіне раніцы Тамару Фёдараўну ў прыёмнае аддзяленне лякарні адвёз адзін з тых, хто праводзіў ператрус. Там жанчыне зрабілі здымак рукі – але там, кажа, ніякіх пашкоджанняў не ўбачылі.

– Сказалі, што ў вас гематомы толькі, далі даведку, што пераломаў няма.

Пенсіянерку прывезлі дадому.

А на наступны дзень яна напісала заяву ў міліцыю – што падчас ператрусу атрымала траўму рукі. Яе адправілі да судмедэкспертаў, каб той даў выснову пра цяжкасць траўмы.

– Гэтая жанчына-экспертка мне параіла схадзіць на паўторны здымак. Сказала: «Я ж бачу з вашай рукі, што ў вас пералом або разрыў звязак»

У панядзелак Тамара Фёдараўна схадзіла ў паліклініку і зрабіла здымак, які паказаў пералом безыменнага пальца ў двух месцах. Жанчыне наклалі гіпс.

Цяпер Тамара Фёдараўна не ведае, як управіцца з гаспадаркай сына. Трава, гаворыць, не кошаная, карова вось-вось павінна ацяліліся. Аляксандра павінны выпусціць 20 чэрвеня.

Напісаць каментар 30

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках