Чарнагорскі футбаліст БАТЭ: Мінск адрозніваецца ад балканскіх гарадоў
3- 1.09.2026, 16:05
Лука Джорджэвіч распавёў, як абжываецца ў Беларусі.
Чарнагорскі форвард БАТЭ Лука Джорджэвіч таксама распавёў пра свае кулінарныя прыхільнасці.
— Табе падабаецца ў Мінску?
— Вельмі. Ён адрозніваецца ад балканскіх гарадоў, але нейкае падабенства, напэўна, можна знайсці з Бялградам. Хаця розніца ўсё ж адчуваецца. Мне спадабаўся цэнтр горада. «Маяк Мінска» — месца, у якім я жыву, — таксама вельмі зручнае. Мне падабаецца, што тут шырокія вуліцы, шмат кафэ, дзе можна адпачыць, шмат сем'яў, людзі гуляюць з дзецьмі. Ну, а побач з Нацыянальнай бібліятэкай ёсць невялікі парк. Я там бываю ледзь не кожныя два-тры дні: гуляю і магу проста паседзець на лаўцы, як пенсіянер. Мая жонка Ёвана (у нас двое сыноў: Матея і Аляксей) правяла ў Мінску тыдзень, і ёй горад таксама спадабаўся. Але яна вымушана была з'ехаць у Падгорыцу: пачынаецца навучальны год.
— Якія нашы прадукты ты ўжо паспеў ацаніць?
— Мне вельмі падабаецца хлеб. Яшчэ я спрабаваў дранікі, але ў тым месцы, дзе быў, яны мне не спадабаліся. А так можна казаць? Мяне не прыб'юць?
— Цябе захочуць імі накарміць!
— А, ну тады дамо ім яшчэ адзін шанец!
— Чаго табе не хапае з балканскай кухні?
— Я ведаю, што ў вас папулярная фасоля. І вось такіх страў з фасоляй у нас вельмі шмат. Ці, напрыклад, сарма [балканскія галубцы]. Ну, а ў астатнім усё ёсць у вашых крамах.
— Цэны ўжо параўнаў з чарнагорскімі?
— Так, у некаторых месцах яны супастаўныя, але ў Чарнагорыі нядаўна адбыўся рэзкі рост цэн, таму ў нас яны ўсё ж будуць вышэй, — сказаў Джорджэвіч у інтэрв'ю «Онлайнеру».